«Бардак пачынаецца з гэтага», – Лукашэнка пра акцыю Статкевіча на Дзень Волі


Сёння падчас сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, Лукашэнка заявіў, што любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям, павiнны спыняцца імгненна, піша БелТА

Ён адзначыў, што «некаторыя грамадзяне вырашылі адсвяткаваць 100-годдзе з дня ўтварэння БНР правядзеннем несанкцыянаваных мерапрыемстваў, нягледзячы на тое, што яны былі забароненыя».

«Што хочам, то і робім. Усе павінны разумець, што бардак пачынаецца з гэтага», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Таму вы не глядзіце па баках. Не трэба глядзець, якую заяву зробіць Еўразвяз або Дзярждэпартамэнт, гэта іх справа рабіць заявы. Але не дай бог, нам спарадзіць тое становішча, у якім сёння жывуць заходнія дзяржавы. Вазьміце Францыю — за што гінуць людзі? Няхай у нас будзе недасканалы дзяржаўны лад, але мы павінны гарантаваць бяспеку людзей.

Таму любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям, павiнны спыняцца імгненна. Яны павінны разумець і чуць, што гэта не выдумка міліцыі», – рэзюмаваў Лукашэнка.

Нагадаем, больш за 100 чалавек былі затрыманыя ў Беларусі напрэдадні ў дзень 25 сакавіка. Частка з іх збіралася на недазволенае ўладамі шэсце ад плошчы Якуба Коласа ў Менску. Сярод затрыманых міліцыянтамі ў цывільным апынуліся праваабаронцы і журналісты. Да некаторых з іх сілавікі прымянілі фізічную сілу, завезлі ў пастарункі, але бліжэй да вечара адпусцілі.

У той жа дзень каля Опернага тэатру адбывалася санкцыянавае святкаванне, на якім, паводле розных ацэнак, сабраліся ад 10 да 20 тысяч чалавек. Па выхадзе з канцэртнай пляцоўкі людзей таксама затрымлівалі, калі бачылі ў іх бел-чырвона-белыя сцягі.

КА, belsat.eu

 

Стужка навінаў