Барсэлона – за свабоду арыштаваных беларусаў

25 чэрвеня ў Барсэлоне прайшла маніфестацыя ў падтрымку людзей, арыштаваных беларускімі ўладамі ў апошнія тыдні. Мірная дэманстрацыя сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў.

Фота: Зміцер Кажурын / Belsat.eu

Акцыя салідарнасці з беларусамі, якія былі арыштаваныя, затрыманыя і аштрафаваныя, стартавала а 18:00 па мясцовым часе насупраць беларускага консульства. У акцыі ўзялі ўдзел каля 200 чалавек.

«Мы на 97 % не твая ўласнасць», «Спыніце рэпрэсіі ў Беларусі», «Свабоду краіне», «Беларусы хочуць галасаваць» – такія былі асноўныя лозунгі, напісаныя на плакатах дэманстрантаў.

«Я ніколі не хадзіў ні на якія акцыі, але зараз саджаць кандыдатаў пачалі яшчэ да таго як нешта адбылося. Проста так гэтых людзей саджаць бы не сталі. Гэта да якой жа ступені трэба было народ давесці, каб выйшлі людзі, накшталт мяне, якія ніколі нікуды не хадзілі », – прызнаўся Павел.

Фота: Зміцер Кажурын / Belsat.eu

Асноўная частка маніфестантаў – моладзь. Шмат хто прыйшоў у цэнтр Барсэлоны з дзецьмі. У ліку ўдзельнікаў апынуліся не толькі беларусы, але таксама ўкраінцы, іспанцы і расейцы.

«Я грамадзянін Расеі, а Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, якая нагадвае мне па ступені абмежаванні свабодаў маю радзіму. Таму я лічу беларусаў удвая братамі і я хачу падтрымаць іх. Спадзяюся, яны дадуць прыклад Расеі. Перамогуць, вернуць Беларусі свабоду, правядуць першыя за 20 з лішнім гадоў сумленныя выбары », – кажа Аляксандр.

Фота: Зміцер Кажурын / Belsat.eu

Каля 18:30 удзельнікі акцыі пешшу адправіліся да галоўнай плошчы Барсэлоны – Пласа Каталунья. Лозунгі, якія заклікаюць да сумленных выбараў у Беларусі, а таксама рускамоўнае выкананне «Лестакі» – галоўнай мелодыі прыхільнікаў свабоднай Каталоніі – выклікалі падтрымку і апладысменты мясцовых жыхароў.

«Я пераехала ў Каталонію, таму што ў маёй роднай краіне мяне не ўсё задавальняла. Я працавала ў школе завучам. Здаецца, усё добра, але пастаянныя паездкі за мяжу паказалі, што можна жыць інакш. Трэба ўкараняць, даносіць гэтыя каштоўнасці да дзяцей і педагогаў. Але складана гэта рабіць пры тых правілах, якія цяпер існуюць у Беларусі. Вельмі хачу, каб у маёй краіне былі перамены», – заявіла ўдзельніца маніфестацыі Святлана.

Акцыя салідарнасці завершылася а 19:30 па мясцовым часе.

Фота: Зміцер Кажурын / Belsat.eu

Зміцер Кажурын Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны