Аўтарка праграмы «Зона Ікс»: былы прэзідэнт ваюе з уласным народам

Людзі пайшлі на мірны пратэст, бо скралі іхныя галасы, кажа нашая суразмоўца, журналістка і пісьменніца Ксенія Бахарава. У размове з карэспандэнтам belsat.eu яна ўзгадвае 9 жніўня і два тыдні, якія была вымушаная правесці ў больніцы. Пры канцы размовы Ксенія падсумоўвае: я проста была на вайне.

Ад «Зоны Ікс» да дэтэктываў

«Мне 60 гадоў, усё сваё жыццё, з 17 гадоў я працавала на дзяржаўным тэлебачанні. У 2000-м годзе я заснавала праграму «Зона Ікс», яна ідзе ў эфіры да гэтага часу. Для ОНТ я рабіла праграму «Злачынства стагоддзя». Гадоў 15 я займалася праваахоўнай тэмай, маю медалі ад Камітэту дзяржаўнай бяспекі, шмат усялякіх узнагародаў і грамат».

«Я займалася крымінальнай тэматыкай не таму, што падтрымліваю дзейную ўладу, а таму, што мне было гэта цікава», – адзначае Ксенія.

Ксенія Бахарава. Фота: Света Фар / «Белсат»

«Апошняе маё вяртанне на ОНТ было ў 2018 годзе, я была дырэктарам дырэкцыі спецпраектаў і сышла праз 6 месяцаў. Было вельмі сумна, што тэлебачанне перастала быць тэлебачаннем, а ператварылася ў арганізацыю, якая абслугоўвае аднаго чалавека. Цяпер я пішу дэтэктывы, адна кніга выйшла пры канцы мінулага года, цяпер рыхтуецца да выдання яшчэ адна. Агулам напісаныя тры кнігі, пішу чацвертую, бо я доўга займалася крымінальнай тэмаю і ў мяне шмат розных гісторыяў».

Выбарчы вечар

«9-га жніўня мы з дачкою пайшлі да гімназіі № 37, дзе галасавалі, і меліся дачакацца выніковых пратаколаў галасавання. Але замест пратаколаў мы дачакаліся аўтазак. Нас было спачатку чалавек 100, пасля засталося чалавек 50, мы сталі ў счэпку, але міліцыянты з аўтазаку нас не чапалі. Іх цікавіла зусім іншае. Яны пад’ехалі да службовага выхаду і адтуль выйшлі старшыня і намеснік старшыні выбарчай камісіі з 2 торбамі нашых галасоў. Яны пагрузілі гэта ўсе ў аўтазак і з’ехалі».

«Пасля гэтага ўсе людзі, якія былі, пайшлі ў суседнюю школу на вуліцы Акадэміка Фёдарава, там было чалавек 300 і там сітуацыя паўтарылася. Таксама прыязджаў аўтазак, людзі скандавалі «Ганьба»… Пасля ўсе пайшлі да Стэлы, гэта было ўжо каля 22 гадзінаў».

«Уся нашая вялікая сям’я мяне падтрымлівае, кажуць, што я герой, але я проста выканала свой грамадзянскі абавязак», – кажа Ксенія Бахарава. Фота: Света Фар / «Белсат»

«Мы паехалі да Стэлы на аўтамабілі, была абсалютна святочная атмасфера, усе аўты гулі… Мы прыпаркаваліся недзе ў раёне Ціміразева і пайшлі ў бок Стэлы. У выніку мы дайшлі па Машэрава амаль да супермаркету Bigzz, да Стэлы нам заставалася метраў 200. На супрацьлеглым баку вуліцы было вельмі шмат асобаў, можа быць, 10 тысяч. І раптам прагучалі залпы, гэта былі святлошумавыя гранаты, ад нас яны ўпалі, напэўна, за 20 метраў, я нават спрабавала зняць гэта на тэлефон… Пасля раптам нехта закрычаў: АМАП. Усе пачалі бегчы ў розныя бакі. Я развярнулася, але мне ўжо не 20 гадоў, таму як я магла адтуль збегчы. Літаральна праз некалькі секундаў чалавек у чорнай майцы з жоўтым надпісам АМАП штурхануў так, што мяне літаральна ўпячатала ў лесвіцу на ходніку, што была побач са мною. Ён мяне штурхануў з гэткаю сілаю, што ў мяне адразу павісла рука і было зразумела, што яна зламаная. Было такое адчуванне, што АМАПавец штурхануў адмыслова, зусім не таму, што я стаяла ў яго на дарозе. Бо ён штурхануў і пабег далей».

«Калі я ўпала, дачка мяне падхапіла з аднога боку, яшчэ незнаёмая жанчына мяне падняла з другога боку і вось так мы прайшлі метраў 10. А пасля я пачала траціць прытомнасць. Гэта быў самы страшны момант. Усё разбягаюцца, бяжыць АМАП, а я ісці не магу, са мною побач дачка і нейкая жанчына. Мяне завялі ў суседні двор, пасадзілі на лаўку і пачалі выклікаць хуткую, якая адмаўлялася прыязджаць».

«У выніку выявілася, што гэтая незнаёмая жанчына жыла побач, яна мяне пусціла да сябе ў кватэру, ужо там я чакала хуткую. І ўвесь час пад вокнамі разрываліся святлошумавыя гранаты, пасля пусцілі газ».

«Менавіта ў той вечар аўтазак наехаў на людзей, увесь час стралялі, былі сапраўдныя ваенныя дзеянні супраць мірных грамадзянаў, кажа суразмоўца «Белсату».

«Пазней усё ж такі прыехала хуткая і забралі мяне ў Больніцу хуткай медычнай дапамогі. Рэнтген паказаў, што ў мяне разбітая шэйка пляча, патрэбная складаная аперацыя і трэба класціся ў больніцу. Наступныя 2 тыдні я была ў шпіталі, аперацыю зрабілі 12 жніўня.

За 2 тыдні я назірала ўсе жахі трохдзённае вайны, а пасля – жахі Акрэсціна»

«Тое, што ахвяраў не 6 асобаў, якіх мы ведаем на сёння, – гэта 100 адсоткаў. 4-5 дзён таму лекары казалі, што за час пратэстаў загінулі каля 40 чалавек. Але яшчэ ж не ўсе выйшлі з Акрэсціна і пытанне, ці выйдуць».

Намеснік міністра ўнутраных справаў Аляксандр Барсукоў цвердзіць, што ў ЦІП на Акрэсціна нікога не катавалі. Менск, 13 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

[Паводле інфармацыі belsat.eu у ноч з 9 на 10 жніўня ў Больніцу хуткай медычнай дапамогі паступіла 19 пацярпелых ад раненняў гумавымі кулямі, двух чалавек прааперавалі].

«Калі пачалі прывозіць ахвяраў Акрэсціна, у больніцу паступала 150-160 асобаў штодня, большасць мелі траўмы ад біцця дубінкамі, людзі прайшлі праз сапраўдныя катаванні. У палаце на паверх ніжэй ляжала дзяўчына, якая зрабілася ахвярай садысткі, імя якой пакуль не могуць вызначыць [паводле сведчання відавочцаў, працаўніцу міліцыі, якая вельмі жорстка ставілася да затрыманых і катавала людзей, завуць або Карына, або Крысціна. – Belsat.eu] у дзяўчыны быў разрыў яечнікаў, траўмы на плячы, зламаная ключыца. Усё, што я бачыла, можна назваць генацыдам супраць уласнага народу, гэта не паддаецца ніякаму тлумачэнню. Калі Гітлер ваяваў з чужымі нацыямі, то наш былы прэзідэнт, ён ваюе з уласным народам».

Узнагароды Ксеніі Бахаравай, у тым ліку ад Генпракуратуры і КДБ. Фота: Света Фар / «Белсат»

Шкадавала б, калі б не пайшла

«Як толькі я патрапіла ў больніцу, на наступны дзень, пасля таго як мне зрабілі аперацыю, да мяне прыйшла следчая з Кастрычніцкага аддзелу Следчага камітэту, апытвала мяне і ў выніку настаяла на тым, каб я напісала, што я не маю прэтэнзіяў да АМАП, маўляў – да каго канкрэтна могуць быць прэтэнзіі, да спіны? Я ж не ведаю, хто мяне штурхануў. Яна прымусіла мяне падпісаць адмову ад судова-медычнай экспертызы, каб у мяне не было праблемаў».

Узнагароды ад Камітэту дзяржкамітэту. Фота: Света Фар / «Белсат»

«З іншага боку, што са мною здарылася і без таго зразумела, рэнтген усё паказаў, іншых сінякоў у мяне няма. Я разумею, што, калі ўлады зменяцца, можна будзе дамагчыся справядлівасці, але на сённяшні момант ісці ў суд ці пракуратуру – гэта проста марнаваць час і маральныя сілы».

Я верыла ў сістэму праваахоўных органаў

«Такую рэакцыю міліцыянтаў я тлумачу тым, што за 26 гадоў адбылася селекцыя новага чалавека, які папросту недачалавек. Напрыклад, я ў больніцы пазнаёмілася з жанчынай, якая працуе ў Генеральнай пракуратуры, яна прыйшла дапамагаць хлопцу сваёй дачкі, які быў на Акрэсціна, аформіць заяву. Пры гэтым яе саму адправілі ў адпачынак напярэдадні выбараў толькі за тое, што яна лайкнула ў сацыяльных сетках пост пра дыджэяў з Кіеўскага скверу. Проста лайк – і ты ўжо вораг. Вось да такой ступені іншадумства выкарчоўваецца.

Узнагароды ад Камітэту дзяржкамітэту. Фота: Света Фар / «Белсат»

Калі ў 2018 годзе я прыходзіла на ОНТ ад мяне запатрабавалі пачысціць усе сацыяльныя сеткі, каб не было ніякіх падпісак, не дай бог, на недзяржаўныя і апазіцыйныя выданні. Гэта палітыка дзяржавы: калі ты ў карпаратыве, ты не маеш права нават лайкаць тое, што не ўваходзіць у карпарацыю, што не адпавядае духу прэзідэнцкіх уладаў».

«Я верыла ў сістэму праваахоўных органаў, але сёння гэта выключна карніцкія органы, па-іншаму я іх назваць не магу», – падсумоўвае Ксенія Бахарава.

Ксенія – ляўша, і цяпер ёй трэба вучыцца пісаць і есці правай рукою. Фота: Света Фар / «Белсат»

За час пратэстаў, паводле МУС, затрымалі каля 7000 асобаў.

  • 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, якога, паводле відэакрыніц, застрэлілі на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
  • У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня. Афіцыйна прычыны смерці высвятляецца.
  • 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла аўта на Партызанскім праспекце.
  • 19 жніўня ў вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
  • У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова. Сябра ўчастковае камісіі, ён адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам. Прычыны смерці пакуль невядомыя.
  • Мікіта Крыўцоў стаўся шостым актывістам, які загінуў у Беларусі з пачатку пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Ён знік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова знайшлі 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску.

НА belsat.eu

Hавiны