Баец з тактычнай групы «Беларусь»: Замірэння няма. Вораг выкарыстоўвае артылерыю


Вайны на Данбасе нібыта няма, але і пра мір казаць не даводзіцца. Пра канфлікт, па абодвух баках якога ваююць дзясяткі, а то і сотні беларусам, карэспандэнт «Белсату» Усевалад Шлыкаў гутарыць з байцом Тактычнай групы «Беларусь» Янам Мельнікавым.

Пятро Парашэнка абяцаў, што зʼявіцца спрошчаная працэдура атрымання грамадзянства для добраахвотнікаў. Ці вы бачыце дапамогу з боку ўкраінскай дзяржавы?

Што да мяне, то я не маю аніякага афіцыйнага статусу, я – добраахвотнік. Што да законаў, паводле якіх іншаземцы могуць падпісаць кантракт і праходзіць службу ва ўкраінскіх узброеных сілах, то так, адзін хлопец з нашай тактычнай групы, Друг Тур «дзеля эксперыменту», каб паглядзець, як яно працуе на практыцы, падпісаў кантракт. Цяпер ён праходзіць навучанне і службу ў Хмяльніцкім. Калі ўсё пойдзе паводле плану, то неўзабаве іх скіруюць на перадавую.

Але большасць беларусаў-добраахвотнікаў знаходзіцца ва Украіне «на птушыных правах». Колькі нашых суайчыннікаў цяпер ваюе на Данбасе?

Некаторыя батальёны, што раней стаялі ў АТА, цяпер вывялі. Некаторыя, як Лобаў ды іншыя нашыя хлопцы, стаяць у Песках. Некаторыя – пад Аўдзееўкай. Казаць пра колькасць цяжка. Шмат моладзі спрабуюць пайсці служыць па кантракце. Мне падаецца, што агульная колькасць – каля двух соцень.

Ці на фронце цяпер сапраўды спакойна, як кажуць? Дзе цяпер знаходзіцца твая група?

Байцы Тактычнай групы «Беларусь» раскіданыя па розных батальёнах па ўсё лініі фронту ад Марыупалю да Аўдзееўкі. На фронце збольшага спакойна, але, як і раней, на Аўдзееўскім кірунку, прамзона, дарога на Дэбальцава – у гэтых месцах час ад часу ідуць баі, вораг выкарыстоўвае артылерыю, гаўбіцы, у тым ліку 120 калібр, забаронены паводле Менскіх угодаў. Казаць пра поўнае замірэнне немагчыма.

Беларускія ўлады неаднаразова пагражалі крымінальнымі пераследам добраахвотнікам. Як доўга ты не быў на Радзіме? Ці адчуваецца такая небяспека?

І да мяне, і да нашых хлопцаў узімку ды ўвесну прыходзілі дадому, ладзілі вобшукі. Забіралі тэлефоны, планшэты. Насамрэч гэта смешна. Незразумела, навошта гэта робіцца. Я ў гэтым бачу толькі псіхалагічны ціск на бацькоў.

Зразумела, што сваёй маці я не буду пісаць «яўкі-паролі», што дзе адбываецца, якія мы плануем аперацыі. Пішу, што жывы-здаровы, паеў. Забіраць кампʼютар дзеля таго, каб прачытаць такую перапіску – смешна. Я ўдома не быў 2,5 гады і ў сувязі з крымінальнымі справамі, якімі нам пагражаюць, пакуль ёсць Лукашэнка, вярнуцца на Бацькаўшчыну я не змагу.

Ты паехаў ва Украіну, калі табе было 20 гадоў. Навошта малады беларус паехаў на вайну да суседзяў?

Я паехаў тады, калі забілі Міхася Жызнеўскага на Майдане. Да таго часу я праз інтэрнэт сачыў за падзеямі, спачуваў і падтрымліваў украінцаў. Я разумеў, што ўкраінскі народ змагаецца за сваю свабоду. Я жыву паводле прынцыпу, што калі ў брата гарыць хата, то брат яго не рабуе, а дапамагае.

28 жніўня будзе гадавіна са дня смерці нашага пабраціма Алеся Чаркашына, які загінуў у баі пад Валнавахаю. Я хацеў нагадаць, што на гадавіну смерці на ягонай магіле ўсталююць помнік. Усе, хто ахвочы, хто хацеў бы падтрымаць сямʼю Алеся і ў шанаваць ягоную памяць, я заклікаю прыйсці туды.


Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Стужка навінаў