Бабіч распавёў, што будзе, калі Беларусь захоча ў Еўразвяз


Міхаіл Бабіч, амбасадар Расеі ў Беларусі. Кадр з відэаінтэрв’ю каналу RT

Амбасадар Расеі ў Беларусі ў інтэрв’ю RT распавёў пра тое, як Расея павінная рэагаваць на «Белсат», беларусізацыю і магчымыя жаданні беларусаў інтэгравацца ў Еўропу.

Паводле Міхаіла Бабіча, калі Беларусь захоча абраць курс на еўраінтэграцыю, Расея будзе паважаць гэты выбар.

«Гэта вызначае беларускі народ. Тут не павінна быць ніякага ціску і супрацьдзеяння. Як б ні развіваліся гістарычныя падзеі, мы ніякім чынам не павінныя дапусціць, каб аслаблі ці сапсаваліся дачыненні паміж народамі – не палітыкамі, а людзьмі. Бліжэй за беларусаў для нас нікога няма. Гэта трэба пільнаваць, бо любая іскра можа распаліцца і знішчаць тое, што фармавалася стагоддзямі. А народ сам вызначыць, якім шляхам ён будзе развівацца», – заявіў Бабіч.

Паводле Бабіча, цяпер Захад выдаткоўвае сотні мільёнаў долараў на антырасейскае ідэалагічнае апрацаванне ў Беларусі – перадусім «праз НДА і разнастайныя адукацыйныя праграмы».

«Адной з праяваў гэтага становіцца скажэнне гістарычных фактаў, каб пасеяць недавер і давесці да варажнечы і адарваць тэрыторыю ад Расеі ў ідэалагічным, гуманітарным і эканамічным плане, каб потым выкарыстоўваць яе як плацдарм для ціску на Расею», – заявіў Бабіч.

«Белсат» у Расеі разглядаюць як адну з галоўных пагрозаў Саюзнай дзяржаве

Пасля пытання, што Беларусь і Расея могуць супрацьставіць тэлеканалу «Белсат», Бабіч заявіў, што для гэтага дастаткова існых інфармацыйных рэсурсаў, якія ёсць у Расеі і Беларусі. Аднак пасля просьбы пракаментаваць заклік партыі БНФ адключыць расейскія каналы ў Беларусі Бабіч прыйшоў да высновы, што інфармацыйную палітыку варта памяняць.

«Калі мы не перазагрузім інфармацыйную палітыку, шанцы ў апазіцыі павышаюцца – мы самі даем ім гэтыя магчымасці. Калі мы зараз сканцэнтруемся на будове і стварэнні новай інфармацыйнай палітыкі, якая будзе шчырай, інфармацыйнай і прафесійнай, тым менш у [беларускай] апазіцыі шанцаў па абмежаванні магчымасцяў расейскага тэлебачання. Трэба аддаць належнае беларускім уладам: гэтыя магчымасці цяпер вельмі вялікія, расейскае тэлебачанне даступнае для абсалютнай большасці насельніцтва краіны. Але інфармацыйную палітыку нам трэба мяняць», – дадаў ён.

На пытанне супрацоўніка RT пра «негатыўныя бакі нацыяналізіму», якія выражаюцца ў «мяккай беларусізацыі» і правядзенні ў Менску Дня волі, Бабіч адказаў, што паміж мяккай беларусізацыяй і дэрусіфікацыяй – вельмі тонкая мяжа.

«Вывучэнне роднай мовы, культуры і сваіх традыцыяў – гэта не права, а абавязак любога народу, які не хоча страціць сваю ідэнтычнасць. Было б дзіўна абмяжоўваць у незалежнай дзяржаве гэтыя магчымасці. Найбольш актыўна развівалася беларуская мова і культура, нацыянальная адукацыя ў савецкі перыяд. Гэта была мэтанакіраваная нацыянальная палітыка. Калі сёння Беларусь развіваецца ў гэтым плане, у гэтым няма нічога кепскага – гэта права і абавязак любой дзяржавы. Але, канешне, гэта не павінна адбывацца за кошт ушчамлення расейскай мовы. Знайсці гэты баланс – вельмі важна. У Беларусі вельмі клапатліва ставяцца да расейскай мовы: больш за 80 % пастаянна выкарыстоўвае расейскую мову ў побыце, у службовай дзейнасці і гэтак далей. І ніхто не квапіцца на яго. Наадварот – ствараюцца ўмовы для яго развіцця», – працягнуў Бабіч.

Hавiны
З’явіўся шанец зраўнаць у правах абедзве дзяржаўныя мовы. Ужо сёлета
2019.02.05 16:00

На думку амбасадара, рэалізаваць «украінскі сцэнар» у Беларусі немагчыма.

«Асноўнай перашкодай тут з’яўляецца пазіцыя народу Беларусі і пазіцыя кіраўніка Беларусі. Яны даказвалі цягам 25 гадоў, што курс на інтэграцыю Расеі – стратэгічны курс Беларусі, – дадаў Бабіч. – Беларусь мае намер рабіць усё для ўмацавання Саюзнай дзяржавы ў будучыні», – заявіў Бабіч.

ДД

Стужка навінаў