Беларусь хоча змяніць структуру вышэйшай адукацыі. Змены павінен разгледзець парламент.
Віктар Гайсёнак, рэктар Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы, заявіў, што ў Кодэкс аб адукацыі могуць быць унесеныя змены: праект ужо падрыхтаваны і ў хуткім часе будзе ўнесены ў парламент для разгляду.
Згодна з ім у Беларусі зменіцца структура вышэйшай адукацыі: першай прыступкаю стане бакаўларыят, другой – магістратура.
«Бакалаўр будзе спецыялістам, гатовым да самастойнай працы. Гэта надзвычай важнае становішча, таму што ў шматлікіх краінах свету бакалаўр – гэта проста нейкая пачатковая падрыхтоўка чалавека, які, наагул, на рынку працы не вельмі каціруецца», – заявіў Гайсёнак.
Паводле Гайсёнка, упершыню ў краіне ўвядуць бесперапынную адукацыйную праграму, якая дазволіць атрымаць і спецыяльнасць, і ступень магістра – спецыяліста з паглыбленымі ведамі, гатовы да навуковай і выкладчыцкай дзейнасці або іншых складаных працаў і праектаў.
«Яна будзе арыентаваная на падрыхтоўку па асабліва складаным спецыяльнасцях – лекараў, фізікаў-ядравікоў і іншых», – цытуе рэктара РІВШ агенцтва «БЕЛТА».
Аўтары паправак плануюць значна скараціць колькасць спецыяльнасцяў у беларускіх вучэльнях.
«Цяпер мы маем амаль 400 спецыяльнасцяў на першым узроўні і ў магістратуры. Акрамя таго, ёсць яшчэ спецыялізацыі па кожнай спецыяльнасці і напрамкі – агулам атрымліваецца 1500 адукацыйных праграмаў толькі на адным ўзроўні, а па кожнай патрэбны поўны камплект дакументацыі – тыповая праграма, вучэбны план, адукацыйны стандарт», – кажа Віктар Гайсёнак.
Рэформа прапануе разбудаваць і пашырыць спецыяльнасці, а спецыялізацыі – наагул прыбраць. Вучэльні з улікам патрэбаў рынку, замоваў працадаўцаў ды ўласных магчымасцяў змогуць адкрываць «прафілізацыі» – самастойна, без узгаднення з чыноўнікамі.
Гайсёнак абяцае, што ў новую версію кодэксу закладзенае ўвядзенне адмысловага механізму – крэдытна-модульнай сістэмы – які зробіць пераход студэнтаў з адной ВНУ ў іншую без асаблівых праблемаў. Прадугледжваецца, што студэнт будзе выкарыстоўваць тыя веды і модулі, якія ён ужо атрымаў.
Меркавалася, што Палата прадстаўнікоў разглядзіць папраўкі на адкрытых слуханнях напрыканцы лістапада, але парламент не азнаёмілі з праектам новай рэдакцыі Кодэксу аб адукацыі своечасова – і слуханні давялося перанесці не больш позні тэрмін.
ДД