Аватараў заявіў, што дапамог перадухіліць тэракт у Менску. Судовыя спрэчкі ў справе добраахвотніка


У Фрунзенскім судзе Менску зноў разглядалі справу Тараса Аватарава. Пракурор просіць пакараць яго 5 гадамі пазбаўлення волі. Прысуд будзе вынесены паслязаўтра.

sud_avatarov

Апошняе слова падсуднага

Гэтая частка працэсу была адзінай за сённяшні дзень, як і за ўвесь час, калі ў адрас Аватарава не было заўвагаў пра парушэнне судовага пратаколу і неналежныя паводзіны.

«Адзінае злачынства, якое я здзейсніў у сваім жыцці: я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Будучы добраахвотнікам, я з’яўляюся ідэалагічным злачынцам! Мне сорамна быць грамадзянінам Беларусі. Калі б пра гэта пачулі мае дзед і прадзед, яны паднялі б на вілы прэзідэнта. 70% ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – партызаны і добраахвотнікі. 90% ветэранаў вайны ў Афгане – добраахвотнікі. Да іх таксама можа ўжывацца гэты закон. Гэта таксама ідэалагічныя супраціўнікі? Чаму я павінен выслухоўваць тое, што я парушаю закон?» – казаў Тарас Аватараў.

Тарас сказаў, што пра тэрмін у 5 год ён ведаў яшчэ ў студзені, задоўга да пачатку суда. І зрабіў яшчэ адну гучную заяву:

«Сваймі дзеяннямі я спыніў верагоднасць тэрарыстычнага акту ў Менску. Сведчаннем чаму можа быць пераезд паседжання міжурадавай групы, так званай тройкі, з гатэля «Еўропа» у гатэль «Прэзідэнцкі» і непрыезд – я спадзяюся, ніколі больш гэтыя людзі не прыедуць у горад-герой Менск – лідараў так званых Луганскай і Данецкай народных рэспублік. Тэракт мог быць накіраваны толькі супраць іх», – заявіў Аватараў.

Аватараў звярнуў увагу пракурора, што мае змякчальныя абставіны па 295-ым артыкуле: прызнанне віны, яўка з павіннай, супрацоўніцтва са следствам. Кожная з трох акалічнасцяў, паводле ягоных словаў, мае скарачаць тэрмін у два разы, то бок мае быць 3,5 гады.

«Раю спадару пракурору купіць больш магутны калькулятар, каб палічыць», – заявіў падсудны.

Тарас звярнуў увагу, што ўсе ягоныя хадайніцтвы былі адхіленыя.

Пазіцыя абвінавачвання і абароны

Пад час судовых спрэчак пракурор сказаў, што справа не ўяўляла асаблівых цяжкасцяў ды віна па абодвух артыкулах даказаная цалкам.

Паводле дзяржабвінавачвання, пісаць яўку з павіннай падсуднага ніхто не прымушаў. Граната адносіцца да выбуховых рэчываў, што пацвердзіла экспертыза. Падчас паказанняў абвінавачаны імкнуўся сысці ад адказнасці.

«Выпраўленне Аватарава магчымае толькі ва ўмовах ізаляцыі ад грамадства», – лічыць пракурор.

Паколькі падсудны не меў карыслівай матывацыі, то пакаранне для яго пракурор прапанаваў без канфіскацыі маёмасці: 4 гады пазбаўлення волі па кожным з артыкулаў. У выніку абвінавачванне папрасіла пакараць яго 5 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Адвакатка аспрэчыла, што справа не была цяжкой і ў сваім слове звярнула ўвагу на шэраг супярэчнасцяў, недакладнасцяў, хлуслівых паказанняў. Паводле яе, Аватарава неабходна цалкам апраўдаць.

Абарона аргументавала сваю пазіцыю тым, што ў заключэнні начальніка аддзелу тэхнічных экспертызаў Дзяржаўнай камісіі судовых экспертызаў Ігнатовіча не пазначаная спецыяльнасць эксперта, з чаго вынікае, што дадзеная асоба не можа праводзіць такое даследаванне альбо экспертыза зробленая неналежным чынам. Паводле абароны, няма прычынаў сумнявацца ў паказаннях Івана Поспіха, бацькі падсуднага, які мае вялікі стаж працы сапёрам.

У судзе не былі паказаныя фотаздымкі падрыву гранаты, камісія, якая яго праводзіла, засакрэчаная, а паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу яна мае быць пазначаная.

Таксама адвакат звярнула ўвагу на скончаны тэрмін прыдатнасці прыстасавання на аснове гексагену, якое фігуруе ў справе.

Паводле абароны, частка паказанняў міліцыянера Шуста – хлуслівая. Ён заяўляў, што выкарыстоўваў металадэтэктар пры доглядзе Аватарава ў залі чакання, а на відэазапісе з камераў назірання гэтага не было.

«Адзін са сведкаў, спадарожнікаў майго падабароннага казаў, што ў таксі на ім быў шалік-арафатка. Што такое арафатка, у судзе ён не ведаў. Як дапытваліся сведкі, калі ў пратаколе ёсць словы, якіх яны не ведаюць?» – лічыць адвакат.

Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза

Сёння прачыталі вынікі псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы падсуднага. Паводле яе, Аватараў не пакутуе на расстройствы і мае высокі ўзровень сацыяльнай і побытавай адаптацыі. Свае дзеянні мог рабіць цалкам свядома. З індывідуальных асаблівасцяў Аватарава ў экспертызе пералічаныя эгацэнтрычнасць, інфантыльнасць, імкненне прыцягнуць увагу да сябе і сваіх перажыванняў, ігнараванне сацыяльных нормаў.

Яўку з павіннай напісаў пад ціскам

Хоць у апошнім слове Тарас назваў яўку з павіннай і паказанні ў Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗ) абставінамі, што павінны змякчыць пакаранне, у ходзе судовага следства ён усцяж указваў на тое, што зрабіў гэта «пад ціскам і ўздзеяннем прэпаратаў».

«Я, як дзеючы добраахвотнік і ваеннапалонны, абавязаны адказваць толькі на тры пытанні: імя, званне, нумар», – заявіў ён.

Судовае паседжанне распачалося з пытання суддзі, ці Аватараў прызнае сваю віну. Правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 295 ч. 2 КК «Незаконныя дзеянні з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў», Тарас прызнаў у поўным аб’ёме. Аднак той спрачаецца пра выбуховасць знойдзенай у яго гранаты і плошчы яе паражэння. Віну паводле часткі 2 артыкулу 228 у рэдакцыі 2012 году Тарас не прызнае ўвогуле і кажа, што не перамяшчаў зброі праз мяжу.

Таксама ён адмаўляе свае папярэднія паказанні пра «выкарыстанне гранаты ў выпадку зрыву спецаперацыі» ды сцвярджае пра хлуслівасць паказанняў міліцыянера Шуста, які затрымліваў пасуднага на вакзале ў Менску. Паводле сведчанняў патрульнага, пры затрыманні Аватараў патлумачыў, што знайшоў гранату і сігнальны пісталет пад мостам каля Свіслачы.

У той жа час на пытанне суддзі, якім чынам у ягоных рэчах знайшлі гранату і адкуль у яго веды пра яе канструкцыю і характарыстыкі, Аватараў дае ўпэўнены адказ. «Яе зрабіў мой сябар з Добраахвотніцкага корпуса, але ён нядаўна загінуў. «Як граната аказалася ў Гомлі?» – «Мой сябар беларус. Ён герой». – «Як яна аказалася ў вашых рэчах?» – «Я не ведаю».

Рэакцыя Тараса на пытанні пракурора была досыць разняволенай. Пра паказанні начальніка аддзелу тэхнічных экспертызаў Дзяржаўнай камісіі судовых экспертызаў Ігнатовіча той адказаў: «Я не называў бы яго экспертам». Цытаванне расшыфроўкі свайго допыту ў ГУБАЗ Тарас назваў «хлуснёй пракурора». Ён кажа, што яму абяцалі, што размова будзе «не для справы», аднак яе пратакол фігуруе ў пісьмовых матэрыялах.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў