Бабіч – не дыпламат. Што Лукашэнка саступіць у апошнюю чаргу?

ВІДЭА

У беларускай стратэгіі нацыянальнай бяспекі ёсць супярэчнасці, а амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч паводзіць сябе як высокапастаўлены чыноўнік, але не дыпламат. Якія ілюзіі ўплываюць на стасункі Менску з Масквою? Каміль Клысіньскі, галоўны аналітык Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве, каментуе спрэчку паміж Міністэрствам замежных справаў Беларусі ды амбасадарам Расеі, а таксама змену рыторыкі Лукашэнкі ў дачыненні NATO.

МЗС звычайна сціплае ў сваіх ацэнках таго, што адбываецца, асабліва з усходняга боку. А тут даволі хутка і моцна адрэагавала на словы Бабіча. Што гэта значыць?

Я б не сказаў, што гэта адзінкавы выпадак, не зважаючы на стыль беларускага МЗС. Апошнім часам у адрас розных краінаў, не толькі Расеі, выстаўляліся розныя абвінавачанні ды адказы на абвінавачанні, якія раней выстаўляліся Беларусі. Тут увагі заслугоўвае тое, што ў адказе на пытанне агенцтва «РИА Новости», якое ўзяло інтэрвʼю ў амбасадара Бабіча, сапраўды былі вельмі жорсткія выказванні менавіта ў адрас Расеі – галоўнага саюзніка Беларусі, пастаўніка нафты і газу, крыніцы танных, але апошнім часам не вельмі танных крэдытаў, як скардзяцца ўлады Беларусі, аднаго з галоўных рынкаў збыту харчоў і машынабудавання.

З гэтага гледзішча крыху здзіўляе тое, што настолькі смелыя і не зусім, мякка кажучы, дыпламатычныя адказы прагучалі менавіта ў адрас Масквы. Гэта сведчыць пра павышэнне танальнасці ў стасунках паміж Менскам і Масквою ды павышэнне эмацыйнасці, за якой ідзе зʼедлівасць. Яна праяўляецца і з боку Бабіча, і з боку беларускага МЗС.

МЗС Беларусі: Бабіч не разумее розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай

Але амбасадар Бабіч робіць першы крок, і Беларусь вымушаная абараняцца. Бо гэтая заява, што Расея будзе дапамагаць абараняць нашую незалежнасць, таксама не вельмі карэктная. Ад каго мы таксама маем абараняць яе?

З другога боку, пытанне пасла Бабіча да месца. Усё гэта мела дачыненне да «Вялікай размовы» Аляксандра Лукашэнкі. І калі ў ёй зʼявілася шмат двухзначных заяваў з боку Лукашэнкі наконт нейкай пагрозы, сапраўды пасол Бабіч мае права даведацца, дзе ўлады Беларусі бачаць пагрозу. Хоць зрабіў ён гэта не вельмі дыпламатычна. Відаць у ягоных выказваннях, што яму бракуе досведу, ён не вучыўся ў дыпламатычных школах і МГІМО.

І гэта сапраўды тыповы расейскі чыноўнік высокага рангу. Але не дыпламат. І задаў пытанне, можа, своеасабліва, не вельмі паліткарэктна.

Ён як бы яго задае і сам на яго адказвае.

Так, але гэта таксама не дапамагае развязаць усіх гэтых пытанняў. Апошнімі гадамі бачна, што ў беларускай тактыцы ды стратэгіі выбудоўвання нацыянальнай бяспекі ёсць шмат супярэчнасцяў. І мы вельмі часта звярталі на гэта ўвагу ў нашым цэнтры. І ў дыскусіях, якія мы вядзем у Беларусі з беларускімі экспертамі. З аднаго боку, у адной канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і абароны зʼяўляюцца розныя не зусім ясныя заўвагі пра гібрыдную вайну, гібрыдную пагрозу. А з другога боку, умацоўваецца саюз з Расеяй, ад якой у рэгіёне практычна можа ісці гэтая гібрыдная пагроза. Яна ж не прыйдзе з Захаду, бо Захад гэтым не займаецца. Тады сапраўды ў расейскага боку могуць узнікаць розныя пытанні.

