Б…дзі, сэр! Цапкалу знялі, на чарзе Бабарыка?

Гэты каментар мог з’явіцца раніцай 30 чэрвеня, але я вырашыў сёе-тое ўдакладніць. Пацікавіцца меркаваннем тых, каго прынята называць «радавымі выбаршчыкамі» нашай суверэннай да сінявокасці краіны.

Справа ў тым, што 29 чэрвеня адбылася надзвычайнае падзея. Упершыню з 1994 года дзеючая ўлада вырашыла выкарыстаць супраць аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, так бы мовіць, кампрамат інтымнага характару. У 1994 годзе – нагадаю – у тэлевізары з’явілася нейкая сцюардэса, якая сарамліва распавядала пра тое, што дэпутат Аляксандр Лукашэнка скраў у яе ў самалёце фен і кулёк з цукеркамі. Чальцы той жа ўрадавай дэлегацыі строілі кепікі, што ў дзяўчыны, хутчэй за ўсё, быў не новы фен кітайскай вытворчасці, якіх ужо ў самой Беларусі было колькі хочаш, а, хутчэй за ўсё, вібратар. Яго, мусібыць, і павінен быў скрасці, паводле мудрагелістай распрацоўкі тагачаснага прэс-сакратара прэм’ер-міністра – а служыў прэс-сакратаром цяперашні нябожчык Уладзімір Замяталін – дэпутат Лукашэнка. Але прэм’еру Вячаславу Кебічу гісторыя з вібратарам, кажуць, неяк «не пайшла» і абмежаваліся фенам.

Затое гісторыя «пайшла» на карысць самому Лукашэнку і так парадавала яго, што Замяталін даслужыўся пры ім да званняў віцэ-прэм’ера і першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Пайшла на карысць – паколькі агаліла ўсю гніласць сістэмы, што не грэбавала нават такімі подласцямі.

Валерый Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Цяпер Замяталін памёр, але справа яго жыве. Новым палкоўнікам здалося замала абвінаваціць Валерыя Цапкалу ў карупцыі. Вуснамі сына турэцка-падданага Цапкалу абвінавацілі таксама ў тым, што хабар ён браў не шчанюкамі харта, але прастытуткамі ў памеры тысячы долараў у тыдзень.

Вось і давялося мне пагутарыць з дасведчанымі людзьмі. Не, не з прастытуткамі і не з сутэнёрамі нават. З простым, можна сказаць, народам.

Народ пачаў шалёна спачуваць і зайздросціць Валерыю Цапкалу.

Новости
ЦИК: Валерий Цепкало не набрал необходимое количество подписей
2020.06.30 18:20

Па сцвярджэнні двух кіроўцаў таксі, на такія грошы можна было выклікаць да сябе двух не самых танных прастытутак штодня. Але для таго, каб грошы не сыходзілі на вецер, якая ж павінна была быць патэнцыя ў гэтага палавога гіганта?!

Пра тое ж задаліся пытанням і доблесныя супрацоўніцы адной з бухгалтэрый. Яны нават пазайздросцілі жонцы Валерыя Вільямавіча, бо зразумелі, што гаворка ідзе пра дашлюбны перыяд жыцця экс-дырэктара Парку высокіх тэхналогій.

«Майстар па жалезе», хуценька прайшоўшыся па спецыялізаваных сайтах, паведаміў мне, што кошт падобнага роду выдаткаў у апісаны турэцка-падданым даносчыкам перыяд у Менску відавочна завышаны – калі знізіць колькасць спажытых паслуг з двух да адной дзяўчыны па выкліку. Гэта, па яго словах, павінны быць нейкія элітныя і добра заканспіраваныя б…дзі. Хоць, кажуць, у спадара Цапкалы, заўсёды быў добры густ.

Валерый Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Карацей, да Валерыя Вільямавіча гэта ўсё неяк не прыліпла. Па-першае, таму, што ўсе ўпэўненыя: турэцка-падданы відавочна напісаў адпаведныя абзацы ў сваім даносе калі не пад гарачую руку, то відавочна пад чужую дыктоўку. Бо, прабачце, хабар у 600 тысяч долараў яшчэ можна неяк паспрабаваць даказаць (у чым асабіста я сумняваюся), а кошт катэджаў, якія выстаўляюцца на продаж былымі членамі лукашэнкаўскіх урадаў і зусім значна даражэйшым будзе, так што застаецца паспачуваць небараку Цапкала, які не наважыўся красці мільёнамі. А па-другое, народу зразумела: усё вылітае на надзвычайнага і паўнамоцнага пасла дзярмо відавочна выліта не з мэтай наступнага збору доказаў (сцюардэсу дваццаць шэсць гадоў таму ў тэлеэкран пасадзілі, можна і сёння пару-тройку б…дзей знайсці – чым не доказ?). Выліта – каб хоць што-небудзь прыліпла. І як раз разуменне гэтай прычыны з’яўлення вядра з дзярмом выклікала спачуванне да аб’екта цкавання і шчырую пагарду да тых, што цкуюць і кіруюць.

Валерый Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Мяркуючы па ўсім, самі яны зразумелі, што перабралі. Таму і не залічылі сабраныя подпісы. Бо нерэгістрацыя Цапкалы выводзіць усю гэтую смуродную гісторыю за межы грамадскай увагі. А калі пакінуць – што атрымліваецца? Генеральны пракурор дае Следчаму камітэту даручэнне расследаваць карумпаванасць Цапкалы. А там частка хабару – дзяўчынамі. Дык ўяўляеш сабе дыялог:

– Таварыш старшыня, там да вас сведкі па справе Цапкалы В.В.

– Хто менавіта?

– Б…дзі, сэр!

Рогат у зале. У астатні час Следчы вывучае купюры валютных прастытутак на прадмет наяўнасці на іх адбіткаў пальцаў амбасадара і турэцка-падданага. Ці і гэты від хабару даваўся па безнаяўным разліку і на замежны рахунак?

Увогуле, незалік подпісаў ёсць, з майго пункту гледжання, лепшым доказам невінаватасці Валерыя Цапкалы ў дадзеным пытанні. А калі ў гэтым, то, верагодна, і ў астатніх.

Зараз застаецца чакаць лёсу Віктара Бабарыкі. Хутчэй за ўсё, яго «здымуць» за дэкларацыю аб даходах. Сапраўды, чаго яшчэ чакаць ад банкіра, акрамя няўмення запоўніць дэкларацыю? Чаму? А вось такія дзіўныя людзі, гэтыя банкіры. Больш дзіўныя толькі дзяржаўныя прапагандысты, прыдумляюць падобнага роду паскудства. А чаму прыдумляюць? Б…дзі,сэр!

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў