Ахоўнік ухмыльнуўся і павёў у «стакан». Як у турме давялі да смерці інваліда


У студзені 2016-га пасля неаднаразовых скаргаў на здароўе памёр вязень жодзінскае турмы Алег Багданаў. Восем месяцаў Марына Багданава патрабавала ад Следчага камітэту распачаць справу па факце смерці ейнага сына. СК складу злачынства ў дзеяннях працаўнікоў турмы не знайшоў. Як не знайшоў і адказу на пытанне, чаму памёр вязень.

Маці лічыць такі адказ здзекам.

«Гэта было групавое катаванне, – кажа Марыя Багданава, маці Алега. – Яму не аказалі медычнай дапамогі, хаця яны павінныя былі трымаць яго ў шпіталі. Ён хадзіў з пратэзам сэрца, перанёс цяжкую аперацыю, але сядзеў у камерах па 20 чалавек, дзе ўсе палілі».

Маці разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» апублікавала відэа з камеры назірання з апошнімі хвілінамі жыцця Алега Багданава. Ужо ў непрытомным стане турэмныя кантралёры прыносяць вязня ў падвальнае памяшканне і сваймі сіламі на працягу паўгадзіны намагаюцца рэанімаваць яго. Толькі пасля гэтага зʼяўляюцца медычныя работнікі, якія спробам па выратаванню жыцця зняволенага прысвячаюць каля пяці хвілінаў.

«Следчы камітэт павінен быў распачаць крымінальную справу за неаказанне медычнай дапамогі», – кажа кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка.

Парушэнні былі і раней: Алег Багданаў у лістах неаднаразова пісаў пра невыносныя ўмовы ў турме і пра недахоп медычнае дапамогі.

«Тэрміновая патрэбная мазь ад сінякоў і гематомаў», «Кроў бралі два разы, але вынікі не кажуць», «Таблетак не даюць, нічога не даюць – напэўна дактароў тут няма і ніхто нікога не лечыць», – зачытвае ліст свайго сына Марына Багданава.

Апошнія слова пацвярджае нават правяранне Следчага камітэту, якое прызнала, што на зняволеных нават не заводзяць карты дыспансернага назірання праз «вялікую колькасць вязняў на аднаго лекара і адсутнасць медычнае сястры».

«Мне стала кепска, у мяне анямелі рукі і ногі, я падышоў да дзвярэй, стаў крычаць, што мне дрэнна», гэта ён піша тлумачальную. «Ахоўнік адкрыў, ухмыльнуўся і павёў мяне ў «стакан». І мой сын адстаяў ад шостай раніцы да двух гадзін дня – інвалід з пратэзам сэрца », – кажа спадарыня Марына.

Але паколькі само збіццё і ўтрыманне ў карцэры не стала непасрэднай прычынай смерці, то Следчы камітэт вырашыў, што гэтыя факты да справы не адносяцца.

Смерць у беларускай турме зняволенага – чацвёртая за апошнія некалькі няма. Год таму памёр Ігар Барбашынскі (таксама ў Жодзіне), тры гады таму – Ігар Пцічкін і Арцём Карповіч. Вінаватага знайшлі толькі аднойчы. У гібелі Ігара Пцічкіна абвінавацілі фельчара СІЗА №1. Суд прысудзіў яго да 2 гадоў і 10 месяцаў турмы.

Усевалад Шлыкаў

Стужка навінаў