Але расейскі бок кажа, што ёсць каляровыя рэвалюцыі, ад якіх трэба абараняць Беларусь. Ці цяпер гэтае пытанне актуальнае? Мне падаецца, што зусім не.

Не вельмі актуальнае. Тады тым больш Бабіч мае права задаць гэтае пытанне. Ён не атрымаў адказу, адказ прэс-сакратара беларускага МЗС не завяршае гэтай дыскусіі. І, думаю, будзе яе яшчэ развіваць. Але не ў вельмі станоўчым ключы і для Расеі, і для Беларусі. Я б яшчэ хацеў звярнуць увагу на адзін вельмі важны момант. Не ўсе пра гэта памятаюць, калі абмяркоўваюць пытанне беларуска-расейскіх дачыненняў.

Мне здаецца, што Расея і Беларусь сілкуюць вельмі небяспечныя ілюзіі наконт двухбаковых стасункаў.

З аднаго боку, Беларусь абураецца, што Расея чагосьці патрабуе. Яна павінная нам даць проста задарма і танны газ, і нафту, і гэтак далей. Расея насамрэч не павінная, бо гэта сапраўды субсідыі. Яна мае права выстаўляць розныя патрабаванні. І яны сапраўды пагражаюць беларускаму суверэнітэту. З другога боку, у Расеі дзівяцца, што Беларусь адхіляе гэтыя патрабаванні. Калі два бакі глядзяць толькі ў свой бок у двухбаковых стасунках – я ў бліжэйшай перспектыве не бачу магчымасці развязання гэтых спрэчак нармальным шляхам.

Як Расея штурхае Лукашэнку ў НАТО

Мне ўсё ж падаецца, што гэта не наіўнасць, а прагматызм, а такія гульні і завуаляваная наіўнасць робіцца на публіку. Ці сапраўды гэта так? Кожны з бакоў дакладна рэалізуе сваю стратэгію. Лукашэнка абараняе рэшткі нашай незалежнасці так, як умее. А Расея, выкарыстоўваючы тыя рэчы, якія мае, спрабуе на яго ціснуць.

Згодны. Але ўсё б было так, як вы кажаце, калі б не выяўляліся эмоцыі. У адказе беларускага МЗС мы бачым шмат эмоцыяў, якія ніякім чынам не маюць зʼяўляцца ў афіцыйных адказах, не толькі заявах любога МЗС у любым пункце свету. Адказ быў вельмі эмацыйны. Аднак вельмі эмацыйныя выказванні і расейскага боку. Калі гэта ўсё было б разлічана і прадумана як тактыка або стратэгія, я не думаю, што гэтыя эмоцыі б паўсталі.

То бок зуб за зуб?

Эмоцыі зʼяўляюцца і праз тое, што абодва бакі не разумеюць адно аднаго да канца. І сілкуюць ілюзіі наконт другога боку. Расея чакае, што Беларусь пойдзе на любыя прапановы, бо атрымлівае субсідыі і вінная. І яшчэ падзякаваць, што адзіны шлях для развіцця Беларусі – гэта інтэграцыя з Расеяй. А Беларусь не разумее, што, калі за ўсе гэтыя гады не рабіць ніякіх рэформаў у дыверсіфікацыі экспарту, эканомікі і сувязь з Расеяй захоўвалася, тады сапраўды маем тое, што маем. І ў Расеі ёсць інструменты ў руках, каб уплываць на сітуацыю ў Беларусі.

Адзін з гэтых інструментаў – саюзная дамова. І мы бачым, як расейскі бок спрабуе ціснуць на Менск, каб інтэграцыя ішла ў больш шчыльным кірунку. На вашае меркаванне, ці за гэты год удасца Маскве нешта адхапіць у Лукашэнкі з рэштак таго, што ён яшчэ бароніць з апошніх сілаў?

Калі дыскусія паміж Менскам і Масквою, паміж МЗС і прэзідэнтамі на розных узроўнях будзе развівацца ў такім кірунку, у якім развіваецца цяпер, я думаю, што Беларусі давядзецца нешта саступіць. Напрыклад, адзін з заводаў. Апошнім часам я бачу, што МЗКЦ (Менскі завод колавых цягачоў) становіцца найбольш цікавым і прывабным для Расеі.

