Бандарэнка стаў дырэктарам «БелГазеты»: Першы выпадак «рэйдарскага захопу», калі прадпрыемства ўсцешылася


Андрэй Бандарэнка

21 студзеня стала вядома, што дырэкцыю «БелГазеты» ўзначаліў праваабаронца Андрэй Бандарэнка. У той жа дзень былы дырэктар і асноўны ўладальнік выдання Кірыл Жываловіч (валодае 75 % актываў) у каментарах на «Facebook» журналіста Паўлюка Быкоўскага напісаў, што гэта рэйдарскі захоп рэдакцыі. Больш каментароў Кірыл Жываловіч пакуль не дае, ён абяцае больш інфармацыі пазней, калі з’явіцца юрыдычная ацэнка.

Belsat.eu паразмаўляў з Андрэем Бандарэнкам пра сітуацыю, якая склалася вакол выдання апошнімі днямі.

Як атрымалася, што вы ўзначалілі «БелГазету»?

Па-першае, я пачынаў сваю кар’еру з газеты і пасады камерцыйнага дырэктара. У канцы снежня мне стала вядома пра цяжкасці «БелГазеты», і трэба было знайсці выйсце. На гадавым агульным сходзе заснавальнікаў было прынятае рашэнне, што Жываловіч як дырэктар не прыходзіў на працу цягам года і не рабіў ніякіх крокаў дзеля нармалізацыі працы прадпрыемства. Таму прынялі рашэнне змяніць дырэктара, і абсалютна законным спосабам яго звольнілі, а мяне прызначылі на гэтую пасаду.

Кірыл Жываловіч называе гэткую змену дырэктара рэйдарскім захопам. Ці прысутнічаў ён на гэтай сустрэчы?

Не, ён не прыйшоў, хоць яму паведамілі пра сход. Гэта ягонае рашэнне. І называць рэйдарскім захопам прадпрыемства, у якога шмат стратаў і яшчэ больш пытанняў пра далейшае развіццё, смешна. Напэўна, гэта першы выпадак у гісторыі, калі «захопліваюць» прадпрыемства, якое цешылася б, калі б яго захапілі. Па-другое, змены заснавальнікаў не адбылося, змяніўся толькі дырэктар. Думаю, Жываловіч, як мажарытарый на сённяшні дзень, мусіць быць удзячны, што газета, якой ён валодае, хаця б пачала выходзіць. Бо стан быў крытычны. Больш за тое, пад Новы год «Дом друку» звярнуўся ў Эканамічны суд з пазовам да «БелГазеты». Было пытанне, што найстарэйшае выданне ў Беларусі можа прыпыніць існаванне.

facebook.com/paulyuk.bykowski

Аднак газета выходзіла, прадавалася ў шапіках.

Былі агулам праблемы з выхадам. Тое, што газета зʼяўлялася ў шапіках і працягвае існаваць, гэта дзякуючы эфектыўным захадам, якія былі распачатыя. Яшчэ б месяц – і нам бы не было пра што размаўляць.

Мы не думалі выносіць смецця з хаты. Няма задачы сварыцца з заснавальнікам. Бо ён добра разумее, якое фінансаванне патрэбнае. Шукаць грошы – не мая задача. Мая задача – кіраваць фінансава-гаспадарчай дзейнасцю прадпрыемства. Цяпер я выконваю функцыі заснавальніка і займаюся пытаннямі, якія па-за маёй кампетэнцыяй. Гэта пошук грошай ды інвестараў, наладжванне працы крэдытораў і гэтак далей.

Інфармацыю пра тое, што вы рассылалі прапанову ўзяць расейскі грант на $ 101 000 ад расейскага фонду «Открытая Белоруссия», вы абвяргаеце?

Вядома, ніякага дачынення да фонду з гэтай назвай я не маю. Нават калі б мне прапанавалі добрыя ўмовы працы, я б адмовіўся толькі праз назву. Па-другое, я маю падазрэнне, што гэта якраз ініцыяваў Жываловіч, бо ён нібыта не згодны з тым, што мяне прызначылі дырэктарам. Калі ён працягне дэструктыўную дзейнасць для газеты, мы будзем вымушаныя абнародаваць усе неправамерныя дзеянні, якія прывялі да катастрафічных наступстваў. Мы не зацікаўленыя звяртацца да праваахоўных органаў, але каб даць ацэнку ягонай дзейнасці, мы ўжо звярнуліся ў Гаспадарчы суд з пазоўнымі патрабаваннямі да Жываловіча вярнуць на прадпрыемства тыя сродкі, якія былі ім незаконна змарнаваныя.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары