«Атрымліваецца зарабіць 500». Як дзяўчына кінула працу педагога, каб спяваць на вуліцы


Некалькі раз на тыдзень у цэнтры Менску можна ўбачыць гэтую мініяцюрную бялявую дзяўчыну з гітарай. 24-гадовая Ганна Разынка адвучылася на педагога-арганізатара, працавала ў музычным каледжы, але ўрэшце абрала больш творчы шлях: цяпер яна выконвае і гіты, і ўласныя песні проста на вуліцах гораду.

Мы даведаліся, з якой рэакцыяй мінакоў даводзіцца сутыкацца вулічным музыкам, ці чапае іх міліцыя і ці патрэбны ім прадзюсар, а таксама задалі Ганне «тое самае пытанне»: «Колькі ты зарабляеш?»

Пра булінг у школе і падлеткавыя гурты

Ганна нарадзілася і вырасла ў Менску, у сям’і медсястры і інжынера. Прызнаецца, што з дзяцінства яе цягнула да творчых заняткаў: больш за ўсё падабалася танчыць і спяваць. У пачатку 2000-х гэта былі звычайныя эстрадныя шлягеры, запісаныя на касеты для магнітафону.

«Музыкай я хацела займацца з самага ранняга дзяцінства. Старэйшая сястра грала на фартэпіяна – ну і я таксама зацікавілася, але выкладчыца ў музычнай школе была настолькі злая…Лупцаваць па пальцах лічылася нормай! Дый класічныя творы, шчыра кажучы, мне ніколі насамрэч не падабаліся. Таму заняткі я на пэўны час пакінула.

Ганна Разынка.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Да таго ж, мне даводзілася часта мяняць школы праз булінг.

Сутыкнулася з вельмі грэблівым стаўленнем аднакласнікаў – і білі, і абражалі. Хлопцы нават маглі штурхнуць, даць тумака. Звычайна я цярпела, не распавядала бацькам, а потым аднойчы яны ўсё ж заўважылі мой прыгнечаны стан і тады ўжо ўсё расказала. Яны мяне адразу ж перавялі ў іншую школу – і правільна зрабілі. Тая сітуацыя моцна паўплывала на маю самаацэнку і трэба было правесці вялікую ўнутраную працу, каб паверыць у сябе.

Прагненне да музыкі тым часам не знікала: калі ў чарговай школе не аказалася вакальнага гуртку, я прыйшла да завуча і запатрабавала, каб яго адкрылі.

Сур’ёзна займацца гітарай пачала з 14 гадоў, гэта супала з напісаннем першых наіўных вершаў пра каханне. Потым я сабрала чыста дзявочы гурт, ён называўся «Эні», там была яшчэ адна дзяўчынка-вакалістка. Але мы не падзялілі і права лідарства ў гурце, і, натуральна, хлопца (смяецца).

Першыя вершы былі пра каханне і з’явіліся ў 14 гадоў.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Пра падтрымку бацькоў і працу ў музычным каледжы

Пазней я аддавала перавагу камандам, якія складаліся з хлопцаў. У нас з сябрамі ўтварыўся гурт пад назвай «Неуловимый смысл» – з адпаведнымі цьмянымі тэкстамі. Гралі мы ў папулярным у першай палове 2010-х легендарным клубе «Салтайм» ля метро «Усход», які ўжо закрыўся, і ў бары «ДК» на Талбухіна. Выступалі за бясплатна або за каву і піва.

У якасці арыенціраў для мяне былі расейскія рок-выканаўцы – Земфіра, Lumen ды іншыя. Стыль наш можна было назваць нечым бліжэй да альтэрнатыўнага року. Тэксты песен пісала я, музыку таксама, ну і вакал мой, канешне. Але ў выніку мы разышліся ў поглядах і з хлопцамі. Так я вырашыла спяваць сольна, і з 17 гадоў пачала граць у пераходах. Густы змяніліся – цяпер мне больш падабаецца вакал Аланіс Марысэт, Наталі Імрулья, The Garbage.

 

Бацькі мае захапленне музыкай успрынялі добра, за што ім вялікі дзякуй. Але хутчэй як хобі, а не як прафесію ўсяго жыцця. Яны ніколі не спрабавалі мяне адгаварыць гэтым займацца, але часам казалі, што трэба спачатку атрымаць адукацыю, выйсці замуж, нарадзіць дзяцей, а потым ужо думаць пра нейкую творчую кар’еру…

Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва, у дыпломе напісана «спецыяліст па сацыяльна-культурнай дзейнасці». Насамрэч, гэта звычайны школьны педагог-арганізатар або настаўнік, які вядзе розныя гурткі. Я вельмі пакутавала на вучобе, было нецікава зусім, хацелася спяваць, а не завучваць сухія канспекты. Нават чатыры разы прыходзіла ў дэканат забіраць дакументы. Але, паколькі плацілі бацькі – мне стала шкада іхных грошай. Пераступіла праз сябе і ўсё ж атрымала дыплом.

«Калі я выходжу граць на вуліцы, то не адчуваю ніякага страху».
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Пасля я ўладкавалася ў каледж імя Глінкі, дзе навучаюцца будучыя акадэмічныя музыкі. Фактычна, у мае абавязкі ўваходзіла арганізацыя класічных імпрэзаў. Там я адпрацавала год і ў гэтым красавіку звольнілася. Немагчыма хадзіць штодня на нелюбімую працу! Акрамя таго, моцна адчуваліся рамкі, дзяржаўная ўстанова, дзе кіраўніцтва дыктуе, што і як рабіць…

Пра рэакцыю публікі і заробак

Калі я выходжу граць на вуліцы, то не адчуваю ніякага страху, наадварот – пазітыўную энергію. Раней, магчыма, быў лёгкі мандраж. Цяпер прайшоў. Непрыемнасцяў з мінакамі не здаралася, толькі пазнаёміцца часам мужчыны прапаноўваюць. Але я адразу кажу, што замужам і яны адчапляюцца. Куды часцей, граючы ўвечары ў раёне Зыбіцкай назіраеш неадэкватныя паводзіны людзей: хтосьці кідаецца ў Свіслач п’яны, хтосьці ў такім стане з горкі на скейце з’язджае.

 

У цэнтры наагул рэакцыя публікі станоўчая. Усміхаюцца, даюць грошы. Толькі на Камароўцы бабулі могуць прабурчаць нешта кшталту «Лайдачка, ідзі працуй». А я і працую! Паміж вулічнымі музыкамі не прынята распаўсюджвацца пра заробкі.

Магу дакладна сказаць, што ў сярэднім атрымліваецца зарабіць 500 рублёў у месяц. Такія ж грошы мне плацілі ў каледжы. Плюс я хаджу па барах, гутару з дырэктарамі і дамаўляюся на выступы. У выходныя ў некаторых месцах можна зарабіць да 70 рублёў за 2 гадзіны. Разам з тым, вулічныя выступы даюць мне адчуванне разняволенасці, дапамагаюць не закрывацца ад людзей.

 

Аднойчы на вуліцы мяне забрала міліцыя. У жніўні на Камароўцы, відаць, хтосьці паскардзіўся. Прыйшлі два міліцыянты, паводзілі сябе даволі міла, але завялі ў пастарунак. Ніхто не мог сфармуляваць, за што мяне забралі. У выніку пратаколу не склалі, а толькі ўзялі тлумачэнні.

Наагул на Нямізе граць нельга, туды ідуць на свой страх і рызыку, а вось у пераходах можна. Найзручнейшы і легальны варыянт – гэта праект «Пешаходка». З каардынатарам гэтага праекту, Уладзіславам Пінчуком, можна дамовіцца на пэўны час і месца, «забраніраваць» сабе пляцоўку. Ён мае дамоўленасць з гарадскімі ўладамі і гэта дае гарантыю, што ў міліцыі ня ўзнікне прэтэнзіяў.

Ганна Разынка. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Пра палітыку

Я, канешне, разумею, што ў плане музыкі на Захадзе будзе больш магчымасцяў для развіцця, але ж я люблю Беларусь, бо тут мая радзіма, мае родныя і сябры. Проста падабаецца жыць у гэтай краіне. Я хачу, каб людзі тут цанілі і слухалі маю музыку.

А што не падабаецца ў Беларусі? Тое ж, што ўсім. Нізкія заробкі, якія атрымліваюць мае бацькі. Што людзі аддаюць сябе дзяржаве за капейкі. Што адзін і той жа чалавек пры ўладзе.

Глыбока палітыкай я не цікаўлюся. Раней у мяне былі бунтарскія настроі, але гэта хутчэй праз зусім юны ўзрост. Вось такі верш я напісала гадоў у 17: «Кажы, пакуль даецца слова, кажы пакуль даюць сказаць, кажы, пакуль не перасохла ў горле, пакуль ёсць сілы размаўляць». Сёння хочацца больш пісаць пра каханне, на жыццёвыя тэмы…

На выбарах дэпутатаў сёлета галасаваць я не збіраюся, але на прэзідэнцкіх, мабыць, аддам свой голас. Памятаю, што ў 2015 годзе хадзіла галасаваць, а вось за каго – нават не магу прыгадаць, абірала па партрэтах. Галоўнае, каб гэта проста быў новы чалавек.

КА belsat.eu

Стужка навінаў