Павел Усаў Асаблівы рэжым дырэктакратыі

Беларускі палітолаг і аналітык, доктар палітычных навук

У Беларусі ўжо даўно сфармавалася ўстойлівая сістэма палітычнага кіравання, якая абапіраецца выключна на дырэктарска-наменклатурны апарат. У цяперашняй ніжняй палаце парламента традыцыйна прадстаўлены самы шырокі спектр начальнікаў усіх катэгорыяў: старшыні, кіраўнікі, сакратары і галоўныя ідэолагі, дырэктары, рэктары, камандзіры, кіраўнікі ведамстваў, аддзелаў і дэпартаментаў. Фактычна гэтая сацыяльная група, якую можна назваць нават асаблівым саслоўем або класам, уяўляе сабой супер-партыю «начальнікаў і камандуючых», «партыю» без ідэалогіі і без праграмы, але з яснай функцыяй – захаваць падставы аўтарытарнай дзяржавы, нейтралізаваць любыя яе ваганні.

Больш за тое, сама ідэя якіх-небудзь змен не зарадзіцца ў галовах гэтых людзей. Трэба сказаць, што Лукашэнка і ягонае асяроддзе прынялі на ўзбраенне (не ведаю, інтуітыўна ці свядома) самы просты, але самы надзейны спосаб палітычнага кіравання, абапіраючыся на разгалінаваную сетку начальнікаў. У пэўным сэнсе можна казаць пра ўсталяванне ў Беларусі асаблівага рэжыму – дырэктакратыі.

Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 77,22%. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Дырэктар – фігура палітычная

Калі чалавек дабіраецца да пасады начальніка ва ўмовах аўтарытарызму, ён ужо праходзіць патрэбную псіхалагічную апрацоўку і падрыхтоўку, праверку на лаяльнасць, выканаўчасць і прынцыповасць. У выніку сацыяльнага адбору чалавек цалкам падладжваецца пад сістэму ды становіцца яе часткай. Ён пераносіць правілы гульні і адносінаў у дзяржаве на калектыў, укараняючы аўтарытарызм. Паводле шмат якіх аспектаў дырэктар (высокі начальнік) – гэта хутчэй ужо не кіроўная пасада, а палітычная. Бо трэба ахоўваць інтарэсы дзяржавы на месцах, забяспечваць ідэалагічную лаяльнасць калектыву, удзельнічаць у арганізацыі выбараў і атрыманні патрэбных вынікаў.

Я не хачу сказаць, што беларускія грамадзяне, якія занялі дырэктарскіх пасты, не валодаюць досведам і кваліфікацыяй, я толькі кажу пра тое, што знаходжанне на пасадзе начальніка патрабуе ад індывіда асаблівай лаяльнасці і адданасці ўлады.

Такім чынам, у палітычнай сістэме сфармаваўся двухфазны працэс «вылучэння і выбрання» спачатку ў начальнікі, а потым у дэпутаты (як форма вышэйшай даверу) з боку самых галоўных дырэктараў. У гэтых умовах ні ўзрост, ні пол не маюць значэння.

Сацыяльная структура парламента

Гаворачы аб сацыяльнай структуры парламента, варта звярнуць увагу на вельмі цікавую асаблівасць. Справа ў тым, што самая вялікая група новапрызначаных дэпутатаў – гэта выхадцы з сістэмы адукацыі: рэктары, прарэктары, дырэктары школ і іншых навучальных установаў, кіраўнікі аддзелаў адукацыі мясцовых адміністрацыяў. Яны складаюць практычна 30%.

Можна падумаць, што «педагогі» – гэта палітычна прывілеяваная група, «эліта» дырэктарскай партыі. Гэта і не дзіўна, калі ўлічыць, што шмат у чым «поспех» выбараў залежыць ад іх «правільнага» арганізацыйнага падыходу да правядзення «выбараў» і падліку галасоў. На другім месцы паводле колькасці пасля настаўнікаў ідуць прадстаўнікі мясцовых адміністрацыяў.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ёсць шэраг іншых асаблівасцяў

Па-першае, улада паспрабавала разнастаіць шэрую дырэктарскі масу тым, што ў парламент «прайшлі» прадстаўнікі сістэмных партый. Агулам 21 чалавек, 11 з якіх сябры Камуністычнай партыі Беларусі. Камуністы ў парламенце – гэта асаблівасць савецкай традыцыі, якая моцна ўкаранілася ў беларускай сістэме і навязваецца грамадству. Безумоўна ўсе гэтыя «сябры» партый – фікцыя, гэта дадатковыя палітычныя ролі, і не толькі таму, што «сістэмныя партыі» наагул не вядуць ніякай дзейнасці. У сваёй большасці «партыйцы» з’яўляюцца начальнікамі і адначасова сябрамі «Белай Русі». У выніку атрымліваецца ідэалагічны боршч.

Назіральнік злавіў дзяўчыну, якая спрабавала ўкінуць пачку бюлетэняў на выбарчым участку

Па-другое, кіраўніцтва краіны прыняла рашэнне аб усталяванні поўнай унутранай кансалідацыі і аднастайнасці парламента, без апазіцыйных украпванняў. З аднаго боку, верагодна, гэта абумоўлена псіхалагічнай неабходнасцю Лукашэнкі ў поўнай аднадушнасці ў пытанні прыняцця зменаў у Канстытуцыю. Магчыма, яны будуць таксама ўтрымліваць механізмы, звязаныя з перадачай улады.

З іншага боку, адпала патрэба ў палітычных дэкарацыях, якія былі выкарыстаныя для прасоўвання пазітыўнага вобразу беларускай аўтакратыі на Захадзе.

Гульня дыпкорпуса

Фактычна мэта дасягнутая, Еўропа адкрытая да дыялогу з беларускай уладай, у якой пытанне легітымнасці парламента, арганізацыі і правядзення выбараў і іншых дзяржаўных інстытутаў не грае аніякай ролі. Шэраг еўрапейскіх краінаў адкрыта ідуць на кантакт з нелегітымнымі чальцамі беларускага парламента, развіваюць з адносіны з гэтым органам, ігнаруючы факты фальсіфікацыяў. У сваю чаргу для папулярызацыі і далейшага прасоўвання пазітыўнага ўспрымання беларускай улады на захадзе будзе гуляць дыпламатычны корпус, уключаючы дэпутатаў Савіных і Варанецкага.

Па-трэцяе, знаходжанне ў «дырэктарскім» парламенце маладой фаварыткі Лукашэнкі Марыі Васілевіч будзе прыцягваць да гэтага органа асаблівую ўвагу беларускай публікі. Мяркую, што Васілевіч зробіцца аб’ектам пэўнага ціску, стаўшы ўскосным правадніком крытыкі і абурэння непасрэдна ў дачыненні Лукашэнкі.

Павел Усаў/МВ, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары