«Аўтакефалія павінна быць у галовах». Вялікая гутарка з Аляксандрам Шрамко, супраць якога выступіла БПЦ


У савецкія часы ён падпольна даставаў рэлігійную літаратуру і хадзіў у храм, пры Лукашэнку – пачаў выступаць з публіцыстычнымі артыкуламі, якія не падабаліся ўладам. Сёлета Беларуская праваслаўная царква пазбавіла яго права служыць за крытыку шматлікай аховы расейскага патрыярха Кірыла.

У вялікім інтэрв’ю belsat.eu святар Аляксандр Шрамко распавёў пра свой шлях да веры, праблемы ўнутры БПЦ і патлумачыў, чаму Беларусь пакуль не гатовая да аўтакефаліі.

Аляксандр Шрамко, фота Ірына Арахоўская/Белсат

«У 70-я на Пасху моладзь хадзіла да царквы з цікаўнасці»

– Якім чынам вы ў жыцці прыйшлі да хрысціянства?

– Я вырас у звычайнай савецкай сям’і, дзе не ведалі рэлігіі. Па звычцы адзначалі Пасху – проста стукаліся фарбаванымі яйкамі. Мае дзяцінства выпала на 60-я гады, і гэта быў пік хрушчоўскай антырэлігійнай прапаганды. Яшчэ ў школе я зразумеў, што камуністычная ідэя – хлусня, мне хацелася адшукаць новую ідэю, на якой трымаўся б свет.

Пасля школы я паступіў у БДУ на факультэт радыёфізікі і электронікі. Гадоў у 19 я зацікавіўся філасофіяй Срэбнага стагоддзя, пачаў чытаць Салаўёва, Розанава, Дастаеўскага, дзе вельмі часта эпіграфы – радкі з Евангелля.

У 1977 годзе мы з сябрам пайшлі ў царкву на Пасху. Увечары перад храмам сабраўся натоўп моладзі, якая проста тусавалася там з цікаўнасці. Іх не пускала ўнутр міліцыя, каб яны не ўчынілі цісканіну. У гэтым натоўпе мы пазнаёміліся з чалавекам, які правёў нас праз кардон. І гэты ж чалавек паабяцаў нам на наступны дзень паказаць «штосьці больш цікавае». Такім чынам мы трапілі ў баптысцкую царкву. Тады ў Менску была ўсяго адна баптысцкая царква на ўскрайку гораду, цяпер яна называецца «Галгофа». Там мне ўпершыню далі ў рукі Новы Запавет. Бо немагчыма ж было набыць царкоўныя кнігі нідзе…

Менскі кафедральны сабор у пачатку 80-х, фота minsk1067.livejournal.com

 

– І як потым перайшлі ў праваслаўе?

– Баптысцкае хрышчэнне – прыгожы абрад: усе ў белай вопратцы, на беразе вадаёму. А перад ім прынята публічна спавядацца. Я гэта зрабіў, але да хрышчэння справа не дайшла. Ну, ведаеце, малады быў, розныя жыццёвыя справы, жаніцьба. Перастаў да іх хадзіць, а потым было неяк сорамна вяртацца. Давялося б тлумачыць, чаму я на доўгі час знік. А потым аднойчы я зайшоў на службу ў кафедральным саборы. Гэта была мая першая праваслаўная служба ў жыцці. Моладзі на той момант было там мала, таму на кожнага маладога чалавека адразу звярталі ўвагу.

Аляксандр Шрамко нарадзіўся ў 1957 годзе. вырас у Менску. У 1980-м скончыў БДУ, пазней навучаўся ў Менскай духоўнай семінарыі. У 1994 годзе рукапакладзены ў святары. Служыў у Свята-Пакроўскай царкве і прыходзе Святого Міхаіла Архангела, паралельна выступаючы з публіцыстычнымі артыкуламі ў рэлігійнай і звычайнай прэсе, што не спадабалася епархіяльным уладам. У 2007 годзе за сваю актывісцкую дзейнасць пазбаўлены права служэння на два гады. Пад ціскам царкоўнага кіраўніцтва быў вымушаны прынесці публічнае пакаянне, але друкаваць артыкулы працягнуў. Восенню 2018-га канчаткова адхілены ад служэння ў БПЦ праз крытыку патрыярха Кірыла, які прыехаў у Менск з празмернай колькасцю ахонікаў.

Мяне заўважыў чалавек арыгінальнага выгляду, падобны да хіпі. Ім аказаўся айцец Андрэй Лемяшонак, які цяпер вядомы протаіерэй, а тады служыў царкоўным вартаўніком. Мы пазнаёміліся, ён пачаў перадаваць мне самвыдатаўскую рэлігійную літаратуру, прычым я дзіўлюся, як ён здолеў не патрапіць за гэта пад пераслед, за распаўсюд такіх кніг маглі ж прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

– А вы самі траплялі ў поле зроку праваахоўнікаў за цікаўнасць да царквы?

– Нейкім цудам – не. У нас ва ўніверсітэце быў вельмі непрыемны выкладчык па навуковым атэізме, заўжды паліваў брудам веру, рэлігію. І я прапанаваў аднагрупніку зладзіць вечар пытанняў і адказаў і запрасіць туды не толькі студэнтаў, але і маіх знаёмых баптыстаў. Праўда, у апошні момант хтосьці стукануў і мерапрыемства адмянілі. Але той, хто стукануў – ведаў толькі аднаго арганізатара, а мяне не ведаў. Аднагрупніка прымушалі сказаць, хто другі, але той не прызнаўся і мяне не здаў. У выніку яго выключылі з камітэту камсамола.

Мітрапаліт Філарэт з Лукашэнкам, 90-я гады, фота Reuters

Служэнне на вёсцы, царкоўная школа і «ракавая лічба» 37

– Я ездзіў дапамагаць святару ў вёску Забалоцце, з якім мяне пазнаёміў той жа Лемяшонак. Гарадскія святары былі тады вельмі асцярожныя, чакалі сачэння з боку органаў, а сельскія – больш разняволеныя.У Забалоцці я ўпершыню пачаў служыць сам. Ну і на пачатку 90-х, калі ўзнікла «Аб’яднанне міласэрнасці», мы хадзілі ў цэнтр гематалогіі, дзе ляжалі дзеці з анкалогіяй крыві. Мы суцяшалі іх, але галоўная праца была з бацькамі, іхныя дзеці паміралі і мы суцяшалі сем’і.

– А дзе вы тады афіцыйна працавалі?

– Па сваёй тэхнічнай адукацыі я адпрацаваў 8 гадоў. Потым зразумеў, што не хачу працягваць навуковую кар’еру. Пакуль шукаў сябе – уладкаваўся дворнікам, каб атрымаць службовую аднапакаёўку, бо як раз ажаніўся.

У 1991-м годзе айцец Ігар Карастылёў з менскага прыходу «Усіх тужлівых радасць» прапанаваў мне ўдзельнічаць у адкрыцці царкоўнай школы. Мы даволі хутка сабралі людзей, тады была вялікая цікаўнасць да рэлігіі. Бацькі прыводзілі дзетак па нядзелях, а ў выніку самі заставаліся на заняткі.

Потым я трошкі пазаймаўся выдавецкай дзейнасцю. У выніку прыйшоў да высновы, што мне застаецца прысвяціць жыццё служэнню. Мяне ведалі як царкоўнага актывіста, таму без праблем узялі служыць у Свята-Пакроўскі прыход. Прашэнне я падаў на свой трыццаць сёмы дзень народзінаў. 37 – ракавая лічба была для шматлікіх творцаў, вось і я вырашыў, як у вядомай песні Высоцкага – «лечь виском на дуло». Ішоў 1994 год.

Пасведчанне святара, выдадзенае Шрамко незадоўга да пазбаўлення права служыць, фота ahilla.ru

«Калі царква сама напрошваецца на прывілеі ад дзяржавы – гэта кепска»

– За ўвесь час служэння ад 1994 году, якія праблемы ў беларускай царкве вы заўважылі? Прасцей кажучы, што з ёй не так, на ваш погляд?

– Калі ты выдаеш кнігу пра сутнасць веры – людзям гэта не так цікава, як штосьці звязане з палітыкай або практычныя парады. Ім падавай калярэлігійную канспіралогію, пену, якая збіраецца на паверхні. Глыбіннага разумення духоўных працэсаў у нашага народу няма.

Яшчэ адна праблема – Беларуская праваслаўная царква занадта клерыкальная, закрытая. Гэта наступства савецкіх часоў, калі духавенства не магло свабодна камунікаваць з прыхаджанамі. Такое стаўленне прывяло да таго, што сёння чалавек наведвае царкву як кліент, «для задавальнення патрэбаў», па схеме «вы мне – я вам».

– Падаецца, цяпер і ў Расеі, і ў Беларусі дзяржава і царква вельмі шчыльна звязаныя. Як вы ставіцеся да гэтага?

– Не трэба кожны раз асуджаць кампраміс. Тут важна, на якім баку царква. Раней святарам ставілі ўмовы. Выконваючы іх, тыя маглі хоць неяк працягваць служыць, займаць царкоўныя пасады. То бок дзяржава давіла, а царква была вымушаная з ёй гуляць дзеля захавання сваіх інтарэсаў. А сёння, калі наўпроставага ціску няма, а царква сама напрошваецца на нейкія прывілеі ад уладаў – гэта кепска.

Аляксандр Шрамко, фота Ірына Арахоўская/Белсат

 

– Напрыклад, як Фёдар Поўны, нібыта набліжаны да Лукашэнкі, ледзь не ягоны духоўнік?

– Духоўнік у «праваслаўнага атэіста»? (смяецца) Безумоўна, у нейкія калідоры айцец Фёдар уваходзіць, але я думаю, ён значна перавышае ступень уласнай значнасці. Вельмі адчуваецца ягоная падвойная пазіцыя. Калісьці я запытваў у яго, чаму той не ходзіць у Курапаты, хаця ягоны прыход называўся «Усіх святых і бязвінна забітых у Айчыне», і гаворка, відавочна, пра ахвяраў рэпрэсіяў. Дык ён адмаўчаўся, а потым назву замянілі – цяпер гэта храм «Усіх святых і ў памяць пра ахвяраў, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай». Зніклі словы пра забітых без віны.

– Калі вы пачалі друкаваць свае публіцыстычныя артыкулы, ці хутка праявілася адмоўная рэакцыя?

– У 1998 годзе я пачаў пісаць на інтэрнэт-форумах, завёў онлайн-дзённік, які так і называўся «Дзённік святара». Праз некалькі год удалося выдаць аднайменную кнігу. Канешне, епархіі не спадабалася мая актыўнасць, яе палічылі «некананічнай». У 2006 годзе епархіяльная рада вынесла мне папярэджанне, пагражалі царкоўным судом. У выніку адхілілі ад служэння амаль на два гады.

Калі я прыйшоў на суд – за мяне ўжо прынялі рашэнне, а мне проста далі паперу на подпіс. Потым пагадзіліся адмяніць забарону, толькі калі я прынясу публічнае пакаянне. У выніку я яго прынёс, проста нічога іншага не заставалася. Гэта было фактычна зачытванне паперы з тэкстам пакаяння, сваіх словаў сказаць мне не дазволілі. Таму і цяпер я не лічу гэта сапраўдным пакаяннем. Канешне, я не спыніў публіцыстычную дзейнасць, працягваў пісаць… Сёлета яны гэтага вытрымаць ужо не маглі.

 

– Што вы думаеце пра магчымасць аўтакефаліі ў Беларусі?

– Мне падаецца, што ініцыятыва мусіць сыходзіць ад саміх вернікаў. Беларусізацыя царквы павінна пачацца знізу. Калі пачыналі ў кафедральным саборы маліцца па-беларуску, у большасці прыхаджанаў гэта не знаходзіла водгуку. Разам з тым, усё ж у некаторых храмах адбываюцца беларускамоўныя службы.

Я не супраць аўтакефаліі. Але перш за ўсё, аўтакефалія павінна быць у галовах. І яе не будзе, пакуль БПЦ настолькі клерыкалізаваная, а людзі не адчуваюць асабістай адказнасці за жыццё царквы, у тым ліку за перамены ў ёй.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў