Асмалоўцы зноў пагражае поўнае знішчэнне. Праект забудовы мікрараёну вынесуць на грамадскае абмеркаванне


Архітэктары «Менскграду» на замову Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму распрацавалі праект дэталёвай перабудовы Асмалоўкі, што азначае поўнае руйнаванне мікарараёну.

Барацьба за захаванне раёну двухпавярховікаў у самым цэнтры Менску вялася не першы год.

Архітэктары, грамадскія актывісты і мясцовыя жыхары выступалі за захаванне гэтай тэрыторыі. Міністэрства культуры мелася разгледзець пытанне надання ўнікальнаму мікрараёну, якому пагражае знішчэнне, статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Аб правядзенні грамадскага абмеркавання забудовы Асмалоўкі паведаміла адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску.

З плана вынікае, што ўсе старыя будынкі маюць знесці. На іх месцы пабудуюць новыя дамы вышынёю 5–6 паверхаў з памяшканнямі гандлёва-побытавога прызначэння і падземнымі аўтастаянкамі.

У раёне з’явяцца дзіцячыя садкі і пасаж «Старажэўскі» (ружовая паласа № 4).

Грамадскае абмеркаванне гэтага праекту пройдзе з 23 чэрвеня па 17 ліпеня 2017 года. Прэзентацыя адбудзецца 26 чэрвеня ў 18:30 у будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёну (вул. Мельнікайтэ, 6).

Блогер Антон Матолька сёння наведаў Адміністрацыю Цэнтральнага раёну Менску, дзе сустрэўся з яе кіраўніком Ігарам Бузоўскім.

Пасля размовы фатограф апублікаваў галоўныя тэзісы сустрэчы.

«Рашэнне аб зносе не прынятае. Гэта адзін з варыянтаў. Каб не знеслі, трэба прапаноўваць альтэрнатывы», – піша Антон Матолька.

Асмалоўка – першы пасляваенны элітны мікрараён паміж вуліцамі Багдановіча, Кісялёва і Камуністычнаю. Яго пабудавалі для вайскоўцаў. Тут жылі вядомыя вайсковыя кіраўнікі, оперныя спевакі, артысты. У пачатку 90-х адбыліся першыя спробы з боку ўладаў знесці яго.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў