Ашмянскую мытню закрыюць


Яе функцыі возьмуць на сябе гарадзенскія мытнікі.

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юрый Сянько паведаміў, што Ашмянская мытня спыніць сваё існаванне.

Рашэнне пра гэта Юрый Сянько прыняў пасля прысуду ашмянскім мытнікам, які Менскі абласны суд вынес 8 жніўня. На лаве падсудных апынуліся 16 чалавек.

Паводле следства, з 2010-га да 15-га года на пункце пропуску Каменны Лог на беларуска-літоўскай мяжы працавала крымінальная групоўка, у якую ўваходзілі 58 мытнікаў. Яе ўдзельнікі за хабар ад $ 80 да $ 750 без перашкодаў прапускалі праз праз дзяржаўную мяжу фуры без адпаведнага мытнага афармлення. Бізнес быў настолькі паспяховы, што падчас ператрусаў удома ў мытнікаў агулам знайшлі больш за $ 2,2 млн. наяўнымі.

Большасць атрымала ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Максімальнае пакаранне суд вынес аднаму з кіраўнікоў і арганізатараў – Гарніку Сарумянцу. Ён правядзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму 11,5 гадоў. З-пад варты ў залі суда вызвалілі толькі аднаго з фігурантаў – літоўскага прадпрымальніка Артура Тураева. Ён мае заплаціць штраф у памеры Br 46 000.

Паводле БЕЛТА, зона адказнасці Ашмянскай мытні пяройдзе пад юрысдыкцыю Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, а кіраўнічы персанал перавядуць ў памежныя пункты мытнага афармлення, у іншыя аддзелы.

Паводле старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту, за апошнія 2,5 года з-за карупцыі звольнілі 300 мытнікаў.

ДД

Стужка навінаў