Бабруйчанін збірае подпісы за ўсталяванне помніка Алесю Адамовічу


Актывіст Андрэй Архіпенка

У родным пасёлку пісьменніка Глуша пад Бабруйскам актывіст Андрэй Архіпенка хоча стварыць сквер імя беларускага публіцыста. У цэнтры сквера размесціцца бюст Алеся Адамовіча.

«Беларускі Вацлаў Гавэл» несправядліва забыты

Ідэя ўсталявання помніка прыйшла на фоне назірання за працай па стварэнні музею Алеся Адамовіча ўсё ў той жа Глушы, распавёў Андрэй.

«Столькі гадоў ужо, а нічога не робіцца, – кажа маладзён. – Увогуле, пра Алеся Адамовіча так мала ведаюць у нас, асабліва моладзь, у школе яму вельмі мала ўвагі надаюць. Я лічу гэта вялікай несправядлівасцю. Алесь Адамовіч шмат зрабіў для Беларусі, нездарма яго завуць беларускім Вацлавам Гавэлам».

Ініцыятыву падтрымала дачка Алеся Адамовіча Наталля, яна ж дапамагла знайсці скульптара, што пагадзіўся зрабіць бюст, распавёў Андрусь. Сябар хлопца на валанцёрскай аснове распрацаваў макет будучага сквера. Сабраць сродкі на рэалізацыю задумы актывіст плануе з дапамогай краудфаундынгу і платформы «Талака».

«Усе мы бачылі, як хутка сабралі неабходную суму на помнік Тадэвушу Касцюшку. Мяне натхніў гэты прыклад», – кажа Андрусь.

Цяпер актывіст распачаў збор подпісаў за ўсталяванне помніка і перамовы з уладамі. З падпіснымі лістамі і чарнавым варыянтам макету скверу ён пайшоў да намесніка старшыні Бабруйскага райвыканкаму па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Таццяны Варанко. Яна ж узначальвае Назіральную раду дабрачыннага рахунка па зборы сродкаў на музей Алеся Адамовіча.

Сквер і бюст як альтэрнатыва музею?

Ідэолагам Бабруйскага раёну спадабалася, што зрабіць помнік выйдзе танней, чым музей. Намесніца старшыні нават прапанавала выдзеліць грошы на ідэю Андруся з тых, што ўжо паступілі на дабрачынны рахунак будучага музею. Але гэта мусіць вырашаць Назіральная рада, таму варта дачакацца яе наступнага сходу.

«Нам вельмі падабаецца ідэя такога скверу і бюсту, – кажа начальніца аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкаму Галіна Чарнова. – Галоўнае, што гэта па сродках нашмат больш рэальна выглядае, чым музей. Нам даўно трэба было заняцца нечым падобным, а не займацца амаль невырашальнымі пытаннямі».

На думку начальніцы аддзелу ідэалогіі, тыя «мільярды», што патрэбныя на стварэнне музею, наўрад ці будуць сабраныя нават праз дваццаць ці трыццаць гадоў.

«Людзі не даюць грошай, – кажа чыноўніца. – Ніякія спонсары ні ў Менску, ні ў Маскве не зацікаўленыя. Нават жыхары самой Глушы, якія на словах так ганарацца сваім земляком, не перавялі на дабрачынны рахунак ні капейчыны».

Старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і сябра Назіральнай рады Антон Астаповіч дапускае магчымасць выкарыстання сродкаў з рахунка не сцісла на музей, а агулам на мэты ўшанавання памяці Алеся Адамовіча. Тым больш, што існыя юрыдычныя нормы пакуль не дазваляюць скарыстацца ахвяраваннямі для распрацоўкі праекту. Але для гэтага трэба змяніць прызначэнне рахунка. Вырашаць будзе Рада.

«Я асабіста яшчэ б падумаў, ці пагаджацца на фінансаванне бюста з сабраных сродкаў. Але цалкам магчыма, што частку грошай можна вылучыць», – зазначыў спадар Антон.

Раённыя ўлады прапануюць не чакаць адкрыцця музею ў будынку аптэкі, дзе працавала маці Алеся Адамовіча, а зрабіць экспазіцыю ўжо цяпер, у адным з пакояў Глушанскага дому культуры.

«Гэта было б ідэальнае выйсце на сённяшні дзень, – кажа Галіна Чарнова. – Мы б у гэтым пакойчыку-музею расказвалі пра жыццё і творчасць Алеся Адамовіча, а будынак аптэкі паказвалі б як экспанат».

Не пагаджаюцца з такой ідэяй супрацоўнікі дому культуры. Яны кажуць, што ў іх няма неабходных памяшканняў, і што музей будзе стварацца коштам зручнасці працаўнікоў і наведнікаў.

Антон Астаповіч распавёў, што такі варыянт абмяркоўваўся на апошнім паседжанні Назіральнай рады, аднак ад яго адмовіліся.

«У статусе экспаната будынак прыйдзе ў заняпад, бо каб будынак жыў, патрэбна, каб ён выконваў нейкую функцыю», – падкрэсліў эксперт.

Мясцовыя ўлады: будынак аптэкі трэба знесці і сабраць па-новаму

Тое, што будынак аптэкі ў заняпадзе, прызнала і начальніца аддзелу ідэалогіі.

«На маю думку, гэты будынак трэба зносіць і наноў збіраць. Бо там усё ніякае, гнілое. Падмурак у жахлівым стане», – зазначыла Галіна Чарнова.

Андрусь Архіпенка плануе збіраць подпісы па ўсёй Беларусі. Таксама, магчыма, будзе створаная анлайн-петыцыя. На бліжэйшым паседжанні Назіральнай рады па стварэнні музею актывіст прадставіць свой праект сквера з бюстам.

Размовы пра стварэнне ў былой аптэцы ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёну, дзе працавала маці Алеся Адамовіча, музею, вядуцца даўно. У лютым 2016 года раённыя ўлады адкрылі дабрачынны рахунак для збору сродкаў на музей. На сённяшні дзень сабрана крыху менш за 6 тысяч долараў, што не пакрывае і дзясятую частку патрэбнай сумы. Іх не хапае нават на распрацоўку праектна-сметнай дакументацыі. 5 тысяч долараў з ахвяраванняў – гэта ўнёсак Святланы Алексіевіч, які яна зрабіла ў лістападзе 2016 года.

***

Алесь Адамовіч – Беларусі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 3 верасня 1927 года. Дзяцінства правёў у Глушы пад Бабруйскам. Там жа на свае вочы пабачыў Другую сусветную вайну. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Падтрымліваў стварэнне Беларускага народнага фронту. Намагаўся раскрыць праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, быў сустаршынём Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобылю». Вядомыя ягоныя творы «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесць», «Вайна пад стрэхамі», «Апакаліпсіс па графіку» ды іншыя.

Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 года, пахаваны ў Глушы.

Святлана Міхевіч belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары