СМІ: Б’ёрндален можа стаць трэнерам расейскай зборнай. Б'ёрндален: Упершыню чую пра гэта


Васьміразовы алімпійскі чэмпіён Уле Эйнар Б’ёрндален (муж чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай) можа стаць новым трэнерам мужчынскай зборнай Расеі па біятлоне, паведамляе NTB.

Паводле выдання, нарвежац стаў адным з асноўных кандыдатаў на гэтую пасаду пасля таго, як Саюз біятланістаў Расеі не прапанаваў новы кантракт нямецкаму спецыялісту Рыка Гросу.

«Не, я не збіраюся стаць трэнерам зборнай Расеі. Упершыню чую пра гэта», – сказаў Б’ёрндален выданню NRK. Ён таксама дадаў, што думаў пра тое, каб стаць трэнерам, але не плануе гэтага рабіць у бліжэйшай будучыні.

28 красавіка выданне VG паведамляла, што Бʼёрндален абраў для сябе новы від спорту. 44-гадовы спартсмен збіраецца ўзяць удзел у гонках на сабачых запрэжках.

3 красавіка нарвежскі біятланіст абвясціў аб завяршэнні спартыўнай карʼеры.

На сёлетняй Алімпіядзе ў Пхёнгчхангу Б’ёрндален быў трэнерам зборнай Беларусі па біятлоне.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў