Багіня вулканаў прачнулася: Кілаўэа залівае Гаваі лаваю


Адзін з самых актыўных вулканаў на Зямлі, гавайскі Кілаўэа, засыпаў попелам некалькі вёсак, паліць дамы і плавіць дарогі.

Актыўная фаза вывяржэння пачалася ў першыя дні траўня і суправаджалася землятрусам у 6.9 балаў. 5 траўня раён Пуна, дзе назіраецца вывяржэнне, аб’яўлены зонаю стыхійнага бедства.

Лававае возера кратару Кілаўэа. 5 траўня 2018 г. Фота – usgs.gov

Мясцовыя ўлады абʼявілі чырвоны ўзровень небяспекі. Каля 10 000 чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Калі скончыцца вывяржэнне ніхто не ведае.

Гаваі – штат ЗША, які знаходзіцца на Гавайскіх выспах у цэнтральнай частцы Ціхага акіяну.

Апошні раз вывяржэнне Кілаўэа адбылося ў 1983 годзе. З таго часу вывяржэнні адбываюцца з рознай інтэнсіўнасцю.

Сёлетняе вывяржэнне называюць «шчылінным вывяржэннем», бо ў раёне вывяржэння ўтварылася каля двух дзясяткаў шчылінаў, праз якія на паверхню зямлі выцякае лава.

Паводле гавайскай міфалогіі, Кілаўэа лічыцца месцам, дзе жыве багіня Пеле – багіня вулканаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў