«Азадкі былі проста чорна-фіялетавыя». Затрыманы ў Менску распавёў, як гэта было


Збіты АМАПАМ беларус. Фота героя

Усё новыя і новыя сведчанні прыходзяць ад удзельнікаў пратэстаў і выпадковых мінакоў, якія былі жорстка затрыманыя і збітыя сілавікамі ў першыя дні пасля выбараў.

Андрэя (імя змененае) спынілі ў Менску ўвечары 11 жніўня, калі ён ехаў з сябрам у машыне. Прыводзім ягоны расповед.

«Стралялі ў кіроўцу некалькі разоў гумавымі кулямі, пабілі лабавое шкло. Мяне пасекла шклом, кіроўцу таксама. Нас выцягнулі з машыны, падчас гэтага нанеслі некалькі ўдараў. Пасля закінулі ў аўтазак, там у працэсе білі. Кіроўцу стала кепска – яму выклікалі хуткую. Пад шумок мне перавязалі руку, параненую шклом. Пасля зноў працягвалі біць нагамі і дубінкамі па спіне.

Пасля прывезлі новых людзей. Былі хлопцы з дрэдамі. Іх абражалі, называлі жывёламі і нажамі зразалі дрэды. Аднаму хлопцу пры гэтым да чэрапа парэзалі скуру – рана была сантыметраў пяць, можа, болей. Людзям з даўгімі валасамі таксама зразалі хвасты.

Мы ляжалі на падлозе і нас складвалі слаямі. Па-над мною было каля пяці слаёў. АМАПавец хадзіў па версе, таптаўся нагамі і біў дубінкай людзей. Пасля аўтазак паехаў. Хлопцы казалі, што гэта стэла была. Нас усіх прымусілі выбягаць з аўтазаку і бегчы ў рэйсавы аўтобус праз строй АМАПу, які біў нас дубінкамі. Мяне, калі я выходзіў з аўтазаку, АМАПавец некалькі разоў ударыў кулаком у твар. Ён мог мяне з аднаго ўдару вырубіць, але хацеў нанесці пашкоджанні – біў у раён вока і скроні.

Збіты АМАПАМ беларус. Фота героя

У аўтобусе мы зноў ляжалі на падлозе. Дзяўчаты сядзелі на крэслах. Казалі, што іх перад маім прыходам білі па нагах. Пасля зайшоў адзін АМАПавец, праспяваў некалькі радкоў «Перемен». Вельмі хутка падагналі іншы аўтазак, і нас зноў перагналі ў яго праз строй.

Калі першы аўтазак быў проста фургонам, то тут былі аддзяленні для зняволеных. У іх нас забівалі, як селядцы ў бочку. У маёй кануры было чатыры чалавекі. Кісларод паступаў праз вузенькую шчыліну дзвярэй. Адзін хлопец проста адключыўся, і яму дулі ў твар, каб хоць крыху кіслароду даць.

Збіты АМАПАМ беларус. Фота героя

Пасля мы прыехалі на Акрэсціна. І мы зноў прабеглі скрозь строй АМАПу. Нас паставілі на кукішкі да сценкі, выцягнуўшы рукі. Тых, хто не хацеў ці не мог, білі. Пасля нас паставілі на калені. У мяне пасля кукішак здранцвелі ступні, і я не мог стаць на калені. Да мяне ўжо збіраліся былі бегчы АМАПаўцы, але я проста рукамі сцягнуў ногі і плюхнуўся на калені. Пры гэтым пашкодзіў адно калені, упаўшы на камень.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Так стаялі, не ведаю, колькі. Быў адзін мужчына гадоў 40-50, які крычаў, што ён грамадзянін Арменіі. Яго зневажалі, абзывалі, называлі тэрарыстам. Хадзілі жанчыны, пыталі, як каго клічуць і дзе затрымалі, гэтыя звесткі, падобна, і пайшлі ў пратаколы.

Пасля нас загналі ў бетонную шклянку – прагулачнае памяшканне з кратамі замест даху. Там нам сказалі скласці ў мяхі для смецця асабістыя рэчы. Тэлефон у мяне забралі яшчэ ў аўтазаку – пасля ў мяне змяніліся паролі ў Facebook і я не змог зайсці ў Telegram.

Нас там было 70-80 чалавек. Амаль увесь час стаялі, перыядычна хтосьці прасіўся сесці. Нас адтуль выпусцілі толькі недзе пасля абеду, мы так прастаялі каля 12 гадзін. За гэты час у прыбіральню пусцілі толькі 9 чалавек. Яны прынеслі з сабой каля пяці літраў вады на 70 чалавек. Яе на ўсіх не хапала.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Былі людзі без абутку, у шортах, тышортках. Мне ў байцы, джынсах і тышортцы было халодна. Хлопцы ж былі нашмат больш распранутыя. Як мне распавялі пазней, у суседняй шклянцы адзін мужык увогуле быў у майтках, і ён правёў там больш за содні. Іх спачатку загналі ў душнае памяшканне, пасля прапанавалі выйсці шпацыр, завялі ў шклянку і сказалі: «Шпацыр будзе доўгім».

Пасля абеду нас развялі па камерах. У нас у камеры на 5 чалавек было 25. У іншых камерах было пад 40 чалавек. Пад канец дня нам далі аўсянкі, некалькі боханаў хлебу (каля 2,5 лусты на чалавека) і гарбату. Абяцалі суп, але супу не далі.

Дыхаць было вельмі складана, бо адзінай крыніцай паветра было акно, якой мы не маглі нармальна адчыніць. Прасілі ахову, яны абяцалі адчыніць, але ніхто ніколі нічога не зрабіў. Да нас яшчэ быў стары чалавек з высокім ціскам. Мы даклікаліся да фельчара, але ён сказаў, што ў нас няма праблемаў – праблемы ў іншых.

Мы на нарах па двое спалі. На падлозе спалі, пад нарамі. Месца хапала ўпрыцірачку, каб паспаць. Прытым спалі з сінімі спінамі і пабітымі бакамі. У пэўных людзей азадкі былі проста касмічныя – чорна-фіялетавыя. Не проста сінякі, а ўвесь азадак. Ці паласа на ўсю спіну.

У камеры я здолеў абмылкам мыла гаспадарчага прамыць свае рукі, параненыя пры затрыманні.

Збіты АМАПАМ беларус. Фота героя

Уначы пачалі падыходзіць і тых ці іншых людзей забіралі на выхад. У нас вокны выходзілі на вуліцу, і бачылі, што людзі выходзяць больш крывымі і касымі, чым яны былі. Падобна, што іх добра збівалі перад тым, як адпусціць. Таксама нас выклікалі ў калідор і прапаноўвалі падпісаць пратаколы. Пасля быў суд – двойка: суддзя і сакратар і людзі ў клетцы. Суддзя ў асноўным давала ад 10 да 15 содняў.

Пасля ад нас вывелі 16 чалавек, і месца больш менш хапала. Затым падсялілі іншых людзей, якія распавялі, як было ў іншых шклянках. Распавялі, як хлопца ў тышортцы «Арганізатар узгодненых акцыяў» АМАПаўцы збівалі асабліва жорстка, прымушалі крычаць «Я люблю АМАП!». Яму, паводле сукамернікаў, зламалі таз. Дзяжурны па паверсе не хацеў выклікаць хуткую, але фельчар выклікаў. Забіралі яго на каталцы з поўнай фіксацыяй.

Пасля суду нас вывелі ў дворык і паставілі тварам да сценкі з рукамі за спінай. Стаялі гэтак ад абеду да ночы. Стаялі так каля 100 чалавек. Начальнік, які звяраў спісы, здзіўляўся, што суддзя нам усім дала тэрміны, бо ў толькі ў двух-трох раней былі пэўныя прывады і яшчэ ў парачкі былі штрафы за ПДР. Астатнія ўсе былі чыстыя. Там нас нармальна вадзілі ў прыбіральню, давалі вады папіць, але вымушаныя былі стаяць каля шасці гадзін. Калі стала халаднавата, ахова дазволіла рабіць рухі, каб крыху разагнаць кроў. Паколькі ўсе былі пабітыя, гэта ўсё было дзіка балюча.

Пасля мы паехалі далей. Пры перавозцы ўсе дзіка баяліся, што зноў будуць праганяць праз строй».

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

З Акрэсціна затрыманых уначы перавезлі ў Слуцкі ЛПП, дзе ім дазволілі памыцца. Там ва ўсіх былі ложкі, пакармілі два разы. Пасля абеду 13 жніўня іх сталі адпускаць пасля падпісання папераў, што яны шкадуюць пра тое, што ўдзельнічалі ў пратэстах.

Людзей, у якіх раней былі затрыманні за ўдзел у масавых акцыях, пакідалі ў ЛПП.

Пятро Сідаровіч belsat.eu

Стужка навінаў