«Бабін бунт». Ці прынясе аб'яднаны штаб гендарную роўнасць Беларусі?


Аб’яднанне штабоў Святланы Ціханоўскай, Валера Цапкалы і Віктара Бабарыкі сталася адною з найгалоўнейшых падзеяў гэтай выбарчай кампаніі. Тры жанчыны – Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала (штаб Валера Цапкалы), Марыя Калеснікава (штаб Віктара Бабарыкі) – здолелі зрабіць тое, пра што даўно марыла беларуская апазіцыя – аб’яднацца. Іхныя пікеты збіраюць натоўпы людзей, і не толькі ў Менску. Здаецца, кабеты ў беларускай палітыцы ніколі не былі такімі папулярнымі, як цяпер. Але ці надоўга гэта?

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Лёсавызначальнае аб’яднанне

14 ліпеня ЦВК вырашыла не рэгістраваць як кандыдатаў на прэзідэнцтва найбольш моцных супернікаў Лукашэнкі: экс-банкіра Віктара Бабарыку і экс-кіраўніка ПВТ Валерыя Цапкалу. Святлане Ціханоўскай пашанцавала болей – яна прайшла ў наступны этап і здолее пазмагацца за пасаду прэзідэнта Беларусі.

Hавiны
Пераможныя засталіся за бортам. Каго ЦВК пакінуў у бюлетэні?
2020.07.14 15:54

А ўжо праз дзень, 16 ліпеня, тры штабы абвесцілі, што яны аб’ядноўваюць свае намаганні. Гэта стала беспрэцэдэнтнай падзеяй, бо ўпершыню з 2006 года апазіцыя (хаця б яе частка) мае адзінага кандыдата на выбарах. Дадатковая пікантнасць у тым, што галоўнаю сілаю сталі жанчыны.

Філосафка і кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» ECLAB Вольга Шпарага мяркуе, што аб’яднанне стала магчыма з некалькіх прычынаў.

Вольга Шпарага.
Фота: belsat.eu

Па-першае, штабы ядналіся вакол прынцыпаў, а не праграмаў. Па-другое, у жанчын зараз няма прэзідэнцкіх амбіцыяў, яны змагаюцца за сумленныя выбары. Трэцяе – устаноўка на салідарызацыю. Чацвёртае – штабы дзейнічаюць у логіцы «нізавой дэмакратыі», дзе самае важнае – гэта супраца грамадзянаў.

«Невядома, як бы паступілі Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Сяргей Ціханоўскі, калі б яны працягвалі ўласна ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. Магчыма, у іх атрымалася б захаваць гэтую салідарнасць і еднасць, якія зараз важнейшыя за перамогу. Але зараз мы можам толькі здагадвацца», — кажа філосафка.

Гендарная даследчыца Алена Агарэлышава прызнаецца, што для яе гісторыя з новымі жаночымі тварамі ў палітыцы – гэта адначасова і збег абставінаў, і ўласныя кампетэнцыі.

Лена Агарэлышава.
Фота: архіў гераіні

«Дзякуючы дзеянням цудоўных беларускіх уладаў, Калеснікава і Ціханоўская напачатку былі прадстаўніцамі мужчынаў, якія не могуць гаварыць за сябе. Таму гэта не гісторыя, дзе тры амбітныя жанчыны вырашылі змагацца за ўладу».

Святлана Ціханоўская: маці і хатняя гаспадыня?

Святлана Ціханоўская прызнавалася, што да вясны 2020 года была звычайнай хатняю гаспадыняю і палітыкай мала цікавілася. Удзельнічаць у выбарах яна стала паняволі, калі ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ейнаму мужу.

«Напачатку яе можна было інтэрпрэтаваць як фігуру ахвяравання. Але зараз яна значна болей за гэты вобраз. Святлана выказваецца публічна, яднаецца з іншымі штабамі – я бачу нараджэнне палітычнага суб’екта», – сцвярджае Вольга Шпарага.

Hавiны
«Я хачу зноў стаць проста жонкай і мамай». Вялікае інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай
2020.06.09 09:55

Паводле яе, Святлана стала новай з’явай у публічнай палітыцы. Раней жонкі рэпрэсаваных палітыкаў не працягвалі іхную справу.

«Ціханоўская са сваёй прыватнай сферы, дзе яна звычайная хатняя гаспадыня, выходзіць у публічную, становіцца палітыкам. І паказвае нам усім: вы таксама можаце! І, як высветлілася, людзі цябе падтрымаюць», – кажа філосафка.

Фота: ТК / Belsat.eu

Вольга Шпарага мяркуе, што Святлану Ціханоўскую падтрымліваюць вельмі розныя людзі. У першую чаргу, гэта прыхільнікі ейнага мужа, але ў кандыдаткі на прэзідэнта ёсць і ўласная аўдыторыя. Яе бачаць як любячую жанчыну, якая гатовая ўдзельнічаць у палітыцы і браць на сябе адказнасць. Ёсць і тыя, хто падтрымліваюць агульны аб’яднаны штаб.

Алена Агарэлышава сцвярджае, што вакол постаці Ціханоўскай віруе шмат гендарных стэрэатыпаў. Напрыклад, часта можна прачытаць выразы накшталт «Рэжым так усіх дастаў, што нават хатняя гаспадыня можа стаць прэзідэнтам». Але экспертка кажа, што такія меркаванні – сэксісцкія і няправільныя.

«Патэнцыял Святланы зводзяць да ўзроўню табурэткі», – тлумачыць гендарная экспертка.

Hавiны
Больш за 7 тысяч асобаў прыйшлі падтрымаць Святлану Ціханоўскую. Вялікі фотарэпартаж
2020.07.19 21:59

Аб’яднаны штаб vs. класічная апазіцыя

Паводле Вольгі Шпарагі, галоўнае адрозненне цяперашніх лідарак ад прадстаўніц «класічнай» апазіцыі – іхная навізна.

«У іх няма гісторыі перадвыбарнай барацьбы, паразаў, супярэчнасцяў. А гэтыя жанчыны – новыя фігуры, за імі не цягнецца той шлейф».

Алена Агарэлышава кажа, што тая ж Таццяна Караткевіч або Вольга Кавалькова прадстаўляюць палітычныя партыі і ідэнтыфікуюць сябе як прафесійных палітыкаў. У гэтым і ёсць іхная розніца з цяперашнімі лідаркамі, якія не пазіцыянавалі сябе як палітыкі.

Таццяна Караткевіч.
Фота: belsat.eu
Вольга Кавалькова. Скрыншот відэа «Белсат»

Калі параўноўваць Ціханоўскую, Цапкалу і Калеснікаву з іншымі беларускамі ў палітыцы, напрыклад, Наталляй Качанавай або Наталляй Эйсмант, то тут важна ўлічваць, што яны знаходзяцца па розныя бакі барыкадаў.

«Жанчына ва апараце ўлады ўбудаваныя ў гэтую сістэму. Яны находзяцца ў той вертыкалі, якую стварыў Лукашэнка. Таму яны не могуць не падтрымліваць вертыкаль. І калі падумаць, які вобраз жанчыны ў афіцыйным дыскурсе, то ім яшчэ складаней падтрымліваць гэтую вертыкаль. Аднак яны будуць падтрымліваць улады, бо ім здаецца, што інакш яны згубяць сваё становішча», – тлумачыць Шпарага.

Меркаванні
Святлана Ціханоўская ўпала беларусам з неба
2020.07.19 13:54

Запыт на жанчын

У грамадстве ёсць два сцэнары, калі ўзнікае запыт на жанчыну-кіраўніцу. Першы – крызісная сітуацыя, дзе жанчына патрэбная ў ролі менеджара.

«Тады мужчынам улада падаецца не такой прывабнай: шмат галаўнага болю, а не карысці. Тады становяцца запатрабаванымі жанчыны. Ёсць шмат даследаванняў, якія даказваюць, што з-за сацыялізацыі жанчыны могуць саступіць сваім амбіцыям дзеля агульнай справы. Яскравыя прыклады такіх антыкрызісных менеджарак — Тэрыса Мэй і Маргарэт Тэтчэр».

Другі выпадак: грамадствы з высокім узроўнем індэксу гендарнай роўнасці. Гэта больш уласціва для Скандынаўскіх краінаў, дзе жанчына ўспрымаецца як прафесіяналка. Аднак Алена Агарэлышава мяркуе, што Беларусь – гэта хутчэй першы сцэнар.

Фота: ТК / Belsat.eu

«Бабін бунт»?

Ці ўплываюць Вераніка Цапкала, Марыя Калеснікава і Святлана Ціханоўская на іншых жанчын? Тут меркаванні экспертак супадаюць: калі жанчыны бачаць іншых жанчын у публічнай прасторы, яны пачынаюць больш верыць у сябе і змагацца за свае правы і інтарэсы.

«У Беларусі гвалт на розных узроўнях стаў нормаю. Гэта пачынаецца ад крыку на малых дзяцей і цягнецца да стаўлення Лукашэнкі да сваіх прыхільнікаў. Таму ледзь не самы важны эфект тых працэсаў, што адбываюцца зараз, – мы пачынаем больш верыць у свае сілы, не прымаем гэты гвалт», – гаворыць Вольга Шпарага.

Фота: ТК / Belsat.eu

Ці будуць жанчыны-палітыкі больш чуллівыя да жаночых праблемаў? Квір-феміністка Тоні Лашдэн мяркуе, што бачнасць жаночых праблемаў не заўсёды залежыць ад прадстаўленасці жанчын у розных інстытуцыях.

«Ключавое пытанне тут: ці могуць тыя жанчыны, якія трапілі ва ўладу, уплываць на прыняцце рашэнняў? У сённяшніх рэаліях адказ хутчэй «не». Парламент можа складацца з жанчын хоць на 70 %, але пакуль рашэнні ў краіне прымаюцца адным чалавекам, гэта ніяк не ўплывае на рэальную рэпрэзентацыю жанчын», – сцвярджае яна.

Алена Агарэлышава кажа, што адсутнасць гендарнага парадку ў аб’яднаных штабаў лёгка патлумачыць.

«У іх было толькі 15 хвілінаў на аб’яднанне. Магчыма, яны палічылі, што зараз будзе больш прыярытэтна абмеркаваць бягучы план дзеянняў, чым хатні гвалт. У прынцыпе, у сваіх пастулатах яны шмат якія пытанні не закранулі. Тую ж эканоміку».

Аб’ектыў
Кандыдаты пачалі агітацыю
2020.07.18 23:30

Ці ёсць будучыня?

Наколькі трывалым можа быць прыход жанчын у палітыку ў досыць патрыярхальнай Беларусі?

«Мінімум гэтая цудоўная карцінка, дзе ўсе жанчыны ўтраіх, застанецца ў гісторыі. Але ў гісторыі поспеху або гісторыі бясконцых спробаў? – разважае Алена Агарэлышава. – Уявім сітуацыю, калі Ціханоўскага выпускаюць з СІЗА. Ці працягне Святлана палітычную кар’еру? Я сумняюся».

Фота: ТК / Belsat.eu

Яна зазначае, што беларускае грамадства пакутуе на амнезію бадай што ва ўсіх сферах. Праз паўгады сённяшнія падзеі могуць быць лёгка забытыя. Таму і на разважанні аб «жаночай хвалі» у беларускай палітыцы даследчыца глядзіць з пэўнаю доляю скепсісу.

«Я не веру, што раней аніхто не ведаў, што жанчыны могуць болей, чым проста быць прыгожымі. Таму тут гісторыя пра «змагайся і дамагайся». Бо інакш засунуць у кут, ледзь чхнуць паспееш. Ці натхніць гэта жанчын, каб быць больш палітычна актыўнымі? Калі не, то ўсё хутка адкаціцца. Усё ў руках саміх жанчын», – сцвярджае экспертка.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў