У фінаў з'явяцца тарпеды – упершыню за 70 гадоў


У Фінляндыі адбываецца масштабнае пераўзбраенне – нягледзячы на пасляваенныя абмежаванні з боку СССР.

Праграму маштабнага пераўзбраення расейская суседка, якая не ўваходзіць у НАТО, распачала некалькі гадоў таму.

Тарпеды для Суомі

На мінулым тыдні Швецыя і Фінляндыя заключылі дамову пра распрацоўку і набыццё лёгкай шведскай тарпеды тыпу «Torpedsystem 47», а таксама дамову пра арэнду тарпед тыпу «Torpedsystem 45», паведаміў сайт лагістычнага ведамства міністэрства абароны Швецыі.

Здавалася б, нічога дзіўнага, аднак навіна стварыла пэўны ажыятаж у расейскай інтэрнэт-прасторы і нават трапіла на старонкі СМІ.



Малюнак-канцэпт будучай тарпеды «Torpedsystem 47». Крыніца mv.se

Справа ў тым, што Фінляндыя цалкам пазбавілася тарпеднай зброі паводле ўмоваў Парыжскай мірнай дамовы, падпісанай 10 лютага 1947 году. Згодна з гэтай дамовай, краіна, у прыватнасці, пазбавілася права мець падводныя лодкі і тарпедныя кацеры, мець, выпрабоўваць ці вырабляць кіраваныя ракеты, снарады і тарпеды.

У пэўнай ступені адбываецца той самы «перагляд вынікаў Другой сусветнай вайны», на які так любіць скардзіцца Масква апошнія год пятнаццаць.

Нацыя з доўгай памяццю

Акрамя сучаснай зброі, была абмежаваная колькасць людзей, якія служаць у сухапутнай арміі, памежнай ахове, ваенна-паветраных сілах і флоце Фінляндыі. Краіне было забаронена мець самалёты з унутранымі бомбаадсекамі, колькасць вайсковых самалётаў абмяжоўвалася 60 машынамі.

Аднак сакрэтна фіны захоўвалі некалькі дзясяткаў тарпед нямецкай і брытанскай вытворчасці, акрамя таго сам постсталінскі СССР з 1960-х гадоў стаў гандляваць са сваім важным эканамічным партнёрам зброяй уласнай вытворчасці, у тым ліку ахоўнымі караблямі, якія мелі на ўзбраенні тарпеды, і нават некаторымі відамі ракетнай зброі. Што праўда, зараз Фінляндыя тарпед не мае.



Фінскі ракетны кацер класу «Hamina», які будзе ўзброены і тарпедамі. Фота з Twitter-акаўнта Naval Analyses

У 1990-м годзе здарылася знакавая падзея. СССР на той час істотна аслабеў палітычна і эканамічна, паступова губляў свае імперскія заваяванні 1940-х. У гэты час была заключаная міжнародная дамова 1990-га году аб уз’яднанні Нямеччыны (так званая дамова «2+4»), якая прадугледжвала і вывад савецкіх войскаў з нямецкай тэрыторыі, і адмову СССР, ЗША, Францыі і Вялікай Брытаніі ад сваіх правоў адносна Нямеччыны.

Фінляндыя амаль адразу аднабакова заявіла, што ваенныя абмежаванні Парыжская дамовы больш не актуальныя, і што яна не будзе іх прытрымлівацца. У Масквы тады не было часу і магчымасці нават выказаць «глыбокую занепакоенасць».

Украінскі будзільнік

У 1990-я і «нулявыя» гады фінская армія старалася заставацца баегатовай і сучаснай, аднак у цэлым разрадка напружанасці ў усходнееўрапейскім рэгіёне спрыяла таму, што палітыкі па большай ступені разглядалі нацыянальныя ўзброеныя сілы як магчымасць зэканоміць.

Сітуацыя рэзка змянілася ў 2014 годзе, калі ўсходні сусед захапіў украінскі Крым і пачаў неабвешчаную вайну супраць Украіны.

«Важна, каб нашыя Узброеныя Сілы мелі патрэбны рыштунак для выканання ўсіх сваіх першапачатковых заданняў. Змены ў сітуацыі з бяспекай, выкарыстанне ці пагроза выкарыстання сілы стала новай нормай. Расея паказала ў Украіне і Сірыі, што мае здольнасць і жаданне выкарыстоўваць вайсковыя сілы для дасягнення сваіх мэтаў», – заявіў міністр абароны Фінляндыі Юсі Ніінісцё.



Фінскі знішчальнік-бамбавік «F-18 Hornet»

Фінляндыя значна падвысіла выдаткі на абарону, а ў 2015 годзе фінская авіяцыя ўпершыню з канца Другой сусветнай вайны пачала праводзіць вучэнні з выкарыстаннем баявых бомбаў.

Больш за тое, фінскія ваенныя маракі маглі стаць першымі прадстаўнікамі заходніх краінаў, хто адкрыў папераджальны агонь у бок расейскіх вайскоўцаў.

Вясной 2015 году яны, падазраючы наяўнасць чужой падводнай лодкі ў водах каля Хельсінкі, скідвалі ў ваду спецыяльныя падводныя зарады – зменшаны аналаг глыбінных бомбаў, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння субмарын.

Татальная абарона і пераўзбраенне

Сталі больш гучнымі галасы на карысць таго, каб Фінляндыя стала сябрам НАТО, рэзка актывізаваліся сумесныя вучэнні з нейтральнай Швецыяй ці з краінамі Атлантычнага блока.



Дэманстрацыя супраць супрацоўніцтва Фінляндыі і НАТО. Крыніца space4peace.blogspot.com.by

У 2016 годзе краіна з насельніцтвам амаль у два разы меншым, чым у Беларусі, заявіла пра жаданне патраціць да $10 млрд на набыццё новых баявых самалётаў. Прычым для эканоміі кантракт можа быць агульным са Швейцарыяй.

Яшчэ больш за паўтара мільярда долараў пойдзе на новыя баявыя караблі і мадэрнізацыю тых, што ўжо маюцца. Гэтыя грошы ўжо застануцца ў Фінляндыі – адзін з важных плюсаў наяўнасці свайго ваенна-прамысловага комплексу.



Супрацьтанкавы рэактыўны гранатамёт «NLAW» на сумесных фінска-шведскіх вучэннях. Фота Saab

У 2017 годзе Фінляндыя замовіла дадатковыя супрацьтанкавыя пяхотныя сістэмы «NLAW», купляе новыя артылерыйскія боепрыпасы ў Нарвегіі, самыя сучасныя самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «К9» у Паўднёвай Карэі.

Усяго на паляпшэнне тэхнічнага стану нацыянальных Узброеных Сіл Фінляндыя выдаткоўвае больш за $20 млрд на бліжэйшыя пяць год.

Рацыяналізм, прагматыка і свядомасць патрэбы ў надзейнай абароне сваёй незалежнасці застаюцца прыярытэтамі фінскай палітыкі. Напрыклад, не лічачы патрэбным абмяжоўваць сябе ў канвенцыянальных сродках абароны незалежнасці, Фінляндыя не падпісала і Канвенцыю аб неўжыванні касетных боепрыпасаў.

«Фінляндыя была адной з нешматлікіх краін, якая не адмовілася ад прынцыпаў татальнай абароны, масавай службы ў рэзерве і ўсеагульнага прызыву пасля Халоднай вайны. Апошняе аслабленне бяспекі ў Еўропе паказвае, што мы мелі рацыю», – заявіў у артыкуле да 100-гадовага юбілею незалежнасці камандуючы Сіламі абароны Фінляндыі генерал Ярма Ліндберг.

Глядзіце таксама:

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

 

Стужка навінаў