Бабіч перавёў у Менск ужо сем сваіх калегаў з былога месца службы


Міхаіл Бабіч. Фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

З верасня 2018-га да сёння ў Менску апынуліся шэсць калегаў Міхаіла Бабіча з перыяду ягонага паўнамоцнага прадстаўніцтва ў Прыволжскай федэральнай акрузе – у тым ліку сілавіка.

Згодна з распараджэннем расейскага прэм’ер-міністра, гандлёвым прадстаўніком Расеі ў Беларусі прызначаны Юрый Залатароў. Ён быў намеснікам Міхаіла Бабіча, калі той займаў пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта Расеі ў Прыволжскай федэральнай акрузе. Залатароў – не першы з дыпламат з папярэдняй каманды Бабіча падчас ягонай службы ў Прыволжскай федэральнай акрузе, якую пасол актыўна перацягвае ў Менск, заўважае «Tut.by».

Цікава, што папярэднік Залатарова, Мікалай Асаул, прапрацаваў у Менску ўсяго восем месяцаў і быў звольнены паводле ўласнай просьбы.

Апроч Залатарова, з верасня 2018-га да сёння ў Менску апынуліся яшчэ шэсць калегаў з ягонага былога апарату:

Аляксандр Дземенцьеў

Андрэй Клінцэвіч

Святлана Ліпей

Алег Слабадзян

Аляксей Сухаў

Ілля Фёдараў.

Найбольш цікавыя асобы з прыволжскага дэсанту – Клінцэвіч і Сухаў.

Аляксей Сухаў – сілавік, ваенны дыпламат і выхадзец з ГРУ, у Менску заняў пасаду дарадцы-пасланніка. У Прыволж’і быў намеснікам і памочнікам Бабіча, курыраваў працу сілавікоў і ўнутраную палітыку рэгіёнаў, якія ўваходзілі ў федэральную акругу.

Андрэй Клінцевіч – сын Франца Клінцэвіч, расейскага сенатара беларускага паходжання. Ён служыў у спецназе ВДВ, атрымаў ваенную адукацыю і перад прыездам у Беларусь курыраваў ваенна-патрыятычныя клубы «Маладой гвардыі Адзінай Расеі».

У 2014 годзе, паводле звестак «Новай газеты», ён з бацькам атрымалі «Ганаровыя граматы» ад прэзідэнта Расеі за ўдзел у крымскіх падзеях вясны таго года, у якіх менавіта – невядома. Паводле ўкраінскіх медыяў, ён рэгулярна ездзіў у Крым і на Данбас. Украінскі тэлеканал «Прамы» паведамляў, што Клінцэвіч – супрацоўнік ГРУ пад агентурнай мянушкай «Гога». Але пацверджання гэтай інфармацыі канал не падаў.

Перад прыездам у Беларусь Клінцэвіч курыраваў ваенна-патрыятычныя клубы «Маладой гвардыі Адзінай Расеі». Летась менавіта на гэтай пасадзе незадоўга да свайго прызначэння першым сакратаром расейскай амбасады ў Беларусі Клінцэвіч-малодшы прыехаў у нашую краіну і наведаў кадэцкую вучэльню ў Горадні. Мэтай візіту вучэльня назвала «азнаямленне з умовамі навучання, пражывання, вольнага часу кадэтаў, наладжванне цеснага ўзаемадзеяння беларускіх і расейскіх кадэтаў».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў