Аўтуховіч: «Вязні галадаюць з-за адчаю, але шмат хто дае заднюю»


Палітвязень Мікалай Аўтуховіч расказаў belsat.eu, што адчувае зняволены, які адважваецца на доўгую галадоўку.

Ветэран вайны ў Афганністане і прадпрымальнік з Ваўкавыску двойчы трапляў за краты. Праваабаронцы прызналі яго зняволеным па палітычных прычынах. Ягоная галадоўка ў 2008 годзе супраць затрымання і пераследу працягвалася 93 дні.

– Як адчувае сябе вязень, які галадае доўгі час?

– Калі чалавек галадае і бачыць, што на яго не рэагуюць, ён думае пра тое, каб здарылася нешта, каб скончылася галадоўка і нешта вырашылася. Я так чакаў момант, які б дазаоліў мне скончыць галадоўку. Каб усё было лагічна і не было такога, што я сказаў і тут даю заднюю. Магчыма Саўчанка таксама пра гэта думала. Пасля 30-га ці 40-га дня сухой галадоўкі мяне прывезлі ў Горадню, у шпіталь у Пышках. Доктар кажа: «У цябе такі стан, калі пачынаюцца незваротныя працэсы. Калі ты не пачнеш піць, усё можа быць вельмі кепска».

Я адмовіўся і падпісаў дакументы. Мяне павезлі ў турму, дзе я згубіў прытомнасць. Калі ты доўга не еў, ты ўжо не адчуваеш, што там у арганізме адбываецца. Нічога не баліць, проста слабасць. Калі я піў ваду, то штодзень я страчваў 500 грамаў. Калі сухая галадоўка – то 700 і болей.

– Як ставіцца турэмная адміністрацыя да вязняў-галадоўшчыкаў?

– Праз дзверы камеры не бачна, як яны рэагуюць. Вядома, падглядаюць у вочка праз кожныя пяць хвілін: калі раптам страціць прытомнасць, адразу падымаць трывогу. У турме вельмі шмат людзей галадае, якіх прэса не адсочвае. Яны больш баяцца не столькі галадоўкі, колькі галоснасці вакол яе. Калі стан чалавека такі, што яго неабходна вывозіць за плот, у гарадскі шпіталь, то адміністрацыя гэтага баіцца, бо там лекары будуць рабіць справаздачы, чаму ён галадае, супраць чаго і як доўга. Простым зэкам кажуць: нам прасцей цябе спісаць, чым з табой барукацца.

– Адвакат Надзеі Саўчанкі расказваў, што ёй робяць кропельніцы. Гэта можа рабіцца насуперак волі вязня?

– На Валадарцы ў мяне былі кепскія аналізы. Я не адмаўляўся ад кропельніцы, бо ведаў, што маё пытанне не хутка вырашацца: ніхто мяне не выпусціць і суда не будзе. Я разумеў, што кропельніца мне патрэбная. У маім лакцявым суставе венаў ужо не было відаць, таму яны рабілі ўсюды: на запясці, на назе. Вены прападаюць, калі доўга галадаеш. Калі чалавек губляе прытомнасць, гэта могуць рабіць і без ягонага ведама. Калі я прыйшоў у прытомнасць, я стаў больш, чым быў. Ногі не ўлазілі ў тапкі. Гэта з-за таго, што дактары ўключылі кропельніцу занадта інтэнсіўна. Пасля ў камеры нават дазволілі падвесіць тканіну, каб трымаць ногі высока і вадкасць сыходзіла з канечнасцяў.

– Ці Вам удалося аднавіць здароўе пасля галадовак?

-У мяне не было магчымасці прайсці добрае абследаванне нават пасля вызвалення. Не ведаю, ці магчыма гэта ў Беларусі ўвогуле. Некія балячкі сёння ёсць…

– Галадоўка ў турме – гэта апошні крок ад адчаю ці акцыя, якая сапраўды можа прынесці плён?

– Людзі ідуць на гэта ад адчаю. Я ведаю вельмі шмат прыкладаў, калі гэта заканчваецца тым, што яны спыняюцца, бо іх палохаюць. У калоніях так званыя блатныя такім пачынаюць пагражаць. Я падымаў шум у прэсе, праваабаронцы прыязджалі ў калонію ў Івацэвічы. Тады адміністрацыя пачынала давіць на чалавека і ён адмаўляўся. Да мяне адзін такі падыходзіў: «Прабач, але я даю задні ход».

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў