Бабруйскія каталікі патрабуюць ад уладаў вярнуць ім касцёл




Сюжэт «Белсату» пра касцёл у Бабруйску

Нэагатычная святыня 1906 года пабудовы дагэтуль не належыць цалкам мясцовай парафіі. Вернікі пачалі збор подпісаў за аднаўленне гістарычнага выгляду касцёла.

«Касцёл у такім выглядзе – сорам для гораду»

Бабруйскі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – бадай што адзіны ў краіне, які і праз амаль 30 гадоў без атэізму не належыць каталікам. У 1968 годзе, на хвалі барацьбы з верай, камуністы знеслі высокую вежу касцёла, і «схавалі» яго за вялікім пяціпавярховым гмахам, што прыбудавалі замест вежы. У такім стане касцёл і сёння.

У прыбудаваным будынку месціліся розныя арганізацыі. Зараз там – адкрытае акцыянернае таварыства «Бабруйскбудкомплекс». Акрамя таго, да нядаўняга часу памяшканні арандавалі розныя прыватныя фірмы. Цяпер большасць будынку пустуе з-за цяжкага эканамічнага становішча будаўнічага прадпрыемства.

Ад пачатку лютага бабруйскія каталікі збіраюць подпісы за аднаўленне гістарычнага выгляду касцёла. Як распавяла ініцыятарка акцыі Наталля Волах, да дзейнасці яе падштурхнуў статус культурнай сталіцы, які сёлета надалі Бабруйску.

«Бабруйск нібыта культурная сталіца, а што мы можам паказаць? Якой культурай ганарыцца? Знявечаным прыгажэйшым касцёлам, якога дагэтуль не бачна за гмахам, што да яго дабудавалі камуністы? – задаецца пытаннямі Наталля. – Я спадзяюся, што менавіта гэты статус культурнай сталіцы дапаможа нам зварухнуць справу з мёртвай кропкі».

Сваім меркаваннем дзеліцца і акторка Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру ім.В.Дуніна-Марцінкевіча і парафіянка бабруйскай парафіі Ала Грахава:

«Гэта сорам, што наш касцёл у такім выглядзе. Сорам для гораду, увогуле, для беларусаў, што больш чым за 20 гадоў не знайшлося нікога ва ўладзе, хто быў бы зацікаўлены вяртаннем яму нармальнага выгляду. Я спадзяюся, што мы зможам нешта зрабіць нарэшце, але веры мала, бо ўжо столькі гадоў мы спрабуем, але нічога не атрымліваецца».

Будынак перад касцёлам небяспечны для святыні і людзей

Ксёндз-пробашч парафіі Андрэй Яркавец распавёў, што за мінулы год будынак перад касцёлам двойчы выстаўляўся на аўкцыён, але яго так ніхто і не набыў.

«Гэта дае надзею, што пытанне вырашыцца для нас пазітыўна. Бо гэтыя аўкцыёны вельмі нас непакоілі, існавала пагроза, што новы ўласнік будынку зачыніць для нас уваход у касцёл», – кажа Андрэй Яркавец.

Паводле яго, суседства з будынкам будаўнічага камбіната заўсёды стварала нязручнасці для парафіянаў, але апошнім часам гэта стала яшчэ і небяспечна.

«У гэтым будынку так зроблена ліўневая каналізацыя, што ўся вада з даху сцякае да нас у панадворак. Ужо столькі гадоў яна падцякае пад фундамент нашага касцёла, што гэта стала ствараць пагрозу ўзнікнення пашкоджанняў сценаў стогадовай святыні», – працягвае пробашч.

Касцёл у Бабруйску

Са сценаў будынку сыплецца тынкоўка, бо яго ніхто не рамантуе. Гэта таксама стварае небяспеку для людзей.

Да таго ж, гэтай зімой будынак не ацяпляўся. У ім адключылі ваду, з-за чаго не працуе прыбіральня, а гэта – дадатковыя нязручнасці для парафіянаў, што едуць у адзіны ў горадзе касцёл у тым ліку з аддаленых мікрараёнаў і вёсак Бабруйскага раёну.

Перамовы аб поўнай перадачы касцёла парафіі вядуцца з пачатку 1990-х гадоў, калі была адноўленая парафія. Але заўсёды знаходзяцца перашкоды для вырашэння пытання. Як адну з асноўных улады заўсёды называлі цяжкасць з перасяленнем прадпрыемства, што месціцца ў будынку – ААТ «Бабруйскбудкомплекс». Але ўжо другі год арганізацыя знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Менавіта з-за крытычнага фінансавага стану сёлета і былі адключаныя ацяпленне і вада ў будынку.

Як распавяла старшыня прафсаюзнага камітэту ААТ «Бабруйскбудкмоплекс» Любоў Сагітава, пытанне з прызнаннем прадпрыемства банкрутам амаль што вырашанае. Пад пагрозай застацца без працы зараз знаходзяцца больш за 300 працаўнікоў.

Чытайце таксама:

Такая невясёлая сітуацыя на прадпрыемстве ў той жа час дадае надзеі бабруйскім каталікам, што іхная святыня нарэшце набудзе нармальны выгляд. Ксёндз Андрэй падкрэслівае, што аднавіць вежу і званіцу парафія гатовая сваймі сродкамі. Але знесці будынак бабруйскім каталікам не пад сілу – гэта мусіць зрабіць горад.

Збор подпісаў за вяртанне бабруйскаму касцёлу гістарычнага выгляду працягнецца ўвесь сакавік. Потым подпісы будуць перададзеныя гарадскім уладам.

Марына Маўчанава, belsat.eu, фотаздымак wikimapia

Стужка навінаў