БАТЭ ў Берасці разграміў мясцовае «Дынама»


[/vc_column_text][vc_column_text]Чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ пачаў новы сезон з буйной перамогі. 2-га красавіка ў Берасці барысаўскі клуб разбіў «Дынама».

Узімку «Дынама», якое мае сурʼёзныя фінансавыя праблемы, страціла практычна ўсіх гульцоў асноўнага складу. Клуб пакінула 14 футбалістаў, на змену прыйшла моладзь: тры расейцы, адзін таджык ды адзін нігерыец – Сымон Агар, які ўжо раней гуляў за «Дынама».

Цікава, што вопыт гульні ў вышэйшай лізе ва ўсіх гульцоў берасцейцаў – гэта 279 матчаў. У той жа час адзін толькі форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў згуляў у вышэйшай лізе 324 матчаў і забіў 122 галы. У той жа час на рахунку ўсіх гульцоў «Дынама» – толькі 27 галоў у элітным дывізіёне. Цяжка параўноўваць і бюджэты каманд: $ 350 тыс. у «Дынама» і $ 5 млн у БАТЭ.

Затое берасцейскае «Дынама» піша прозвішчы гульцоў па-беларуску. Такіх клубаў у эліце цяпер будзе шэсць: яшчэ менскае «Дынама», «Гарадзея», «Крумкачы», «Тарпеда-БеЛАЗ» і «Нёман» (запасны камплект формы). У 2015 годзе такіх каманд было 3, а ў 2014 наагул ніводнай.

«Дынама» вяло гульню на роўных з БАТЭ, пакуль былі сілы. Чэмпіён Беларусі асабліва нікуды не спяшаўся, чакаючы памылак гаспадароў, і ўрэшце дачакаўся, двойчы злавіўшы суперніка на контратаках.

У выніку Міхаіл Гардзяйчук ды Ігар Стасевіч рэалізавалі выхады адзін на адзін з галкіперам. А адразу пасля перапынку Рамазан Ісаеў скараціў разрыў у ліку да мінімуму і стварыў ілжывую ілюзію, што ў «Дынама» быў шанец выратаваць гульню, але надзею згасілі Аляксей Рыас і Ігар Стасевіч, які аформіў дубль. У выніку буйная перамога БАТЭ – 4:1.

Астатнія матчы стартавага туру прынеслі наступныя вынікі: «Белшына»–«Крумкачы» – 1:1, «Славія»–«Слуцк» – 1:1, «Тарпеда-БелАЗ»–«Дынама» (Менск) – 0:2, «Гарадзея»–«Шахцёр» – 0:1, пазней адбудуцца гульні «Менск»–«Віцебск» і «Нёман»–«Граніт».

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота), belsat.eu

Стужка навінаў