Атручаныя Літвіненка, Перапялічны, Скрыпаль. Што падобнае, а што адрозніваецца


У Крамлі баяцца помсты Вашынгтону за расейскія дзеянні падчас выбараў прэзідэнта Злучаных Штатаў. З гэтым звязвае атаку хімічнай зброяй грамадзянаў Вялікай Брытаніі Вітальд Радкевіч, аўтар аналізу «Расейская атака супраць Вялікай Брытаніі: мэты і наступствы». Чым адрозніваецца атручанне Літвіненкі ад атручання Скрыпаля? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з галоўным адмыслоўцам у пытаннях Расеі ў варшаўскім урадавым Цэнтры ўсходніх даследаванняў.

На вашую думку, ці можа пачацца вялікая вайна праз такі інцыдэнт, як хімічная атака баявым газам на тэрыторыі дзяржавы NATO?

Я не думаю, што праз гэта можа пачацца вайна. Тэарэтычна гэта магчыма, але пакуль такой сітуацыі няма. Не думаю, што Расея хоча вялікай вайны, а Захад – пагатоў. Так, магчымая нейкая эскалацыя, напружанасць, магчымыя далейшыя канфлікты, але каб вялікая вайна – пакуль гэта вельмі малаімаверна.

Атрымліваецца, што з дапамогаю баявога газу – сумневаў ужо наконт гэтага няма – савецкай ці расейскай вытворчасці адбылася атака на тэрыторыі адной з дзяржаваў NATO, прычым адной з найбуйнейшых дзяржаваў Альянсу – Вялікай Брытаніі. У выніку параненыя некалькі дзясяткаў асобаў. Ці не ёсць гэта падставаю, каб сабрацца саміту NATO і падумаць, ці не варта запусціць 5-ты артыкул пра калектыўную абарону, ці яшчэ ранавата?

На маю думку, ужо ёсць пастанова, што адбудзецца сустрэча на ўзроўні міністраў абароны. Ужо было паседжанне NATO на ўзроўні амбасадараў, гэтак званая Паўночна-атлантычная рада – там прынялі даволі жорсткую дэкларацыю. Што датычыць 5-га артыкулу, мне падаецца, яшчэ рана. Можна было б Вялікай Брытаніі спасылацца на 4-ты артыкул.

Пра што там гаворка, давайце нагадаем.

У выпадку пагрозы нацыянальнай бяспецы гэта працэс кансультацыі. Гэта быў бы такі дэманстратыўны крок, але, на маю думку, вельмі шмат рэчаў можна зрабіць на ўзроўні каардынацыі. Пакуль не зразумела, які будзе адказ, акрамя таго, што ўжо абвесцілі.

Абвесцілі, што высылаюць дыпламатаў, уласнасць, рахункі і г. д. Але сярод іншага я сустрэў такі намёк, што будуць нейкія сакрэтныя дзеянні Вялікай Брытаніі. Што яна можа зрабіць такое, пра што мы не даведаемся, ці журналісты не даведаюцца – людзі не ўбачаць праз тэлевізар, але дзеянні правядуць?

Ёсць такі намёк, не зусім зразумелы, але ён у прынцыпе і не павінен быць больш ясным. Мне падаецца, што тут гаворка пра аперацыі кібернетычнага характару, магчыма, дзеянні ў сферы кібербяспекі, але гэта толькі здагадкі. Не ведаю, ці наважацца яны, бо можна сказаць, але нічога не зрабіць, а можна сказаць і зрабіць. Амерыканцы два месяцы таму, калі яны рэагавалі на вірус «NotPetya», таксама далі зразумець, што наступствы будуць. Гэта крыху падобная рэакцыя. Мне падаецца, ёсць нейкая імавернасць, што амерыканцы будуць нешта ў гэтай сферы рабіць. На маю думку, дэманстратыўны характар гэтай атакі на Вялікую Брытанію меў галоўнаю мэтаю запалохаць, трэба было паказаць гатовасць ісці да канца.

Запалохаць каго – і сваіх, і чужых?

У гэтым кантэксце – чужых, гэтак званага патэнцыйнага суперніка, то бок сваіх заходніх антаганістаў – найперш ЗША і Вялікую Брытанію. Асабліва ў кантэксце выбараў.

То бок не выпадкова гэта перад выбарамі адбылося? Лукаш Ясіна [эксперт Польскага інстытуту міжнародных справаў (PISM) – заўв. рэд.] сказаў у нашым сюжэце, што выпадкова.

Не, дэманстратыўны характар і час гэтай атакі не могуць быць выпадковыя. Такую атаку мусілі былі вельмі старанна спланаваць на самым версе, гэта не выпадкова. Мне падаецца, генезіс гэтай атакі крыецца ў боязі крамлёўскага кіраўніцтва, што Вашынгтон усё ж такі нешта ўчыніць.

То бок гэта Вашынгтону сігнал, не Лондану?

Так, гэта сігнал Вашынгтону, што яны асцерагаюцца помсты за расейскія дзеянні падчас прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША.

Што Амерыка можа нешта ў Расеі зрабіць?

Натуральна, што сур’ёзныя гульцы не пакідаюць такіх рэчаў без адказу.

Атручанне апанентаў, здраднікаў, ворагаў для Расеі – нічога новага. Апошнія сто гадоў было шмат такіх выпадкаў. Гэта і лідары Белага руху, і лідары Украінскай каталіцкай царквы. Было шмат такіх асобаў, нават стварылі адмысловую «лабараторыю Х» у савецкіх спецслужбах. Але што новага мы бачым у гэтай атацы? Яе памер, калі пацярпелі некалькі дзясяткаў людзей, або сродак, што ўжылі?

Гэта яе дэманстратыўны характар. Які сэнс у такіх нападах з ужываннем атруты? Сэнс такіх нападаў у тым, каб можна было сказаць, што гэта не мы, каб можна было прызнаць такія здарэнні за натуральныя смерці. Напрыклад, выпадак спадара Перапялічнага, які ўцёк з Расеі.

Давайце коратка нагадаем: гэта быў расейскі прадпрымальнік.

Гэта расейскі банкір, які памёр, не зважаючы на даволі добры стан здароўя. Памёр раптоўна, здавалася, што гэта быў сэрцавы спохват, і толькі пасля паўторнага даследавання апынулася, што ў арганізме прысутнічаў даволі рэдкі таксін, экзатычнага тыпу. То бок гэтае забойства хацелі схаваць. І, вядома, незразумела, ці гэта былі расейскія службы ці нейкія асабістыя ягоныя праціўнікі. Або возьмем выпадак з палоніем.

Атручанне Літвіненкі.

Так, атручанне Літвіненкі. Магло б так атрымаецца, што не ўдалося б высветліць, чаму ён памёр. Я чытаў аналізы, у якіх гаворыцца, што калі б ён хутчэй памёр, гэтага б не ўдалося высветліць яшчэ вельмі доўга, бо нікому не прыходзіла ў галаву, што гэта можа быць палоній. Тады таксама прычына была б невядомая, а тут – дэманстратыўны характар. Было ясна, што высветляць даволі хутка, што гэта было, і што гэта сімвалічна, і што гэта ваенны сродак.

Газ «Навічок», які нібыта быў знішчаны, выкарыстоўвалі ўпершыню. Дзякую за інтэрвʼю.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Стужка навінаў