Палітолаг Валерыя Касцюгова – пра хітрыя гульні Лукашэнкі і Пуціна

Вядома, пасол наведвае шмат заводаў у Беларусі. І гэта не вельмі дарэчна для працы амбасадара ў іншай дзяржаве. Такія абавязкі ўскладаюцца перш за ўсё на прэмʼер-міністра, аднаго з міністраў або на прэзідэнта ў выпадку Беларусі. Бо такая спецыфіка. Я не думаю, што дыпламат абавязаны і мае права наведваць усе заводы па чарзе. Але гэта іншая размова. З гэтых візітаў, па-мойму, вынікае, што МЗКЦ становіцца найбольш цікавым для расейскага боку. Наконт вайсковай базы, пра якую не вельмі цяпер хочуць казаць расейцы публічна, але зразумела, што гэтае пытанне, магчыма, і зʼяўляецца на парадку: я думаю, што Аляксандр Лукашэнка саступіць у гэтым пытанні ў апошнюю чаргу.

А сапраўды гэтая база яшчэ патрэбная Расеі? Яна цяпер мае Крым, дзе можа рабіць усё што заўгодна. Абараняецца ў Калінінградзе. Ці Беларусь цяпер таксама мае такое стратэгічнае значэнне для расейскіх войскаў?

Вядома, мае, і гэта не мяняецца. З вайсковага і тэхнічнага пункту гледзішча, пра гэта кажуць і эксперты, якія больш разбіраюцца ў гэтым пытанні, няма патрэбы, каб гэтыя самалёты былі літаральна на беларускай тэрыторыі. Ці расейскія сухаземныя войскі. Але гэта палітычны жэст. Палітычны сімвал поўнага кантролю над дзяржавай. Я думаю, што з гэтага гледзішча Расея ўсё ж вылучае гэтае пытанне. Не публічна, прынамсі.

У медыях амбасадара Бабіча называюць амбасадарам вайны і прафесарам дыверсіфікацыі. За гэты час, што ён у Беларусі, ці сапраўды ён пацвердзіў гэтыя званні? Ці ўсё ж ягоная палітыка пакуль больш павярхоўная?

Я не думаю. Ён сапраўды не зусім укладваецца ў межы звычайнай працы дыпламата. Тут сапраўды адбіваецца тое, што ён ніколі не працаваў дыпламатам. І я не думаю, што ён прыехаў у Менск з дыпламатычнаю місіяй.

А з якою?

З такою, каб быць больш актыўным ды больш цвёрдым прадстаўніком Масквы ў Менску, чымся ягоны папярэднік, які быў ужо ў канцы свайго тэрміну, і забяспечыць адраджэнне або аднаўленне інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. Гэта ўжо відаць. А Аляксандр Сурыкаў быў мяккі ды нават недзе сябрам беларускіх гаспадароў, вельмі часта заступаўся за беларусаў і за ўлады Беларусі.

Апошняе кароткае пытанне: ці таксама з гэтым звязана, што Лукашэнка цяпер так раптоўна залагодзіў сваю пазіцыю адносна NATO?

Гэта відаць таксама ў межах «Вялікай размовы». Не вельмі гэта здзіўляе. Магчыма, здзіўляе расейскіх калегаў, якія глядзяць на гэта сапраўды зацята. Гэта для іх вельмі адчувальнае пытанне. Але гэта зразумела з гледзішча Менску, які сапраўды спрабуе захаваць незалежнасць ад Масквы. І выбудоўвае шматвектарную палітыку, умацоўвае яе таксама ў межах канцэпцыі «Хельсінкі-2», нейтралітэту Беларусі, які пакуль не вельмі паважаюць у свеце. І не вельмі шмат краінаў вераць у гэтую канцэпцыю. І сапраўды ўлады Беларусі павінныя неяк падняць аўтарытэтнасць гэтай канцэпцыі ды верагоднасць такога плану. Я думаю, што змены танальнасці ў дачыненні NATO – гэта таксама частка гэтых рухаў у бок павышэння значэння канцэпцыі «Хельсінкі-2» у беларускай палітыцы.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

Фота вокладкі – REUTERS/Vasily Fedosenko

belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары