Асобы Плошчы-2010: дзе яны цяпер?


Сёння – восьмая гадавіна масавай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, якая была жорстка разагнаная беларускімі сілавікамі. Belsat.eu успамінае, як склаўся далейшы лёс некаторых удзельнікаў тых гістарычных падзеяў.

Масавая акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў распачалася 19 снежня 2010 года а 20-й на Кастрычніцкай плошчы. Пасля таго як з прыступак палаца прафсаюзаў з прамовамі выступілі апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты пратэстоўцы пачалі рухацца ў бок плошчы Незалежнасці. Падчас шэсця па праспекце колькасць дэманстрантаў дасягала амаль 30 тыс. чалавек – з тых часоў ніводная акцыя пратэсту ў Беларусі не збірала такой колькасці удзельнікаў. На плошчы Незалежнасці група правакатараў пачала біць шкло і ламаць дзверы на ўваходзе ў Дом ураду, да іх далучыліся асобныя ўдзельнікі акцыі, але ў цэлым акцыя заставалася мірнай. Нягледзячы на гэта, прыкладна а 23-й пачалася жорсткая зачыстка: былі затрыманыя і адпраўлены на содні каля 700 чалавек, шмат людзей былі моцна збітыя. Затрыманыя 7 кандыдатаў у прэзідэнты. Каля 50 чалавек сталі фігурантамі так званай «справы аб масавых беспарадках» – гэта была самая маштабная палітычна матываваная справа ў сучаснай Беларусі.

Андрэй Саннікаў

Андрэй Саннікаў і Ірына Халіп на Плошчы-2010. Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

У 2010-м – 56-гадовы кандыдат у прэзідэнты, лічыўся адным з самых моцных апанентаў Лукашэнкі сярод усіх 9 альтэрнатыўных кандыдатаў. Адзін з лідараў Плошчы. Быў моцна збіты падчас затрымання, трапіў у СІЗА КДБ. Таксама была арыштаваная ягоная жонка Ірына Халіп. Трохгадовага сына Даніка падчас следства спрабавалі адправіць у дзіцячы дом. 14 траўня 2011 года асуджаны да 5 гадоў зняволення нібыта за арганізацыю «масавых беспарадкаў». У калоніі зведаў моцны ціск. 14 красавіка 2012 года быў памілаваны Лукашэнкам.

Андрэй Саннікаў, 2018 год. Фота – Facebook, Andrei Sannikov

Цяпер 64-гадовы Андрэй Саннікаў палітэмігрант, жыве ў Вялікай Брытаніі. Застаецца лідарам кампаніі «Еўрапейская Беларусь», працягвае займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю ў эміграцыі. З Беларусі палітык з’ехаў у хуткім часе пасля вызвалення з калоніі. Палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі атрымаў у 2012 годзе. Напісаў кнігу ўспамінаў пра падзеі Плошчы-2010, выбарчую кампанію і крымінальны пераслед. Кніга была перакладзена ў тым ліку на польскую і англійскую мову.

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч, 2010 год. Фота – svaboda.org

У 2010-м – 54-гадовы Мікалай Статкевіч кандыдат у прэзідэнты, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). Напярэдадні выбараў заявіў, што гатовы ўзяць на сябе адказнасць за Плошчу. Адзін з лідараў дэманстрацыі 19 снежня. Быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА КДБ. У траўні 2011 года пакараны 6 гадамі пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў. У калоніі зведаў моцны ціск, быў пераведзены ў крытую турму. 22 жніўня 2015 года Статкевіч памілаваны Лукашэнкам.

Мікола Статкевіч, 29 кастрычніка 2018 года. Фота – belsat.eu

Сёння 62-гадовы Мікалай Статкевіч лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу і БСДП (НГ), фактычна адзіны апазіцыйны палітык, які працягвае настойваць на неабходнасці вулічных акцыяў пратэсту. Пасля вызвалення з калоніі ў Статкевічы бачылі чалавека, які можа аб’яднаць апазіцыю і вывесці яе з крызісу. Надзеі не апраўдаліся, аднак Статкевіч шмат зрабіў для таго, каб палітычны пратэст вярнуўся на вуліцы беларускіх гарадоў. Большасць вулічных акцыяў пратэсту ў Менску, пачынаючы з восені 2016 года, былі арганізаваныя або ініцыяваныя Статкевічам (праўда, часцей за ўсё яны былі нешматлікія).

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі на Плошчы

У 2010-м – 35-гадовы Віталь Рымашэўскі кандыдат у прэзідэнты і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Адзін з найбольш запамінальных аратараў падчас Плошчы. Яшчэ да поўнай зачысткі акцыі спрабаваў перадухіліць сутычкі мітынгоўцаў з АМАПам, у выніку атрымаў некалькі ўдараў, аднак з перавязанай галавую заставаўся на Плошчы і заклікаў міліцыю не біць дэманстрантаў. Яго арыштавалі, кінулі ў СІЗА КДБ, аднак Рымашэўскі быў адным з першых у межах «справы аб масавых беспарадках», каго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе – яшчэ 31 снежня 2010 года. 20 траўня 2011 года быў асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

Віталь Рымашэўскі разам з актывістам БХД на святкаванні Дня Волі-2018. Фота – Facebook

Цяпер 43-гадовы Віталь Рымашэўскі застаецца сустаршынёю БХД, з’яўляецца адным з лідараў Правацэнтрысцкай кааліцыі.

Андрэй Дзмітрыеў

Яраслаў Раманчук, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч і Андрэй Дзмітрыеў на Плошчы. Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

У 2010-м – 29-гадовы Андрэй Дзмітрыеў узначальваў перадвыбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і адначасова заставаўся кіраўніком міжнароднай камісіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Знаходзіўся ў складзе калоны актывістаў «Гавары праўду», якая рухалася на Кастрычніцкую плошчу ўвечары 19 снежня. Па дарозе актывістаў спынілі, спецназаўцы закідалі калону святлошумавымі гранатамі, а Уладзіміра Някляева моцна збілі і замест мітынгу ён трапіў у шпіталь. Андрэй Дзмітрыеў усё ж дайшоў да Кастрычніцкай плошчы, пасля разгону дэманстрацыі яго затрымалі. На наступны дзень БТ прадэманстравала відэаролік, дзе Дзмітрыеў ускладае віну за напад на калону «Гавары праўду» на невядомых п’яных асобаў.

Ужо 3 студзеня Дзмітрыева выпусцілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. 30 сакавіка 2011 года Дзмітрыева пакаралі 2 гадамі пазбаўлення волі ўмоўна.

Андрэй Дзмітрыеў, 2018 год. Фота – facebook.com/ideaby

Праз 8 гадоў Андрэй Дзмітрыеў з’яўляецца лідарам «Гавары праўду», імаверна, ён будзе вылучаць сваю кандыдатуру на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Пасля падзеяў 2010-2011 года Дзмітрыеў стаў удзельнікам шэрагу скандалаў. Спачатку ён быў выключаны з АГП. У 2015 з кампаніі «Гавары праўду» сышоў яе кіраўнік Уладзімір Някляеў. Някляеў публічна абвінаваціў былога паплечніка ў працы на КДБ, але Дзмітрыеў гэтае абвінавачванне зняпраўдзіў. Цягам 2015 года большасць апазіцыйных структураў адмежаваліся ад «Гавары праўду» і асабіста Андрэя Дзмітрыева, а сам палітык заявіў, што не збіраецца марнаваць час у спробах дамовіцца з дэмакратычнымі партыямі. У наступныя гады за «Гавары праўду» цвёрда замацаваўся імідж канструктыўнай апазіцыі – яны падкрэсліваюць гатоўнасць да дыялогу з уладамі, не прымаюць удзел у вулічных пратэстах і не дапускаюць рэзкай рыторыкі адносна Аляксандра Лукашэнкі.

Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў, люты 2011 года. Фота – dw.com

У 2010-м 27-гадовы Васіль Парфянкоў – адзін з шараговых удзельнікаў палітычнай кампаніі Уладзіміра Някляева, збіраў подпісы за кандыдата. Удзельнічаў у дэманстрацыі 19 снежня, на плошчы Незалежнасці нанёс некалькі ўдараў (паводле следства – 61) рукамі па драўляным агароджы ўваходу ў Дом ураду. Васіль Парфянкоў стаў першым асуджаным у межах «справы аб масавых беспарадках» – 17 лютага яго пакаралі 4 гадамі калоніі. 11 жніўня быў памілаваны Лукашэнкам.

Васіль Парфянкоў у судзе, 2017 год

У 2018-м 34-гадовы Васіль Парфянкоў – ветэран баявых дзеянняў на Данбасе, жыве ва Украіне. З 2011 па 2014 Парфянкоў двойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і двойчы прызнаваўся палітвязнем, яшчэ адзін раз яго накіравалі ў лечебна-працоўны прафілакторый. У снежні 2014-года з’ехаў ваяваць на Данбас у складзе батальёна Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. У верасні 2015 года добраахвотнік Васіль Парфянкоў атрымаў раненне падчас бою пад вёскай Пяскі. Цяпер знаходзіцца пад следствам. У лютым 2016 года ён разам з іншымі байцамі АУН удзельнічаў у разгроме офісу «Альфа-банку» і «Сбербанку» ў Кіеве, а ў траўні 2017 года Васіль удзельнічаў у нападзе на ўдзельнікаў шэсця «Бессмяротны полк». Двойчы трапляў пад хатні арышт.

Святаслаў Барановіч

Святаслаў Барановіч, 2011 год. Фота – svaboda.org

У 2010 годзе Святаславу Барановічу 24 гады – ён жыве ў Менску, працуе будаўніком, не з’яўляецца актывістам палітычных партыяў. Прыняў удзел у дэманстрацыі 19 снежня, але ў адрозненні ад астатніх фігурантаў справы аб масавых беспарадках быў затрыманы не ў першыя дні пасля падзеяў, а толькі 15 чэрвеня 2011 года. На той момант справа фактычна ўжо была закрытая. 12 кастрычніка 2011 года яго пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі». Да справы Уладзіміра Кондруся суд над Барановічам доўгі час лічыўся апошнім судом за Плошчу.

Святаслаў Барановіч, 2018 год. Фота – TUT.by

У 2018 годзе 32-гадовы Святаслаў Барановіч знаходзіцца за кратамі, у наваполацкай калоніі. 12 сакавіка 2018 года яго пакаралі 3 гадамі зняволення за «гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў». Інцыдэнт, за які пакаралі Барановіча, адбыўся яшчэ ў 2017 годзе ў Менску, калі Барановіч хацеў заступіцца за ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў», якіх затрымлівалі «людзі ў цывільным». Аднаго з міліцыянтаў у цывільным – Арцёма Паўлава – і ўдарыў Барановіч. У калоніі на Барановіча аказваецца моцны ціск. Палітвязнем праваабаронцы яго не прызналі.

Анатоль Куляшоў і Вадзім Зайцаў

Анатоль Куляшоў

У 2010 годзе 51-гадовы Анатоль Куляшоў – міністр унутраных справаў Беларусі, 46-гадовы Вадзім Зайцаў – старшыня КДБ. Анатоль Куляшоў заявіў пасля журналістам, што гэта менавіта ён непасрэдна камандаваў зачысткай Плошчы 19 снежня. Паводле міністра, гэта трэба было, каб перадухіліць сцэнар, накіраваны на дзяржаўны пераварот. КДБ, якім кіраваў Вадзім Зайцаў, непасрэдна вёў следства па справе аб масавых беспарадках. Усе яе фігуранты сядзелі ў «амерыканцы», многія потым заяўлялі пра катаванні і здзекі. Адвакатаў да падазраваных не пускалі. Паводле Саннікава, Зайцаў асабіста пагражаў фізічнай расправаю яму і ягоным сваякам.

Вадзім Зайцаў

У 2018 годзе Вадзім Зайцаў – генеральны дырэктар «Космас ТБ», Анатоль Куляшоў – дарадца аддзелу па супрацы ў сферы барацьбы са злачыннасцю, тэрарызмам і наркапагрозаю ў Выканаўчым камітэце СНД. Куляшова адправілі ў адстаўку ў 2012 годзе. Паводле адной з версіяў у сувязі з праблемамі са здароўем, па іншай – у выніку апаратных інтрыг і шэрагу скандалаў у МУС. Вадзім Зайцаў пазбавіўся сваёй пасады ў лістападзе 2012 года пасля самазабойства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака. Скандал набыў такі рэзананс, што рэагаваць быў вымушаны асабіста Аляксандр Лукашэнка – ён абвінаваціў Зайцава ў стварэнні «нездаровай маральна-псіхалагічнай абстаноўцы» у КДБ і адправіў у адстаўку.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў