«Асновай усяго быў страх». Адвакат Уладзіслава Кавалёва пра тэракт у метро, трэцюю сілу і загадкавыя дэталі справы


Уладзіслаў Кавалёў і адвакат Станіслаў Абразей. Фота - REUTERS/Vasily Fedosenko

Адвакат Станіслаў Абразей у 2011 годзе абараняў Уладзіслава Кавалёва ў справе аб тэракце ў менскім метро. Падчас працэсу ён спрабаваў даказаць, што людзі на лаве падсудных невінаватыя, а Дзмітрыя Канавалава наагул не магло быць у метро ў момант выбуху. Адвакат застаецца ў гэтым упэўненым і сёння – праз восем год пасля тэракту на станцыі «Кастрычніцкая». У эксклюзіўным інтэрв’ю belsat.eu Станіслаў Абразей упершыню распавядае пра сваю працу ў гэтай справе і стасункі з Уладзіславам Кавалёвым, а таксама тлумачыць, чаму не верыць у афіцыйную версію тых падзеяў.

– Як вы сталі адвакатам Уладзіслава Кавалёва?’

– Я працаваў у Менскай гарадской калегіі адвакатаў. Да мяне звярнулася маці Кавалёва. Сказала, што ўсе абаронцы, да якіх яна звярталася, не жадаюць удзельнічаць у гэтай справе, і вельмі прасіла, каб я ёй не адмовіў. Я адразу пагадзіўся і мы заключылі дамову.

У 17.56. 11 красавіка 2011 года на платформе станцыі метро «Кастрычніцкая» выбухнула бомба – загінулі 15 чалавек, 387 атрымалі раненні. Праз дзень паводле падазрэння ў здзяйсненні тэракту былі арыштаваныя двое нарадзінцаў Віцебску – токар Дзмітрый Канавалаў і электраманцёр Уладзіслаў Кавалёў. 30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд прысудзіў Канавалава і Кавалёва да смяротнага пакарання. Акрамя тэракту ў метро, Канавалава прызналі вінаватым у арганізацыі выбуху на Дзень Незалежнасці ў Менску ў 2008 годзе, выбухах у Віцебску ў верасні 2005 года, а таксама ў шэрагу актаў злоснага хуліганства напачатку 2000-х, калі ён быў яшчэ падлеткам. У сакавіку 2012 года Канавалава і Кавалёва расстралялі.

– Наколькі я разумею, адразу пасля затрымання з Кавалёвым працаваў іншы адвакат. Ён адмовіўся далей займацца гэтай справай?

– Першы адвакат Кавалёва быў прызначаны па 46-м артыкуле крымінальна-працэсуальнага кодэксу [артыкул, што рэгулюе запрашэнне або прызначэнне адваката падазраванаму – заўв. belsat.eu]. У народзе гэта называецца «бясплатны адвакат», хаця так ці інакш з абвінавачванага спаганяюцца грошы за гэтыя паслугі – праўда, не такія вялікія, як у сярэднім плацяць адвакатам. Нельга сказаць, што мінулы адвакат адмовіўся. Ён не мае права адмовіцца па законе. Ён працаваў на першых следчых дзеяннях. Але маці з ім дамову не заключыла. Гэта была выключна яе ініцыятыва.

Станіслаў Абразей. Крыніца – facebook.com/AdvokatStanislavAbrazej

– Калі вы ўпершыню ўбачылі Кавалёва?

– Дату не памятаю. Але гэта быў прыкладна 3-4 дзень пасля тэракту. На той момант Канавалаў і Кавалёў ужо далі прызнальныя паказанні. Следствам займалася Генеральная пракуратура, а знаходзіліся Канавалаў і Кавалёў у СІЗА КДБ.

Памятаю, што спачатку былі праблемы з допускам да Кавалёва мяне, як абаронцы. Я патэлефанаваў следчаму, распавёў што са мною заключылі дамову. Але ён усяляк пазбягаў сустрэчы, не адказваў на званкі. Мне ў выніку прыйшлося перадаваць ордэр на ўдзел у вытворчасці па крымінальнай справе праз дзяжурнага пракуратуры. Як я цяпер разумею, следчы проста хацеў правесці як мага больш следчых дзеянняў да з’яўлення новага адваката.

– Якое ўражанне пакідаў Уладзіслаў Кавалёў?

– Вельмі ўпэўнены ў сябе, аптымістычны і жыццярадасны малады чалавек. Захапляецца псіхалогіяй. Чытае кнігі пра самаразвіццё. Потым, калі мы з ім размаўлялі, ён і мне нейкія цікавыя рэчы падказаў у плане асабістага росту – сапраўды карысныя. Напрыклад, sleeptracker – гэта такі наручны гадзіннік-будзільнік, які рэагуе на імпульсы цела і вызначае найлепшы для арганізма час абуджэння…

– То бок вашыя размовы не абмяжоўваліся выключна справаю…

– Так. Яму было цікава пагутарыць не толькі наконт справы. Ён хацеў знайсці аднадумца, які б падзяляў ягоныя інтарэсы.

– А Кавалёў у СІЗА КДБ сядзеў у адзіночнай камеры?

– Наколькі я памятаю, так.

«Што я сказала б Лукашэнку пры сустрэчы? Нічога. Я б яго парвала»

– У вас адразу склаліся такія добрыя стасункі з Уладам?

– Натуральна не. Я ў першую чаргу юрыст. Мне важна каб кліент мне казаў праўду. Пакуль не разбяруся ў справе, я не давяраю чалавеку. Спачатку я быў насцярожаны, хацеў выключыць любую фальш у нашых стасунках. З яго боку таксама была насцярожанасць спачатку. То бок быў такі этап прамацвання, ці можам мы давяраць адзін адному.

– Калі адбыўся той пераломны момант, пасля чаго ўзнік узаемны давер?

– Гэта адбылося амаль адразу, як у нас з’явілася магчымасць пагутарыць сам-насам. Ён распавёў, як адбываліся допыты. Распавёў, што з красавіка па лістапад больш за 15 хвілін запар у содні ім не давалі спаць. Толькі яны засыпалі, праходзіла 15 хвілін, і іх прымушалі паднімацца, называць імя і свой крымінальны артыкул. Было некалькі выпадкаў, калі я прыходзіў да Кавалёва, а ён быў у такім стане разгубленасці і дэзарыентаванасці, што проста не мог успомніць мяне. У яго быў адкрыты рот, пашыраныя зрэнкі. Калі я пачынаў з ім гутарыць, я бачыў, што ён ніяк не рэагаваў. У гэтыя хвіліны ў СІЗА звычайна абвяшчалі каранцін і Кавалёва ўводзілі – бо разумелі, што ў мяне могуць узнікнуць падазрэнні наконт ягонага стану. Было мінімум два такіх выпадкі.

Кавалёў і Абразей на судзе. Фота – Reuters

– У вас узнікла падазрэнне, што гэта мог быць вынік уздзеяння псіхатропаў?

– Я проста не разумеў, у чым справа: яго штучна давялі да такога стану або сапраўды мае месца ўжыванне нейкіх рэчываў?

– Пра катаванне бяссонніцай ён вам распавёў у лістападзе. Чаму толькі тады?

– Дык ім строга забаранялася распавядаць пра ўмовы ўтрымання. Ён у прынцыпе не шмат пра гэта казаў. Але даваў зразумець, што ўтрыманне за кратамі для яго вялікае выпрабаванне.

11 красавіка 2011 года ў Менску. Фота – © PhotoXpress/ZUMAPRESS.com

– На вашу думку, чаму Кавалёў спачатку прызнаў сваю віну? На судзе ён скардзіўся толькі на псіхалагічны ціск, пра фізічныя катаванні нічога не казаў. Якім бы не быў той псіхалагічны ціск, гаворка ўсё ж ішла пра расстрэльны артыкул…

– Асновай усяго быў страх. Імаверна, Кавалёва запалохалі. Запалохала сама сітуацыя, той рэжым, у якім ён апынуўся – усё ў сукупнасці падавіла ягоную волю да супраціву. Магчыма, ужываліся і некаторыя іншыя метады, але доказаў таму няма. Калі б Уладзіслаў не баяўся, ён расказаў бы праўду адразу.

– Калі страх сышоў і ён пачаў мяняць паказанні?

– Страх пачаў праходзіць, калі ў нас з ім з’явілася больш часу для размоваў. Калі ён даверыўся мне і распавёў, як усё было на самой справе. Ён баяўся мяняць паказанні, але я яго пераканаў, што за праўду нічога не будзе. Потым у апошнім слове Кавалёў папрасіў прабачэння ў Канавалава за тое, што агаварыў яго. Я лічу, што гэта быў мужны ўчынак.

– Якое ў вас уражанне склалася ад Дзмітрыя Канавалава?

– Вы хочаце запытаць, ці ўбачыў я монстра? Сыходзячы з матэрыялаў справы, я дакладна разумеў, што гэта зусім іншы чалавек, чым той «крывавы тыран», якім зрабілі яго ў вачах грамадства. Вочы ў яго добрыя. Погляд не халодны. Ён быў вельмі запалоханы, бледны, задаўлены. Ён нават са сваім абаронцам стараўся не размаўляць. Я вельмі хацеў, каб на судзе ён распавёў праўду. Але ён баяўся.

Канавалаў і Кавалёў на судзе. Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

– Для вас стала нечаканасцю, што Канавалаў адмовіўся даваць паказанні на судзе і ўвесь працэс маўчаў?

– Гэта было нечаканасцю для ўсіх. У мяне было шмат пытанняў да яго. І наўрад ці Канавалаў знайшоў на іх адказы, якія б не супярэчылі ягоным прызнальным паказанням.

– Вы і сёння ўпэўнены, што Канавалаў не ўзрываў менскае метро?

Даведка belsat.eu. Якасць запісу камераў назірання ў метро не дазваляе сцвярджаць са 100-адсоткавай упэўненасцю, што на відэа сапраўды Канавалаў. У сваім заключэнні эксперты ФСБ канстатавалі, што «устанавіць партрэтнае падабенства асобы, зафіксаванай камерамі назірання 11 красавіка на станцыях метро, ​​з Канавалавым не ўяўляецца магчымым». Спецыялісты толькі адзначалі, што асаблівасці вонкавага выгляду і адзення чалавека, які быў зафіксаваны камерамі ў менскім метро, ​​адпавядаюць вонкаваму выгляду і адзенню, канфіскаванаму ў Канавалава. Прасцей кажучы, чалавек на відэа – вельмі падобны да Канавалава, але на 100% у гэтым нельга быць перакананым.

– Канавалава не было на станцыі падчас выбуху і быць не магло. Наколькі я памятаю, пасля тэракту сляды выбуховых рэчываў знайшлі на адзенні нават тых людзей, што знаходзіліся ў той момант на станцыі «Купалаўская». А ў Канавалава, які знаходзіўся непасрэдна на станцыі «Кастрычніцкая», наагул нічога не было – ні на адзенні, ні ў носе, ні ў вушных ракавінах. Ён быў абсалютна чысты. Калі б ён прысутнічаў на месцы здарэння, на ім бы засталіся сляды выбуховых рэчываў.

«Чалавек з торбай» у метро. Паводле следства, на відэа – Канавалаў. Фота – REUTERS

– Калі Канавалава не было ў метро падчас выбуху, то хто тады здзейсніў тэракт?

– Я не хачу высоўваць версіі, не маючы доказаў. Я магу толькі звярнуць увагу на некаторыя загадкавыя абставіны. Напрыклад, паводле неафіцыйнай інфармацыі, незадоўга да затрымання каля пад’езду дому на вуліцы Караля [у доме па вул. Караля 9а Канавалаў здымаў кватэру, менавіта там адбылося затрыманне, – заўв. belsat.eu] стаяў падазроны, цалкам затаніраваны мікрааўтобус – ці то без нумароў, ці то з расейскімі нумарамі. У кватэры, якую Канавалаў здымаў у Менску, былі знойдзены загадкавыя сім-карты расейскага аператара «Мегафон». Я хадатайнічаў на судзе аб выпатрабаванні ў мабільнага аператара ўсёй інфармацыі па сім-карце: каму яна належыць і якія званкі ажыццяўляліся з ёй. Але маё хадатайніцтва адхілілі. Акрамя адвакатаў ніхто на гэтую сімку наагул не звярнуў увагу, следчыя не зацікавіліся ёй. Улад Кавалёў нічога пра расейскую сімку не ведаў, паняцця не меў, адкуль яна…

– Лагічна выказаць здагадку, што ўсе гэтыя дэталі сведчаць пра наяўнасць нейкай трэцяй сілы ў дадзенай справе. Правільна?

– Скажам так: паколькі гэтыя дэталі не былі вывучаныя, то наяўнасць трэцяй сілы не выключаецца.

– Наяўнасць трэцяй сілы не выключаецца, у кватэры была знойдзена расейская сім-карта, але пры гэтым беларускі бок запрашае ў якасці экспертаў прадстаўнікоў ФСБ Расеі. Даволі дзіўны крок. У экспертах з Расеі сапраўды была патрэба?

– Я лічу, што ў нас дастаткова тэхнічных сродкаў і спецыялістаў, каб правесці тыя экспертызы, якія ў выніку правялі эксперты ФСБ на тэрыторыі Беларусі. Ніякіх асаблівых метадаў расейцы не выкарыстоўвалі. То бок можна было абысціся і без іх.

Страх у краіне спакою, дак. фільм

– Тое, што Уладзіславу Кавалёву вынеслі смяротны вырак, для вас стала нечаканасцю?

– Для мяне гэта было надзвычай нечакана. Я не мог зразумець, як па такім абвінавачванням, з такой доказнай базай, асобу маглі прысудзіць да смяротнага пакарання. Гэта стала для мяне шокам.

– У вашай кар’еры гэта быў адзіны выпадак, калі вашага падабароннага прысуджалі да смерці?

– Так, адзіны.

– Як вы на гэта рэагавалі?

– Спачатку проста не верылася. А потым, калі маці атрымала паведамленне, што прысуд выкананы, знаходзіўся ў ступары.

Паштоўка, якую Уладзіслаў Кавалёў даслаў сястры. Фота Белсат

– Як выглядала ваша апошняя сустрэча з Кавалёвым? Як ён сябе паводзіў?

– Улад бачыў, што я прыгнечаны, што я спачуваю яму. І таму спрабаваў нават падбадзёрыць мяне, жартаваць: маўляў, выблытаемся, усё добра будзе.

– Якія словы або дэталь у паводзінах Кавалёва за ўвесь час знаёмства вам больш за ўсё ўрэзалася ў памяць? Можа і нязначная сама па сябе, але найбольш запамінальная.

(Задумваецца). Я памятаю, што ён заўсёды трымаў спіну роўна. Ішлі шматгадзінныя допыты: чатыры гадзіны, перапынак, а потым зноў чатыры гадзіны. І вось ён усе восем гадзінаў мог сядзець з роўнай спіной. Гэта ж цяжка. Калі я яго запытаў, як гэта ў цябе атрымліваецца, ён адказаў: «Я так развіваю ў сябе сілу волі».

Восьмая гадавіна тэракту ў менскім метро. 10 ключавых пытанняў аб справе Канавалава і Кавалёва

Ігар Ільяш belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары