Асуджанаму за паборы са школьных сталовак чыноўніку зменшылі прысуд


Вярхоўны суд 29 ліпеня змякчыў пакаранне былому начальніку галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргею Барысевічу. Вынесены яму прысуд зменшаны з 14 да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Hавiны
Былога начальніка спажывецкага рынку Менску пасадзілі на 14 гадоў
2019.03.12 17:57

Такое рашэнне было прынятае на падставе таго, што суд выключыў адзін эпізод атрымання хабару ад былой дырэктаркі Камбінату школьнага харчавання Заводскага раёну Марыны Марозавай у суме больш за Br 32,6 тыс., паведамляе БелТА.

Самой Марыне Марозавай, якая была асуджаная да 10 гадоў калоніі, прызначанае 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

З прысуду таксама прыбралі ўказанне аб канфіскацыі ўсёй маёмасці Барысевіча, Марозавай і экс-дырэктаркі Камбінату школьнага харчавання Партызанскага раёну Святланы Карканіцы.

Таксама ў дачыненні да двух фігурантаў справы, у тым ліку Барысевіча, зніжаная сума даходу, атрыманага злачынным шляхам, спагнанага ў даход дзяржавы.

Нагадаем, што былы начальнік галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргей Барысевіч за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў быў асуджаны на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Астатнім удзельнікам справы – кіраўнікам харчовых камбінатаў, школьных сталовак і крамаў – прысудзілі ад двух гадоў умоўнага да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Маштабныя паборы з крамаў і камбінатаў школьнага харчавання працягваліся ў 2013-2017 гадах. Паводле следства, наяўныя перадавалі Сяргею Барысевічу ў абмен на абяцанні паменшыць колькасць праверак і не рэагаваць на парушэнні.

Сяргея Барысевіча затрымалі ў красавіку 2017 года. Агульная сума хабару каля 90 тысяч долараў. На допытах і ў судзе Барысевіч заявіў, што нічога не памятае пра пытанні аб кадравых зменах і перастаноўках у ягоным ведамстве. Не ўспомніў ён і пра абставіны набыцця браніраванага Mercedes-Benz 600, які ён набыў супольна з грамадзянінам Аляксандрам Касоўскім.

На пытанне, якім чынам чыноўнік набыў два аўтамабілі (Pajero і Mercedes-Benz ML 350), кватэру на праспекце Пераможцаў ды матацыкл Harley Davidson, Барысевіч растлумачыў, што кватэру набыў у крэдыт, адну машыну набыў цесць, а на другую ён назбіраў сам, а матацыкл належыць жонцы ягонага сябра.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў