Аўтаркі гісторыі пра мсціўцу Алену з Беларусі: «Гэтая краіна вартая коміксу!»


Дзве польскія студэнткі палічылі Беларусь найменш вядомай краінай Еўропы і вырашылі, што гэта іх шанец зрабіць кар’еру ў свеце коміксаў. Мы паразмаўлялі з аўтаркамі «Trumian Show» і «Вянок» пра краіну, якую яны пазнаюць праз інтэрнэт і сюжэт трылера, які разгортваецца дзесьці паміж Беларуссю і СССР.

Патрыця Пустэльнік (псеўд. Arttricia) – вывучае камп’ютарную графіку ў Бельску-Бялай.

Агата Хоп (псеўд. Hop Hop) – студэнтка Акадэміі мастацтва ў Варшаве.

Абедзве малююць коміксы з дзяцінства і хочуць ператварыць сваё захапленне ў прафесію.

Іхнаю брамаю ў кар’еру можа стаць гісторыя пра Алену – беларускую жанчыну, галоўную гераіню комікса «Trumian Show», які спалучае ў сабе ўсходнеславянскі фальклор, шэрую атмасферу СССР і чорны таранцінаўскі гумар. Цяпер дзяўчыны працуюць над серыяй пра ейную маладосць – «Вянок».

Галоўная гераіня коміксу Патрыцыі Пустэльнік і Агаты Хоп

– Як так здарылася, што вы вырашылі распавесці пра Беларусь?

Патрыцыя Пустэльнік: – Перад «Trumian Show» я зрабіла праект, у якім нарадзілася мая гераіня Алена. Я хацела, каб яна паходзіла са славянскай краіны, блізкай да Польшчы. Тады мой сябар прапанаваў: «Няхай гэта будзе Беларусь, бо гэта краіна, пра якую ніхто нічога не ведае». Я вырашыла, што гэта сапраўды добрая ідэя. Дарэчы, звычайна ў амерыканскіх коміксах герой-антаганіст паходзіць з Расеі.

Ніхто не піша пра Беларусь. У польскіх кнігах і падручніках гэтая краіна – шэрая пляма. Я перажываю за лёс беларусаў і вырашыла, што Алена будзе моцнай гераіняй, бо Беларусь – гэта краіна, пра якую трэба казаць.

– Якая Беларусь у вашым коміксе?

ПП: – Я занялася перыядам Савецкай Беларусі і паспрабавала перайсці ў бок фальклору. Мне вельмі падабаецца, што беларусы не згубілі свае карані і клапоцяцца пра сваю фальклорную спадчыну. З іншага боку, рэпартажы, якія я чытала і глядзела, сведчаць, што шмат беларусаў нічога не ведаюць пра значэнне сімвалаў, якія яны носяць. Я таксама даведалася, што ў іх вялікая праблема з роднай мовай, што расейская мова там дамінуе, а беларуская рэдка выкарыстоўваецца і гэта таксама выклікала маю цікавасць.

Агата Хоп: – Культура Беларусі натхняе. У школе мастацтваў я даведалася, што там захавалася шмат славянскіх традыцыяў, шмат скульптураў ранняга славянскага перыяду. Беларусь – гэта таямніца, бо мы не можам пра яе даведацца шмат. У Польшчы мала інфармацыі пра гэту краіну, і цяжка яе атрымаць ад саміх беларусаў.

Алёна ў беларускім народным строі. Аўтары: Патрыцыя Пустэльнік і Агата Хоп

ПП: – Маладое пакаленне не шмат можа распавесці. «Белсат» стаў для мяне добрай крыніцай інфармацыі на польскай мове.

– Ваш інтарэс прыйшоў звонку? Ці вы неяк звязаныя з Беларуссю?

АХ: – Я магу мець беларускія карані, бо мой дзед родам з Крынак на Падляшшы, а родныя па ягоным баку жывуць далей на ўсход. Капнуць глыбей я не змагла. Трэба было б шукаць у архівах і касцельных метрыках.

– Ці былі вы калі-небудзь у Беларусі?

АХ: – Толькі непадалёк ад польска-беларускай мяжы, а ў самой Беларусі ніколі. Калі будзе добрая нагода, я туды паеду.

ПП: – З задавальненнем туды б паехала – фатаграфіі з Беларусі могуць прыдасца ды і паездка ў краіну заўсёды лепш, чымся інфармацыя з інтэрнэту.

– Чаму ваш комікс такі змрочны?

АХ: – Патрыцыя пачала рабіць «Trumian Show» сама, а я далучыўся пазней. Яго канцэпцыя ўзнікла праз цікавасць да жанру, цёмнага трылера, чорнага гумару. Крыніцаю натхнення быў Стывен Кінг і Квенцін Таранціна.

ПП: – Яны мяне вельмі натхнялі. «Trumian Show» павінен быў быць міксам іхных стыляў. Таму наша Алена спачатку такая змрочная. Потым менш, а ў «Вянку» маленькая, спалоханая дзяўчынка.

Паводле аўтарак, Алена мае рысы Монікі Белучы і Клінта Іствуда. Аўтары: Патрыцыя Пустэльнік і Агата Хоп

– Як бы вы апісалі сваю гераіню? Хто яна?

ПП: – Яна вельмі эксцэнтрычная. Я хацела, каб яна візуальна выглядала як спалучэнне Клінта Іствуда і Монікі Белучы. Яна моцная, але інтравертная, загадкавая, хаваецца за сарказмам. Гэта выклікана траўмай з мінулага. Таму ў сваёй абароне яна выкарыстоўвае атаку, інтэлектуальную атаку.

– Чаму такая прыгажуня ідзе на забойствы?

ПП: – Яна забівае, бо вырашыла пакараць тых, хто яе пакрыўдзіў. Яна не забівае добрых людзей. Яна ліквідуе забойцаў і найгоршых прадстаўнікоў чалавецтва.

АХ: – Яна – мсціўца. Беларускі карнік у спадніцы, які мае свае правілы.

– То бок мае сваё разуменне маральнасці?

АХ: – Так, яна не амаральная, яна спрабуе выратаваць людзей ад зла, якое з здарылася з ёй, пра гэта мы распавядзем у «Вянку».

ПП: – Алена ні добрая, ні дрэнная. Гэта шэры колер. Усё, што яна робіць, з’яўляецца вынікам учынкаў яе бацькі. Адсюль ейная сіла, якая дапамагае ёй.

Падлетак Алена набывае звышнатуральныя здольнасці. Якія? Стваральніцы коміксу трымаюць гэта ў таямніцы. Аўтары: Патрыцыя Пустэльнік і Агата Хоп

АХ: – Увогуле, канцэпцыя падзелу людзей на добрых і дрэнных даволі цікавая. Нядаўна мы разважалі пра тое, што большасць з нас шэранькія. У кожным ёсць крыху цёмнага і крыху белага. Некаторыя робяць больш дабра, іншыя больш зла, але людзей абсалютна злых ці добрых людзей няма. Нават самыя лепшыя людзі здзяйсняюць злачынствы, а часамі вырадкі становяцца героямі.

ПП: – Алена забівае тых, хто крыўдзіць іншых. Нашая гераіня таксама не любіць камуністаў і з дзяцінства ёй не падабаюцца расейцы. Яна патрыётка.

– Год таму вы выпусцілі «Trumian Show». Цяпер вы працуеце над «Вянком». Калі ён з’явіцца і на якім вы цяпер этапе?

ПП: – Будзе гатовы да канца лета.

АХ: – Мы працуем над раскадроўкай. Ужо напісалі сцэнар некалькіх раздзелаў. Сам працэс стварэння коміксаў даволі працяглы. Канцэптуальная праца доўжыцца некалькі месяцаў, напрыклад, «Вянок» мы прадумвалі цягам года.

Спачатку прадумваецца канцэпцыя, а потым паўстае эскіз. З архіваў Патрыцыі Пустэльнік і Агаты Хоп

Калі пытанне, якая тэма будзе ў якім раздзеле вырашаецца, пераходзім да раскадроўкі – вырашаем, якія малюнкі будуць у гэтай сцэне. Пасля думаем над кампазіцыяй рысункаў у кадрах. Выкідваем лішняе і пакідаем патрэбнае.

Як толькі маем раскадроўку, пачынаецца этап малявання эскізаў, якія запоўняць нашыя кадры. Звычайна мы дзелімся працай.

Наступным этапам з’яўляецца стварэнне чыстага line art. І гэта ўжо мая праца. Я раблю чыставы варыянт без тэхнічных памылак, уношу карэктывы ў анатомію персанажа. Пасля гэтага Патрыцыя накладвае колер, стварае перспектывы і прастору колераў.

Аўтаркі коміксаў апрацоўваюць свае малюнкі на камп’ютары. З архіваў Патрыцыі Пустэльнік і Агаты Хоп

На самы канец пакідаем дадаванне «аблокаў» пад тэкст. Па тэкстах кансультуемся з рэдактарамі, каб пазбегнуць арфаграфічных ці сінтаксічных памылак. Фізічная праца над коміксам звычайна займае адзін-два месяцы. У выніку застаецца толькі публікацыя.

– Комікс з’явіцца ў папяровай версіі ці ў інтэрнэце?

АХ: – Інтэрнэт-коміксы цяпер дамінуюць, бо вы можаце іх самастойна публікаваць і выдавецтва вам не патрэбнае. Вам таксама не трэба інвеставаць у паперу і друк. Друкаваныя коміксы – рэч эксклюзіўная, калекцыйная, але яны надалей друкуюцца.

ПП: – Мы публікуем у інтэрнэце, бо ў нас па замоўчванні ёсць шырокая група чытачоў, нам прасцей дабрацца да іх. Дзякуючы Інтэрнэт-платформе Webtoon мы можам знайсці кліентаў па ўсім свеце, таму мы імкнемся дабрацца перш за ўсё туды. Менавіта дзякуючы онлайн-коміксам вы можаце сёння вылучыцца і нават зарабіць на гэтым.

Аўтары: Патрыцыя Пустэльнік і Агата Хоп

– Ці ведаеце вы аўтараў коміксаў з Беларусі?

АХ: – На Webtoon’е не сустракалі. Ёсць адзін расейскі аўтар, але большасць там – амерыканцы, японцы і карэйцы, якія стварылі гэтую платформу.

ПП: – Людзі з Еўропы толькі пачынаюць там з’яўляцца, але яны малююць у амерыканскай і азіяцкай стылістыцы і тэматыцы. Ім не хапае ідэяў, каб прывабна паказаць сваю краіну, таму яны капіююць амерыканскія і японскія коміксы. У выніку нешматлікія еўрапейскія аўтараў распазнавальныя і звязаныя з Еўропай.

АХ: – Ёсць таксама аўтары з Польшчы, якія спрабуюць прапагандаваць славянства або польскасць. Але з цягам часу яны адмаўляюцца і пачынаюць публікаваць коміксы, якія лягчэй зразумець на Захадзе ці ў Азіі.

– І вашай ідэяй стаў трылер пра Беларусь?

АХ: – Так, мы хочам стварыць комікс з інтрыгаю, цемраю і падзеямі, якія часткова адбываюцца ў СССР.

ПП: – Гэты комікс цяпер падзелены на дзве серыі: «Вянок», які распавядае пра дзяцінства Алены ў беларускай вёсцы. Там шмат народных вераванняў, фальклору. Другая серыя, якая была першай, – гэта «Trumian Show», дзе Алена ўжо дарослая – мы паказваем там тое, што здарылася пасля.

Беларускі гурт Naviband натхніў Патрыцыю Пустэльнік і Агату Хоп на стварэнне гэтай графікі

– Ці будзе ваш комікс перакладацца?

ПП: – Мы хацелі б прыцягнуць новых чытачоў, каб выйсці з залы чакання Webtoon. Калі нам гэта ўдасца, мы зможам трапіць у іхныя арыгінальныя серыі, якія маюць большую аўдыторыю. Гэта найлепшыя коміксы, якія маюць добрыя сюжэтныя лініі, яны каляровыя і маюць іншыя асаблівасці, якія сведчаць пра высокі клас. Але пераклад нам таксама не зашкодзіць. Мы хочам перакласці «Вянок» на беларускую мову. Усё-ткі там падзеі адбываюцца ў Беларусі.

– У вас ужо ёсць перакладчык? Можа гэта інтэрв’ю – добрая нагода, каб запрасіць такога смельчака да супрацы?

ПП: – Мы яшчэ не шукалі перакладчыка ў Беларусі ды і не закладалі беларускі пераклад у наш бюджэт, бо мы самыя не зарабляем на гэтым. Але калі б беларус хацеў перакласці наш комікс на сваю мову, мы прынялі б яго дапамогу з абдымкамі. Мы хочам, каб гэты праект дайшоў да як мага большай колькасці людзей, таму што Беларусь – гэта краіна, якая заслугоўвае на свой комікс.

Хочацца, каб людзі не глядзелі на яе не як на шэрую краіну ў арбіце Расеі, а як на дзяржаву са сваімі традыцыямі і звычаямі. Няхай яны даведаюцца, дзе знаходзіцца Беларусь, і ў чым яна асаблівая.

– Вам падаецца, што ваша змрочная гісторыя стварае пазітыўны вобраз Беларусі?

ПП: – «Trumian Show» не, бо гэта спецыфічны комікс для сапраўдных аматараў. А вось «Вянок» так. Мы змясцілі яго ў пачатак нашай гісторыі і верым, што клімат «Вянка» стане добрай рэкламай для Беларусі.

Wywiad
Białoruska literatura fantasy: od Mickiewicza do Szeina
2017.04.25 19:50

З аўтаркамі трылера пра Беларусь размаўляў Пётр Яворскі. Размову пераклаў Юрась Высоцкі.

belsat.eu

Стужка навінаў