Аштрафавалі, адмянілі штраф і зноў далі! Журналіст абскарджвае рашэнне суда


У Берасці працягваюць судзіць незалежнага журналіста Алеся Ляўчука, за сюжэт, які быў зняты яшчэ паўгода таму. Зараз журналіст у другі раз спрабуе аспрэчыць рашэнне Маскоўскага суду Берасця.

Летась «Белсат» паведаміў, што вуліцу Шаўчэнкі ў Берасці адрамантавалі толькі напалову, а ў справаздачы напісалі, што ўсю. Нашая здымачная група адправілася туды і зняла рэпартаж. За гэта міліцыянт Раман Трафімук склаў на Алеся Ляўчука пратакол за «працу без акрэдытацыі» (арт. 22.9 КаАП).

З першага разу міліцыянт не змог правільна аформіць пратакол, а на тое, каб перарабіць, не было часу. Тады Трафімук склаў новы пратакол, але без удзелу і подпісу Ляўчука. Нягледзячы на гэта суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабан прысудзіў журналісту штраф – 25 базавых велічыняў (Br 612,5). Гэтае рашэнне было адменена Берасцейскім абласным судом 12 красавіка.

Але 25 красавіка Ляўчук атрымаў на «Viber» паведамленне, што яго ў судзе Маскоўскога раёну Берасця будуць судзіць зноў 4 сакавіка.

«Як толькі я паведаміў «Белсату» пра такі выклік у суд, мне даслалі не толькі звычайную класічную папяровую позву, але яшчэ і СМС. Але незаконна выклікаць у суд праз «Viber», таму май адвакат напісаў скаргі ў пракуратуру і старшыні суду», – кажа Алесь Ляўчук.

У выніку 4 траўня суддзя суду Маскоўскага раёну Раіса Лабачэўская зноў прысудзіла Алесю Ляўчуку штраф у 25 базавых велічыняў (Br 612,5).

«Сёння падаў скаргу ў абласны суд, паспрабую выйграць яшчэ раз. Гэтая сітуацыя выглядае ўжо смешна, парушэнні проста на кожным кроку. Але галоўнае ў тым, што дзякуючы гэтаму працэсу гучыць тэма пра скрадзены на вуліцы Шаўчэнка асфальт», – падсумоўвае журналіст.

СА, belsat.eu, фотаздымак з сацыяльных сетак

Стужка навінаў