«Атрымалася – як сапраўднае каханне...» Купалаўцы выпусцілі ўласны часопіс


Добра, калі калектыў складаецца спрэс з творчых людзей, якіх яднае любоў. Яшчэ лепей, калі гэта Нацыянальны тэатр, які акурат адзначае свае сто гадоў. Тады праекты нараджаюцца і адразу рэалізуюцца. Тады магчымыя нават цуды. Пра стварэнне першага ў гісторыі тэатру часопісу «Купалаўскі», пра заразны вірус любові і акуляры ад Аўсяннікава – у гутарцы Вольгі Гардзейчык з Вольгай Кулікоўскай, Вольгай Бабковай і Арцёмам Цімашэнкам.

Захацелі, прыдумалі, стварылі

Адкуль адвага выдаць тэатральны часопіс? У нас агулам у краіне такога часопісу няма, і можа, гэта шчаслівая першая ластаўка?

Вольга Кулікоўская: Першае яйка, як мы гаворым. На вокладцы там яйка… А ідэя, як гэта часта бывае, прыйшла ў галаву адразу ўсім. Я памятаю, як летам ехалі ў ліфце з нашым гендырэктарам Паўлам Латушкам, і ён між іншым сказаў, што марыць, каб калі-небудзь Купалаўскі тэатр стварыў свой часопіс. І я тады нават падскочыла, таму што гэта і мая мара таксама, я пра гэта думала два гады, з моманту, як прыйшла працаваць у тэатр. І ён сказаў: «Тады робім».

Справка

Вольга Кулікоўская – кіраўніца аддзелу развіцця Купалаўскага тэатру.

Вольга Бабкова – загадчыца літаратурна-драматычнай часткі тэатру.

Арцём Цімашэнка – мастак, дызайнер.

Я пабегла ў літчастку, распавяла пра гэтую ідэю, а яны сказалі: «Клас, мы марылі пра гэта вельмі даўно». Ад гэтай ідэі запішчэлі і нашыя дызайнеры і фатографы. І нават адна знешняя аўтарка, якую мы паклікалі ў каманду – яна раней працавала ў Купалаўскім, – таксама сказала, што яшчэ тады, даўно, марыла пра часопіс, але тады гэта было немагчыма.

Часопіс «Купалаўскі». Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Тэатральныя часопісы з цяжкасцю выжываюць і ў іншых, скажам так, буйнейшых краінах. Тут жа, я так разумею, гісторыя пакуль чыста спонсарская, і адсюль пытанне: ці гэта з’ява часовая, якая залежыць ад ласкі-няласкі яйка (а дакладней, ідучы за нашымі вобразамі, куры), ці ўсё ж думкі пра самастойнасць ёсць? Ці не стане часопіс радасцю для вузкага кола людзей?

Вольга Кулікоўская: Канешне, першы выпуск – гэта чыста спонсарская з’ява. Тэатр адзначае соты сезон, і дастаткова шмат кампаніяў сталі спонсарамі гэтага сезону.

Часопіс «Купалаўскі». Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Вольга Бабкова: Але цяпер немагчыма было не зрабіць гэтага! Па тэатры ходзіць столькі людзей, столькі гісторый… Днямі мне сустрэлася Марыя Захарэвіч, распавяла нешта і сказала мімаходзь: «Я сябравала са Станюткай». Станютка… Я цяпер інакш не магу пра яе нават думаць…

Не кажучы пра колькасць архіўнай інфармацыі – і ў самім тэатры, і ў Архіве-музеі літаратуры і мастацтва побач, на плошчы Свабоды. Таму радасцю для вузкага кола часопіс не стане. Мне хацелася, каб гэта быў любоўны часопіс – наколькі гэта залежала ад мяне. Мне надакучыла адсутнасць любові. Спрэчкі – калі ласка, на здароўе, столькі ёсць пляцовак, асабліва віртуальных, але мне асабіста гэта надакучыла.

Часопіс «Купалаўскі». Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Хоць калі я кажу «любоўны», я не кажу «гламурны». Мы не рыхтавалі яго з завязанымі вачыма, мы размаўлялі з людзьмі, якім нясоладка. Тут мала каму соладка. Але мне хочацца размаўляць не пра поспехі сотага сезону, а пра звычайнае жыццё ў тэатры, па-за тэатрам. І я не баюся, што матэрыялу не будзе ставаць. Кожны чалавек столькі ў сабе захоўвае, такое значэнне мае для тэатру… Гэта цікавей за розныя меркаванні крытыкаў.

Канешне, будуць і вострыя тэмы, але з павагай да таго, пра што гаворыцца. Праблемы ж у тэатру ёсць, канешне, і новыя могуць з’явіцца за любым паваротам. А выдаваць яго мы плануем 3–4 разы ў год.

Аб’ектыў
Купалаўскі тэатр завёў у сваё закуліссе
2019.09.21 20:53

Ёсць свая аўдыторыя

Хто ваш чытач?

В. К. Наш чытач – гэта наш глядач. Такая канцэпцыя. І насамрэч нам тут крыху прасцей, бо Купалаўскі – гэта галоўны драматычны тэатр краіны. У нас ёсць свая аўдыторыя, якая цікавіцца спектаклямі, гісторыяй, асобамі тэатру. Таму гэта такая крыху асабістая гісторыя. Можна як заўгодна ставіцца да спектакляў Купалаўскага, да яго праграмы – але калі трапляеш сюды, у цябе проста няма шанцаў не закахацца ў тых, хто тут працуе. Таму, па вялікім рахунку, гэта часопіс пра іх, пра неверагодных творчых людзей, стваральнікаў тэатральнага працэсу. Прынамсі, першы нумар. Мы проста пісалі пра тое, што мы любім і што нас хвалюе літаральна сёння. Пра невераемную прэм’еру «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»: каб зразумець, адкуль гэтая фантастычнасць бярэцца, мы гутарылі з пастановачнай камандай, з рэжысёркай Аленай Ганум, з мастакамі Кацярынай Шымановіч і Сяргеем Ашухам, з Сяргеем Кавалёвым, які рабіў інсцэніроўку, з акторамі, прадставілі плён іх працы, закуліссе спектаклю.

Мікалай Пінігін. Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

В.Б. І гэтыя набліжэнні – як натхняліся Баршчэўскім сцэнографы, як кампазітар падбіраў музыку, як усё стваралася – гэта цікавей, чым дзве супрацьлеглыя рэцэнзіі. Рэцэнзіі і ацэнкі крытыкаў з’явяцца і так. А прафесійнае гледзішча людзей самых розных заняткаў, якія задзейнічаныя ў творы, даюць поўны дыяпазон стаўлення да яго. І гэта не гламурнасць, а цяжкая праца. Гламурная там другая частка – дзе цудоўныя фотаздымкі двух Іванаў, Кушнерука і Труса (у спектаклі яны антыподы). Чароўныя людзі і мастацтва фатаграфіі. На гэта можна глядзець бясконца.

А ў гутарках з Мікалаем Пінігіным, з Зояй Белахвосцік мы выйшлі на такія цікавыя развагі… Пра жыццё – пра любімыя месцы ў Менску, пра кнігі, адпачынак, пра юнацкія вершы. Хацелася выцягнуць творчых людзей на іншы ўзровень. Гэта заўжды цікава: што ты любіш, якія фільмы табе цікавыя, дзе адбыўся твой эстэтычны паварот. Мне здаецца, чым далей, тым больш мы будзем выходзіць на такія нармальныя, чалавечыя, літаратурныя, мастацкія размовы. Прынамсі я пра гэта мару.

Сцэна Купалаўскага тэатра.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

В.К. Вольга Бабкова падрыхтавала і выдатны артыкул пра гісторыю тэатру. Праз сотні твараў купалаўцаў можна прасачыць, як тэатр жыў гэтыя сто няпростых гадоў.

Хто працаваў над часопісам? Вы стварылі ў тэатры сапраўдную рэдкалегію для яго паўстання?

В.К. Наш часопіс – гэта такі «самвыд». Над выпускам працавала ўся літчастка тэатру. Разам з Вольгай Бабковай – рэдактаркі Ірына Сцяклова, Марыя Пушкіна, Валерыя Міхалевіч. І журналістка звонку – Вераніка Молакава, якая таксама калісьці працавала ў Купалаўскім.

Дырэктар Купалаўскага тэатру Павел Латушка.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

В.Б. Але я займаюся ў асноўным падрыхтоўкай кнігі пра тэатр, таму для часопісу зрабіла толькі чатыры матэрыялы. І з радасцю буду пісаць для наступных выпускаў.

Часопіс – гэткая візітоўка сённяшняга дня тэатру, правільна? Давайце тады да гэтага сённяшняга дня і прыгледзімся. Улетку на прэс-канферэнцыі ў тэатры Павел Паўлавіч [Латушка] і Мікалай Мікалаевіч [Пінігін] раскрылі цэлы кошык планаў юбілейнага года: гэта і сустрэчы з гледачамі, і новая літаратура на Камернай сцэне, і онлайн-трансляцыі… Што з гэтага атрымліваецца, і што яшчэ нарадзілася па дарозе?

Часопіс «Купалаўскі». Ірына Арахоўская / Belsat.eu

В.К. У верасні было вялікае свята адкрыцця сезону ў Аляксандраўскім скверы каля тэатру, свята на цэлы дзень. Ідуць рэпетыцыі новых спектакляў. Чакаюцца, між іншага, прэм’ера спектаклю-вербацім Рамана Падалякі «Першы», пастаноўка Пінігіна «Кароль Лір», аднаўленне слынных «Тутэйшых». З’явіцца пластычны спектакль вядомага ў свеце расейскага рэжысёра Сяргея Зямлянскага, прысвечаны Марку Шагалу. Улетку пачаўся прыгожы праект «Музычныя вечары ў Купалаўскім». Ідуць працы па адкрыцці Малой сцэны. Таксама рыхтуюцца шматсерыйны фільм і кніга пра гісторыю Купалаўскага.

Часопіс «Купалаўскі». Ірына Арахоўская / Belsat.eu

А вось тут, калі можна, падрабязней.

В.К. Фільм будзе мець 10 серыяў, тэндар на яго стварэнне абвесціла Міністэрства культуры, пакуль што ён адкрыты.

В.Б. Што да кнігі – мы дамовіліся з выдавецтвам «Беларусь» і рыхтуем два выданні: альбом стогадовай гісторыі сцэнаграфіі ў Купалаўскім (гэта будзе шыкоўнае выданне!) і кнігу пра гісторыю тэатру, ад 1890-га (бо 130 гадоў будзе будынку) да 2020-га. Кнігу рыхтуюць пяць аўтараў, кожны займаецца сваёй эпохай. Хочацца зрабіць кнігу жывой. Не акадэмічнай і празмерна навуковай, а чытэльнай, каб адкрыць яе, нічога пра тэатр не ведаючы, – і зацікавіцца. Гэта страшэнна складаная задача. Бо калі ў часопісе можна неяк пасваволіць, назву там смешную зрабіць ці малюнак, то да кнігі іншае стаўленне. У мяне асабіста – вялікі піетэт.

Меркаванні
Люстэрка для глядзельнай залы. Пінігін вернецца да «Тутэйшых»?
2019.08.29 17:30

Тым больш, што цэльнай кнігі пра Купалаўскі тэатр раней не было. Былі манаграфіі, даследаванні, энцыклапедыя тэатральная, а вось кнігі не было. І канешне, нашая таксама не ўбярэ ў сябе ўсяго, будзем падчас падрыхтоўкі трымацца самых важных штук і імкнуцца зрабіць яе жывой.

В.К. Дарэчы, наконт сваволі ў часопісе: чытаючы байку ад народнага артыста Генадзя Аўсяннікава, наш дызайнер Арцём так натхніўся, што намаляваў ілюстрацыю – партрэт Генадзя Сцяпанавіча.

Арцём Цімашэнка: Ну, натхніўся я не так байкай, як самой асобай Генадзя Аўсяннікава. Гэта неверагодна цікавы чалавек, у ім столькі ўсяго! Не намаляваць яго было немагчыма. Падобны хоць атрымаўся?

Часопіс «Купалаўскі». Ірына Арахоўская / Belsat.eu

А часопіс я рабіў не адзін, а ў тандэме з дызайнеркай Настай Камінскай, і гэта было бязмежна цікава. Розны матэрыял, гісторыі, лёсы. Усяго так шмат! А чаго вартыя здымкі! Вобраз узнікае імгненна – і гэта той самы момант, калі ты разумееш, як павінен выглядаць увесь часопіс. І канешне, гэта каласальная адказнасць. Купалаўскі – зʼява ўнікальная. У ім колькі гісторыяў – столькі і сэнсаў. А людзі – сапраўдныя куміры, і я не толькі пра актораў.

В.К. Цяпер у тэатры ідзе соты сезон, а ў верасні 2020 г. мы будзем стагоддзе адзначаць. Тады пабачаць свет і кніга, і фільм, а таксама ўжо пачалася падрыхтоўка да юбілейнага вечара ў гонар стагоддзя, рэжысурай якога займаецца М. Пінігін.

Часопіс «Купалаўскі». Ірына Арахоўская / Belsat.eu

А дзе часопіс, а ў перспектыве і кнігу можна набыць?

З панядзелка 2 снежня часопіс з’явіўся ў продажы, і набыць яго можна будзе ў тэатры.

То бок за МКАД пакуль не трапіць. А не было ідэі часопіс зрабіць электронным?

В.К. Хацелася, каб можна было ў рукі ўзяць… Такі артэфакт. Каб людзям хацелася прыехаць і прыйсці да нас. Але інтэрнэт-старонку тэатру kupalauski.by мы таксама напаўняем: там інтэрв’ю з акторамі, з пастаноўшчыкамі, свежыя фотаздымкі. У раздзеле «Навіны» да кожнай прэм’еры вельмі шмат інфармацыі. А адзін з праектаў наступнага года – перабудова старонкі тэатру ў больш зручны фармат.

І апошняе пытанне: што такое гэтая «купалаўскасць»? Яна існуе?

Вольга Кулікоўская: Гэта такі вірус… Я да тэатру паспяхова працавала ў камерцыйных установах і, ідучы ў Купалаўскі, думала, што іду ненадоўга, проста на праект, хацела пераключыцца. А атрымалася – як сапраўднае каханне. Гэта складана, гэта хвалюе. Я ўжо зразумела – я тут надоўга. Купалаўскі – гэта шчырасць адносінаў. Не «добра і мякка», але па-сапраўднаму. Відаць, таму людзі ў тэатры і застаюцца, бо такога не знойдзеш ні ў якой іншай сферы. Ну і канешне, гэта дзівоснае месца ў Менску. Калі ты адчуваеш горад – то гэта яго магніт, сімвал. Сэрца. І гэта неверагодныя людзі, якія тут працуюць.

Вольга Бабкова: Выклік. Радасць. Трывога. Нейкая далучанасць да пульсуючага цэнтру. Вера ў людзей. Расчараванні. Большае разуменне чалавечых стасункаў. Часам – жаданне быць збоку. Карацей, свет людзей, у які я пагрузілася да макаўкі.

Размаўляла Вольга Гардзейчык belsat.eu

Стужка навінаў