«Асобаў, датычных да смерці Коржыча, проста не знайшлі»


У судзе аб справе гібелі Аляксандра Коржыча 18 кастрычніка адвакаты паставілі пад сумнеў сцверджанне дзяржабвінаваўцы пра негвалтоўны характар смерці жаўнера.

Пра гэта заявіла, сярод іншага, прадстаўніца пацярпелага боку Ілона Рудава – адвакатка Святланы Коржыч.

Адвакатка звярнула ўвагу на тое, што на фрагментах майкі Коржыча (нагадаем, труп жаўнера знайшлі ў пятлі з парванаю і нацягнутаю на галаву майкай) знойдзены біялагічны матэрыял дзвюх нявысветленых асобаў. Біяматэрыял быў і на рэмені, з якога была зробленая пятля. Супадзенняў ДНК з абвінавачанымі пры гэтым не знойдзена.

«Дагэтуль асобы застаюцца невядомымі, чыё ДНК было знойдзена – следства не ўстанавіла. Такім чынам, довады пракурора пра адсутнасць асобаў, якія меюць дачыненне да смерці Коржыча, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Лічу, што ў дадзеным выпадку гэтыя асобы проста не ўстаноўленыя», – адзначыла адвакатка.

Акрамя таго, на штанах Коржыча знайшлі пашкоджанні ў выніку шматлікіх трэнняў, аднак адкуль яны зʼявіліся – невядома.

Паводле Ілоны Рудавай, здарэнне адбылося ў падвале, у якім не было асвятлення і планіроўку якога жаўнер не ведаў. У такіх умовах ажыццяўленне суіцыду патрабуе працяглай падрыхтоўкі, што не характэрна для асобаў, якія ў стане моцнага стрэсу вырашылі скончыць жыццё самагубствам. Выклікае пытанні і тое, што ў кішэні штаноў Коржыча знайшлі запальнічку, пры дапамозе якой, як сцвярджае пракуратура, жаўнер і асвятляў памяшканне, калі вешаўся. «Як там апынулася запальнічка? У які момант ён яе туды паклаў? Гэта і іншыя пытанні застаюцца без адказу», – дадала яна.

Адвакатка падкрэсліла, што Аляксандр Коржыч не пакутаваў на псіхічныя захворванні. Паводле медыкаў, у апошні месяц жыцця ў яго назіраўся толькі псіхічны разлад, які сустракаецца «у кожнага другога чалавека» і звычайна не прыводзіць да суіцыду. Думкі пра магчымасць самагубства Коржыч не выказваў.

Сяржант Яўген Бараноўскі

З высновамі прадстаўніцы Святланы Коржыч пагадзілася адвакатка сяржанта Яўгена Бараноўскага. Яна адзначыла, што з боку Бараноўскага сапраўды мелі месца супрацьпраўныя дзеянні, аднак яны насілі эпізадычны характар і не маглі прывесці да смерці Коржыча.

«Мой падабаронны не з’яўляецца аўтарам нестатутных адносінаў. Ён сам падвяргаўся супрацьпраўным дзеянням, такі лад усталяваўся ў войску даўно», – падкрэсліла яна.

Адвакатка просіць суд часткова апраўдаць Бараноўскага і прызначыць яму «мяккае пакаранне».

Сяржант Скуратовіч з адвакатам

Адказнасць свайго падабароннага за смерць Коржыча адмаўляе і адвакат сяржанта Ягора Скуратовіча. Паводле абаронцы, Скуратовіч меў мінімум дачыненняў з Коржычам. «Супрацьпраўных дзеянняў адносна Коржыча Скуратовіч не ажжыцяўляў», – сцвярджае ён. Паводле адваката, калі сыходзіць з заявы дзяржабвінаваўцы, што Скуратовіч вінаваты ў стварэнні невыноснай псіхалагічнай сітуацыі ў вайсковай частцы, то на лаве падсудных таксама мусяць быць афіцэры, якія дапускалі нестатуныя адносіны ў Печах. Адвакат папрасіў суд прызначыць Скуратовічу пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Антон Вяжэвіч размаўляе з адвакаткай

Адвакатка Антона Вяжэвіча пагадзілася з аргументамі калегаў. Абаронца звярнула ўвагу на тое, што сяржант Вяжэвіч сам быў ахвяраю дзедаўшчыны, у яго вымагалі грошы, яго білі, але ён не лічыў гэта прыніжэннем – як не лічыў, што прыніжае жаўнераў, калі вымагаў грошы і біў іх. На думку адвакаткі, тлумачыцца гэта тым, што такі характар дачыненняў даўно ўсталяваўся ў беларускім войску. «Праблема ў самой сістэме арміі», – падкрэсліла яна і папрасіла суд прызначыць Вяжэвічу мінімальнае пакаранне.

У апошнім слове падсудныя заявілі, што прызнаюць сваю віну часткова: злоўжыванне ўладай і атрыманне хабараў сапраўды адбываліся, аднак датычнасць да смерці Коржыча падсудныя зняпраўджваюць. Сяржанты выбачыліся перад пацярпелымі і выказалі спачуванні Святлане Коржыч.

Прысуд па справе Коржыча будзе абвешчаны 5 лістападу.

Учора дзяржаўны абвінаваўца Юры Шарснёў папрасіў суд пакараць сяржантаў пазбаўленнем волі: Яўгена Бараноўскага тэрмінам на 9 гадоў, Ягора Скуратовіча – 6 гадоў, Антона Вяжэвіча – 7 гадоў. Паводле дзяржабвінаваўцы, сяржанты сістэматычна вымагалі грошы і атрымлівалі хабары ад жаўнераў, у тым ліку прадуктамі харчавання. Сяржанты рэгулярна білі жаўнераў і здзекваліся з іх, каб «задаволіць свае нізінныя схільнасці». Паводле пракурора, дзеянні Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча пераканалі Коржыча «ва ўседазволенасці і карумпаванасці сяржанцкага складу, іх беспакаранасці», што і падштурхнула жаўнера здзейсніць акт суіцыду.

Святлана Коржыча падчас выступу ў судовых спрэчках выказала абурэнне, што афіцэрскі склад не панёс ніякай адказнасці за гібель яе сына. Жанчына наўпрост абвінаваціла міністра абароны Андрэя Раўкова ў бяздзеянні.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў