Банкі не падманеш. Беларусам не далі зарабіць на крызісе


На хвалі эпідэміі беларусы марылі ўзяць выгадныя крэдыты. Ілюстратыўны здымак pixabay.com

Крызіс – пара стратаў, а разам з тым і магчымасцяў. Перахітрыць банкі, выйграўшы на дэвальвацыі ды інфляцыі, спакусіліся некаторыя беларусы. «Белсат» высветліў, што пайшло не так.

Кожная чацвёртая беларуская сям’я мела крэдыт яшчэ да пачатку эпідэміі. У сакавіку і красавіку колькасць пазычальнікаў вырасла: людзі падумалі, што напярэдадні дэвальвацыі ў іх атрымаецца зарабіць. Падобны пазітыўны досвед быў падчас двух папярэдніх эканамічных спадаў: беларусы бралі крэдыты на жытло і аўты, крызіс пазыкі дэвальваваў, і вяртаць банкам даводзілася ў разы меншыя грошы.

Беларускія банкі прыпыняюць выдаваць крэдыты

чарга, банкамат
Чарга па наяўныя ў банкамат.
Фота: «Белсат»

Банкі адзін за адным скарачаюць свае крэдытныя лінейкі, перастаюць пазычаць на набыццё аўтаў ды жытла на другасным рынку. Перадусім крыўдна тым, хто не думаў зарабіць на дэвальвацыі, а марыў пра кватэру ці машыну, нарэшце знайшоў адпаведны варыянт, а ўзяць крэдыт – немагчыма. Ці апраўданая гэткая палітыка банкаў?

«Гэтае рашэнне звязанае з тым, што падаюць заробкі, каля мільёну людзей могуць страціць працу. А калі ў людзей не будзе прыбыткаў ды ашчаджэнняў, банкі сутыкнуцца з невяртаннем крэдытаў», – тлумачыць рашэнне банкаў эканамічны аглядальнік, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Без крэдытнай фінансавай сістэмы немагчымая і эканоміка, і функцыянаванне хатняй гаспадаркі. Крэдыты для банкаў – крывяносная сістэма: як чалавек не можа існаваць без крыві, гэтак і банкі – без даходаў ад крэдытаў. Але і рызыкі ад невяртання пазычаных грошай могуць стаць для банкаўскай сістэмы забойчымі. Найбольшыя праблемы для іх ствараюць не перабоі з вяртаннем крэдытаў грамадзянамі, а пазыкі дзяржаўных прадпрыемстваў.

«Банкі думаюць, што рабіць са страшэннаю запазычанасцю дзяржаўных прадпрыемстваў, якія аддаваць пазыкаў не збіраюцца, бо ў іх няма грошай. А калі да гэтага дадаць яшчэ запазычанасць хатніх гаспадарак… Уся нашая банкаўская дзяржаўная сістэма зруйнуецца. Адзінай крыніцай іх існавання застанецца Нацыянальны банк, а менавіта – друкаванне грошай, а гэта, у сваю чаргу, – інфляцыйны і дэвальвацыйны падатак на ўсіх нас. Калі ўключаць друкарскі станок, то можна будзе сказаць «гудбай» стабільным цэнам, курсу долара па 2,5», – ацэньвае наступствы Яраслаў Раманчук.

Крэдыты адновяцца, але на іншых умовах

БПС-Сбербанк у ліку іншых прыпыніў выдаванне крэдытаў.
Фота: БПС-Сбербанк

Цяперашнія абмежаванні на крэдыты – не назаўсёды. Калі краіна пачне выходзіць з крызісу, банкі ўзновяць выдаванне крэдытаў, але ўмовы іх атрымання на пачатку будуць больш жорсткімі. У найбліжэйшы год банкі будуць пераацэньваць крэдытаздольнасць патэнцыйных кліентаў – лічыць эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

«Спажывецкі бум апошніх гадоў прывучыў людзей да жыцця ў крэдыт. На пазычаныя грошы набываюць тэлефоны, бытавую тэхніку, кватэры. Людзі становяцца залежнымі ад крэдытаў. Але прыбыткі не павялічваюцца. А цяпер яшчэ і крэдытныя магчымасці будуць абмежаваныя», – адзначае аналітык.

Прадвеснікі найбуйнейшага за 25 гадоў крызісу

Дэвальвацыі рубля ў мінулым навучылі банкі асцярожнасці.
Фота: «Белсат»

Само па сабе абмежаванне крэдытавання эксперты не лічаць прадвеснікам крызісу, але відавочныя іншыя чыннікі, якія дапамогуць разгарнуць найбуйнейшы за апошнія чвэрць стагоддзя крызіс у нашай краіне. Перадусім гэта жаданне ўладаў у перадвыбарчы час паказаць росквіт нашай гаспадаркі. Гэткая паказуха можа нам дорага каштаваць.

«Лукашэнка і ўрад будуць працаваць на захаванне стабільнасці, будуць друкаваць грошы і аблігацыі – усё дзеля таго, каб стварыць ідэалістычную карцінку: у нас усё добра, мадэль устойлівая, трэба дзякаваць Лукашэнку за тое, што ў нас ёсць. Калі ўрад і Нацбанк будуць імітаваць рост – гэта як алкаголіку даць бутэльку гарэлкі, каб той выпіў і не меў смагі. Але потым настане пахмелле. Такім цяжкім пахмеллем для беларускай эканомікі будзе страта 10–15 % ВУП. Тым больш што кепскі сцэнар бачны і адносна расейскай эканомікі. А 47 % нашага экспарту ідзе на Расею, альтэрнатывы ж няма, бо няма дыверсіфікацыі гандлю», – падкрэслівае хібы цяперашняй беларускай эканамічнай мадэлі Яраслаў Раманчук.

Паводле эканаміста, расплата за «паказуху» чакае нас неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў. А ўжо напрыканцы года мы можам зазнаць найбуйнейшы эканамічны крызіс, падобны да таго, што перажывала нашая краіна на пачатку 1990-х гадоў. Інакш кажучы, можам прыйсці пасля прэзідэнцкіх выбараў да таго, што было перад першымі ў гісторыі краіны прэзідэнцкімі выбарамі.

ВС Belsat.eu

Стужка навінаў