Бабарыка ў лісце з СІЗА: «Мы можам ганарыцца тым шляхам, па якім нам выпала ісці»


Дачка Віктара Бабарыкі і сястра Эдуарда Бабарыкі Марыя ў сваім відэазвароце распавяла, што бацька напісаў у лістах з СІЗА, а таксама перадала словы падтрымкі сем’ям усіх палітвязняў.

Марыя сказала, што атрымлівае шмат паведамленняў ад людзей, якія пачынаюцца са слоў «я б ніколі не паверыў, што буду рабіць тое, што раблю зараз».

Марыя Бабарыка. Скрыншот з YouTube

«Я б ніколі не паверыла, што буду запісваць паведамленні ў надзеі на тое, што іх паглядзяць тысячы людзей. Тата мне казаў: «Маша, табе трэба больш рабіць нешта ў медыйнай прасторы». Я трошкі інтраверт, мне падабаюцца душэўныя кампаніі, вячоркі ў невялікім коле сяброў, гутаркі за гарбатай. Мне некамфортна рабіць публічныя заявы. Але, думаю, тата ўбачыў нешта ўва мне, чаго я сама не бачыла. Так і ў беларусах ён убачыў тое, што мы, магчыма, не бачылі. Гэта тая дабрыня і душэўнасць, гатовасць абараніць, дапамагчы сваім блізкім. Тая мужнасць і адвага, каб змагацца за свае правы», – сказала яна.

Марыя Бабарыка звярнула ўвагу на тое, што вакол справы яе бацькі і брата шмат таямніцаў: напрыклад, чаму да іх так доўга не пускалі адвакатаў?

«Маё меркаванне: гэтая сітуацыя паказвае страшэнную слабасць сістэмы, паказвае, як ёй страшна. Гэта паказвае на той хаос і бардак, які адбываюцца», – пракаментавала Марыя.

Яна таксама некалькі цытат з лістоў Віктара Бабарыкі з «амерыканкі».

25 чэрвеня ў першым лісце ён піша:

«Нічога страшнага не адбылося і не адбываецца. Усе жывыя і, спадзяюся, здаровыя. Чытайце Сіманава – «нішто нас у жыцці не можа выбіць з сядла».

5 ліпеня Віктар Бабарыка піша:

«Прывітанне ўсім, выдатна што пачалі атрымліваць мае лісты. Вельмі сумую па СМІ і сацыяльных камунікацыях, але не так моцна, каб хвалявацца. Перадавай ад мяне прывітанні ўсім, каго сустрэнеш у чэргах. Я выдатна разумею, што не ўсе яны хацелі тварыць гісторыю, але траплянне ў будучыя падручнікі – гэта дарагога варта. Нічога няма вечнага і нязменнага. Як сказана ў выдатнай кнізе, мы не выбіраем час, у які нам жыць, але мы выбіраем шлях, якім ісці. Упэўнены, мы можам ганарыцца тым шляхам, па якім нам выпала ісці…»

Марыя заклікала ўсіх неабыякавых працягваць пісаць лісты палітычным зняволеным.

***

Усяго ў Беларусі цяпер 24 палітвязні, з іх шасцёра праходзяць па «справе Белгазпрамбанку» і ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ. Агулам па гэтай справе затрымана больш за 20 асобаў.

Артыкулы
Падпалкоўнік, былы памежнік, вучыўся ў Акадэміі ФСБ. Што вядома пра палітвязня Дзмітрыя Караку
2020.07.09 18:49

КА belsat.eu

Стужка навінаў