Аўтар фільму пра мастацтва беларускіх ЖЭСаў стаў найлепшым рэжысёрам фестывалю «Артдокфэст»


Дэбютны фільм Максіма Шведа «Чыстае мастацтва» атрымаў прыз за найлепшую рэжысуру на міжнародным фестывалі аўтарскага дакументальнага кіно «Артдокфэст», які праходзіў у Рызе з 19 да 26 кастрычніка.

На дыскусіі, прысвечанай фільму, прэзідэнт фестывалю «Артдокфэст», рэжысёр і прадзюсар Віталь Манскі адзначыў высокую візуальную культуру «Чыстага мастацтва».

«Манскі, які не любіць кампліментаў, сказаў, што фільм зроблены вельмі цікава візуальна і бачна руку майстра, што рэдка першыя карціны рэжысёраў гэтак выглядаюць, – распавёў Максім Швед «Белсату». – У гэтым заслуга нашага аператара з Польшчы, Гжэгажа Хартфеля, вельмі дасведчанага, – ён зняў больш за дзесяць фільмаў. І здымае ён у стылі, у якім мы хацелі – і пад гэты праект мы шукалі менавіта яго».

Адзіныя сцэны, знятыя іншым аператарам, – здымкі з дрону, распавядае аўтар стужкі.

У склад асноўнага журы ўвайшлі ўкраінскі рэжысёр Раман Балаян, журналістка і грамадская дзяячка Жанна Нямцова ды знаўца кіно і кінакрытык Абрам Клецкін. Фота – «Артдокфэст»

«Ён падрабязна напісаў нам усё са схемамі, пазначыў, што, дзе, куды і як – і гэтыя сцэны зняў беларус Павел Якушэвіч», – працягвае Швед.

Малевічы з ЖЭСаў

У сваёй стужцы Швед даследуе апантанасць беларускіх уладаў чысцінёю вуліцаў – і паказвае нашыя рэаліі з нечаканага боку.

Фільм – своеасаблівы дыялог мастака-абстракцыяніста Захара Кудзіна з працаўнікамі сталічных ЖЭСаў, якія штодня замалёўваюць графіці і надпісы на дамах рознакаляровымі квадратамі і прастакутнікамі. Праз гэта горад міжвольна становіцца галерэяй працаў, якія нагадваюць супрэматызм Казіміра Малевіча.

Кудзін натхняецца процьмай геаметрычных фігураў – і стварае адказ ім на палатне.

Hавiны
Беларускія ўлады ставяць на Малевіча: інтэрв’ю з рэжысёрам фільма «Чыстае мастацтва»
2019.05.28 16:44

Паводле Шведа, фільм галоўнаму герою спадабаўся.

«На беларускую прэм’еру фільму ў межах кінафестывалю «Лістапад», дзе «Чыстае мастацтва» удзельнічае ў конкурсе, я запрасіў таксама жанчын з ЖЭСаў. Здымкі адбываліся ў 2017 годзе – яны можа і забыліся, што здымаліся. Спадзяюся, ім таксама спадабаецца», – дадае Швед.

У фінансаванні і здымках карціны паўдзельнічалі, між іншага, Польскі інстытут кінамастацтва, а таксама тэлеканал «Белсат».

Разам з дыпломам «Артдокфэсту» Максім Швед атрымае 1000 еўраў.

 

Галоўны спонсар узнагародаў фестывалю – тэлебачанне «Current Time», супольны праект радыё «Свабода» і «Голасу Амерыкі».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў