БАТЭ назваў імя новага трэнера. Гэта чалавек з сістэмы клубу


Толькі суткі заставаўся без галоўнага трэнера БАТЭ, далей чэмпіён Беларусі пойдзе па турнірнай дыстанцыі пад кіраўніцтвам Аляксея Багі.

З 1996 года БАТЭ ўзначальвалі пяць трэнераў. Бага – шосты, ён змяніў на трэнерскім мастку чэмпіёнаў Алега Дулуба. Звольнены трэнер быў першым галоўным трэнерам БАТЭ «звонку», і гэтак не стаў сваім.

37-гадовы Бага аддаў клубу з Барысава шэсць сезонаў як гулец, і шэсць з паловай гадоў як трэнер, працуючы ў клубе на розных пасадах. Цяпер Аляксей Бага будзе выконваць абавязкі галоўнага трэнера.

Лічыцца, што Аляксей Бага адрозніваецца аналітычным розумам і ўменнем прымаць рашэнні ў складаных сітуацыях, акрамая таго ён выдатна знаёмы з усімі гульцамі каманды і іх магчымасцямі.

Дапамагаць новаму трэнеру будзе яшчэ адзін былы абаронца БАТЭ Дзмітрый Молаш. Абодва ўваходзілі і ў трэнерскі штаб Дулуба.

Адметна, што колеры БАТЭ абараняе малодшы брат Аляксея Багі – Дзмітрый Бага. Дэбют новага рулявога БАТЭ намечаны на 13 чэрвеня, у гэты дзень каманда з Барысава прыме ў межах чэмпіянату краіны ФК Гомель.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў