Баскетбалістку Алену Леўчанку затрымалі ў аэрапорце за ўдзел у пратэстах


Алена Леўчанка

30 верасня затрымалі баскетбалістку Алену Леўчанку, якая зʼяўляецца ўдзельніцай незалежнага руху спартоўцаў SOS BY. Адваката Алены Леўчанка Міхаіла Кірылюка не пускалі да затрыманай спартоўкі. Баскетбалістка была дастаўлена ў Ленінскі РУУС і пазней, калі яна атрымала 15 содняў арышту, у ізалятар на вуліцы Акрэсціна.

30 верасня ранкам Алена Леўчанка патэлефанавала адвакату Міхаілу Кірылюку і распавяла, што яе затрымалі ў аэрапорце перад адʼездам на планавае лячэнне і рэабілітацыю (ёсць афіцыйныя дакументы). Прычынай затрымання стаў удзел у масавых акцыях. Баскетбалістка была дастаўлена ў Ленінскі РУУС і пазней у ізалятар на вуліцы Акрэсціна.

Паводле Алены, яе абвінавачваюць па частцы 1 артыкулу 23.34 КоАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Адваката Алены Леўчанка Міхаіла Кірылюка не пускаюць да затрыманай спартоўкі, сама яна знаходзіцца на Акрэсціна. Невядомы працаўнік міліцыі, які адмаўляецца прадставіцца, кажа, што пабачыцца з падабароннай немагчыма праз каронавірус.

«Алена была падрыхтаваная, але ніхто не думаў, што яна атрымае максімальны тэрмін», – кажа Міхаіл Кірылюк, адвакат баскетбалісткі Алены Леўчанкі, якая сёння атрымала 15 содняў.

Алена раней аніколі не прыцягвалася па арт. 23.34, у яе адміністрацыйныя парушэнні – толькі за парушэнне ПДР. Міхаіл падкрэслівае, што ў яго было шмат пытанняў да самога працэсу. Напрыклад, Алена патэлефанавала яму а 7:10, але ў пратаколе быў запісаны іншы час затрымання.

«Мне не далі папрысутнічаць ані ў РУУСе, ані на Акрэсціна, не далі сфатаграфаваць матэрыялы справы, я заявіў у судзе, што калі мне робяць перашкоды абароне майго кліенту, то гэта падстава для адмены прыцягвання па адміністрацыйнай адказнасці. Але суд вырашыў інакш».

Ён падкрэсліў, што Алена не лічыць сябе вінаватай у чымсьці. Таму, натуральна, прысуд будзе абскарджаны.

  • Алена Леўчанка выступала за зборную Беларусі па баскетболу з 2001 году. Брала ўдзел у нядзельных маршах пратэсту, адкрыта выказвалася супраць гвалту сілавікоў.
  • «Вольнае абʼяднанне спартоўцаў Беларусі» заклікае падтрымаць Алену Леўчанку. Спартоўцы просяць неабыякавых сабрацца каля Ленінскага РУУС а 12.00 на знак салідарнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў