Ашмянская мытня наконт Кіркорава: Мы працавалі, як належыць


Мытнікі з пункту пропуску «Каменны Лог» пракаментавалі інцыдэнт з расейскім спеваком Філіпам Кіркоравым, які быў абураны «нахабствам» мытнікаў праз затрымку цяжкавікоў з абсталяваннем.

23-га сакавіка Філіп Кіркораў абурыўся ў сацыяльных сетках, што беларускія мытнікі затрымалі для пільнага агляду цяжкавікі з дэкарацыямі і канцэртным абсталяваннем. Гэта спазніла іх прыбыццё ў Вільню, а свой канцэрт у сталіцы Літвы Філіп Кіркораў мусіў перанесці на дзень пазней.

У сваім «Інстаграме» Філіп Кіркораў напісаў наступнае: «Ноччу, стомленых пасля канцэрту, нас затрымалі на мытным пункце «Каменны Лог» больш за гадзіну. Некалькі разоў правяралі дакументы, прасілі выйсці з машыны, даглядалі, пры тым, самі ўсміхаліся – вось, Кіркорава «злавілі». У выніку, стомлены калектыў дабраўся да Вільні толькі пад раніцу.

Але на гэтым, як аказалася, начны кашмар не скончыўся. Чатыры вялікія фуры з афармленнем для сцэны – святлодыёдныя экраны, святло, дэкарацыі, усё гэта так і засталося на памежным пункце. Беларускія мытнікі не выпускаюць цяжкавікі з абсталяваннем. Да гэтага часу! Гэта працягваецца ўжо больш за палову содняў. Хамяць кіроўцам. Пагражаюць».

Чытайце яшчэ >>> Філіп Кіркораў адчыніў у Менску буцік і кавярню «Phill4You» і «Phood4you»

На афіцыйнай старонцы «УКантакце» Філіп Кіркораў напісаў, што спадзяецца на пакаранне вінаватых мытнікаў Аляксандрам Лукашэнкам, ад якога напярэдадні атрымаў букет пасля канцэрту ў «Менск-Арэне».

«На мяжу транспартныя сродкі Філіпа Кіркорава прыбылі раніцай, прыкладна а 10:50 у сераду, 23 сакавіка. А 11:15 спявак і ягонае суправаджэнне ўжо прайшлі пашпартны кантроль», – паведамілі ў Ашмянскай мытні.

Машыны з канцэртным абсталяваннем прайшлі мытны дагляд прыкладна а 11:50-12:30, сцвярджаюць беларускія мытнікі.

23-га сакавіка, увечары, Філіп Кіркораў падзяліўся навіной: «Перадаю апошнія зводкі з мяжы! Наша абсталяванне прыйшло ў Літву».

На Ашмянскай мытні сцвярджаюць: «Ніхто спецыяльна не трымаў спевака на мытні. Мы працавалі, як належыць. Што датычыцца інфармацыі, што прадзюсары спевака сталі «быкаваць» і «качаць правы», мы гэтага каментаваць не будзем».

МЯ, паводле rh.by

Стужка навінаў