«Бананавы фургон», які збірае непатрэбныя рэчы. Як прайшоў першы месяц працы новага дабрачыннага сэрвісу?


Роўна месяц таму, 19 лістапада, у Менску адправіўся ў першую тэставую паездку «Бананавы фургон», новы дабрачынны сэрвіс, які забірае непатрэбныя рэчы, але якія могуць быць карысныя іншым. Арганізатары праекту, маркетолаг Дзмітрый Камісараў і кіраўніца Настасся Шэйбак, распавядаюць пра цяжкасці працы, планы на будучыню ды тлумачаць, навошта яны збіраюць чужыя рэчы.

Настасся: «Нашая глабальная задача – папулярызацыя ідэі этычнага спажывання. Мы імкнемся максімальна выкарыстоўваць рэсурс непатрэбных рэчаў».

Дзмітрый: «Першапачаткова нашая ідэя палягала на тым, каб канвертаваць непатрэбныя рэчы ў грошы, а грошы накіроўваць на падтрыманне дабрачынных арганізацыяў. Ускосна мы плануем інфармаваць людзей аб існых дабрачынных ініцыятывах, куды, чым, хто можа дапамагчы. Архітэктура была такая, але на дадзены момант нам самім трэба выйсці на ўстойлівы ўзровень».

Дзмітрый Камісараў і Настасся Шэйбак

«Паводле фатаграфіяў у вашых сацыяльных сетках здаецца, што ўсё ідзе выдатна. Вы ездзіце на «Tesla», пазбаўляючы задаволеных менчукоў ад непатрэбных рэчаў. Раскажыце: як гэта працуе знутры?»

Настасся: «Езджу забіраю рэчы я сама, і сартую рэчы таксама я. Дапамога цяпер трымаецца на валанцёрах, і гэта надта не стабільна. Мы шукаем фатографаў, гатовых сфатаграфаваць рэчы на продаж. «Бананавы фургон» плануе пакрываць выдаткі на продажы былых ва ўжыванні рэчаў у онлайн, на «Kufar’ы» і праз «Instagram». Але ў нашым юрыдычным полі не так проста арганізаваць гэткі праект».

«Па выніках першага месяца працы і сутыкнення з рэальнасцю раскажыце: як вы плануеце развівацца далей?»

Настасся: «Цяпер мы ездзім збіраць рэчы на «Tesla», якую нам даў у часовае карыстанне вядомы бізнесовец Юрый Мельнічак. Юрый уваходзіў у склад журы конкурсу сацыяльных праектаў «Social Weekend», у якім мы сталі пераможцамі. Яго прыз быў – паездзіць на «Tesla». Ён сказаў, каб мы максімальна выкарыстоўвалі машыну для праекту, і нават прапанаваў яе забрэндаваць. Але толькі да канца гэтага месяца.

Калі мы прыязджаем, людзі пытаюцца: дзе ж ваш бананавы фургон? Дык вось у будучыні мы плануем абзавесціся такім фургонам. У планах да канца года правесці яшчэ адзін выезд з зоркай, але з кім менавіта, пакуль гэта сакрэт, інакш будзе занадта шмат ахвоных. І арганізуем аўкцыён з продажам «зорных лотаў».

ЛП, belsat.eu

Стужка навінаў