Арышт «Евы» і выхад мастацтва на вуліцы. Топ-10 культурных з’яваў і падзеяў 2020 года


Нягледзячы на даволі драматычныя эпізоды, якія сёлета праз пандэмію каронавіруса і палітычную сітуацыю мелі месца ў беларускай культуры, галоўная выснова года ўсё роўна станоўчая. Мастацтва – і гэта тычыцца ледзь не ўсіх яго кірункаў, прынамсі, некаторыя могуць паказаць сябе толькі з часам, – знайшло ў крызісе апошніх месяцаў моцны імпульс. Хто ведае, магчыма, хутка мы зможам выкарыстаць тэрмін «адраджэнне». А паколькі культура так ці інакш адлюстроўвае стан краіны, сімвалічна тое, што сёлета яна наскрозь прасякнулася бела-чырвона-белым.

«Белсат» падсумоўвае год і прыводзіць топ-10 культурных з’яваў і падзеяў 2020-га.

На выставе «8-мы рэгіён» Сяргея Грыневіча.
Фота: «Белсат»

Стагоддзе УНОВИС

На пачатку года краіна адзначала юбілей «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» («Утвердителей нового искусства», УНОВИС) – авангарднага мастацкага аб’яднання, якое сто гадоў таму стварыў у Віцебску Казімір Малевіч. Згадка арт-рэвалюцыянераў кантрастам прагучала ў сучасным беларускім кантэксце: два гады існавання суполкі паўплывалі на ўсю далейшую гісторыю мастацтва, а праз сто гадоў унавісаўцы ўсё яшчэ выглядаюць наватарамі на фоне сучаснага беларускага мастацкага працэсу.

Hавiны
«Прасачыць за намі нерэальна». У што ператварыліся беларускія дваровыя імпрэзы?
2020.12.05 21:07

Дабрачынныя арт-аўкцыёны

Праз пандэмію каронавіруса мастакі і дызайнеры апынуліся ў даволі ўразлівым становішчы, але ўсё ж пачалі актыўна ўдзельнічаць у дабрачынных праектах грамадскай салідарнасці – гэта было звязана і з COVID-19, і з рэпрэсіямі з боку ўлады. У красавіку, напрыклад, адбыўся онлайн-аўкцыён «Дзякуй!»: каля ста аўтараў бязвыплатна перадалі свае творы, а сабраныя 37 тыс. руб. былі адпраўленыя на дапамогу медычным работнікам. У жніўні на маскоўскім аўкцыёне «VLADEY» прадалі 30 твораў беларускіх мастакоў, а выручаныя сродкі накіравалі пацярпелым і мастакам.

Інтэрв’ю
«Не ведаю, як пасля перамогі мы будзем жыць з гэтымі людзьмі». Гутарка з Настай Шпакоўскай
2020.09.26 10:53

Закрыццё галерэі «Ў»

Культурныя пляцоўкі краіны адчулі значныя цяжкасці яшчэ ў красавіку, калі праз COVID-19 страцілі магчымасць ладзіць імпрэзы і, адпаведна, згубілі наведнікаў. Да фінансавых праблемаў дадаліся палітычныя рэпрэсіі: адзін з сузаснавальнікаў галерэі «Ў» Аляксандр Васілевіч стаў палітвязнем. Ён і яшчэ тры асобы выйшлі з ліку акцыянераў галерэі, і ў кастрычніку было абвешчана пра закрыццё прасторы. Такім чынам галерэя, што працавала ў Менску з 2009 г. і за гэты час стала адным з галоўных незалежных культурных цэнтраў, перастала існаваць.

Hавiны
Заламалі рукі, не прымалі перадачу. У Менску затрымалі дырэктара рэкламнага агенцтва
2020.07.29 18:57

Бюджэтнае фінансаванне незалежных кінапраектаў і яго адмена

У ліпені Міністэрства культуры праз працэдуру дзяржзакупкі пастанавіла прафінансаваць экранізацыю дзвюх беларускіх кнігаў, «Сфагнуму» Віктара Марціновіча і «Радзіва «Прудок»» Андруся Горвата, а таксама фільм пра Аляксандра Мядзведзя і серыял пра Уладзіміра Мулявіна. Гэта выклікала ўзрушэнне ў кінасупольнасці: па-першае, з прычыны выбраных праектаў, па-другое, усе лоты пайшлі незалежным кінакампаніям (дагэтуль за рэдкім выключэннем бюджэтныя грошы накіроўваліся «Беларусьфільму»). Зрэшты, неўзабаве Міністэрства культуры перадумала і, спаслаўшыся на скаргу Андрэя Курэйчыка ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, адмяніла фінансаванне абедзвюх экранізацыяў і фільму пра Мядзведзя.

Hавiны
Акцыяніст Міхаіл Гулін: Самыя важныя рэчы цяпер ствараюць не мастакі
2020.09.06 15:41

Арышт «Евы» Хаіма Суціна

Да крымінальнай справы «Белгазпрамбанку» далучылі больш за сто карцінаў з яго карпаратыўнай калекцыі. Сярод іх і самы дарагі з набытых у незалежнай Беларусі твораў – «Ева» Хаіма Суціна (прадстаўнікі банку купілі яе ў 2013 г. на аўкцыёне «Sotheby’s»). Далучаныя да справы карціны сталі недасяжныя гасцям галерэі «Арт-Беларусь», дзе выстаўляліся дагэтуль: цяпер яны схаваныя ў апячатаным памяшканні, а на іх месцах размясцілі рамы з QR-кодам. З моманту арышту «Ева» візуалізавалася ў розных вобразах (за кратамі, у арыштанцкай робе, з амапаўцамі), трапіла на рознага кшталту атрыбутыку і адзенне ды ўрэшце зрабілася сімвалам беларускага супраціву.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu
Фотарэпартаж
«Сіла ў тым, каб пражываць сістэмны прыгнёт разам». У галерэі «Арт-Беларусь» прайшоў перформанс «Достояние»
2020.07.02 17:12

Разбурэнне Купалаўскага тэатру і раздзяленне тэатральнай сферы

Купалаўскі тэатр выступіў супраць гвалту і вывесіў бела-чырвона-белы сцяг, а Міністэрства культуры ў адказ звольніла яго дырэктара Паўла Латушку. У выніку ўсе рэжысёры і абсалютная большасць трупы напісалі заявы на звальненне і сышлі са свайго будынку. Пасля гэтага ўчынку яны не разышліся ў розныя бакі, а засталіся разам як свабодныя купалаўцы. Сёння іхны YouTube-канал мае 145 тыс. падпісчыкаў, а выкладзеныя «Тутэйшыя» атрымалі 307 тыс. праглядаў. Пасля тэатральная сфера сама сабою раздзялілася на тых, хто звольніўся або каго звольнілі, і тых, хто пастанавіў застацца. Магчыма, гэта нейкім чынам паўплывае на будучае развіццё беларускага тэатру.

Hавiны
«Людзі хочуць пачуць нейкую праўду». Прафесіяналы – пра тое, ці можа тэатр заставацца ранейшым
2020.11.20 13:11

Актыўны выхад мастацтва на вуліцы і ў двары

Пасля жнівеньскіх падзеяў беларускае мастацтва, аматарскае і прафесійнае, пачало актыўна асвойваць вуліцу. Усё – ад плакатаў да перформансаў – пачало інтэгравацца ў гарадскую прастору і выказвацца пра сучаснасць.

Успомніць хаця б мастацкую акцыю «Мая камера»: удзельнікі адмералі метраж стандартнай камеры Акрэсціна і сталі ў гэтых межах у колькасці 30–40 асобаў – такія былі ўмовы для затрыманых у першыя дні пасля выбараў. Потым тэатралы, паэты і музыкі разышліся па дварах, а дваровыя імпрэзы зрабіліся сацыяльным феноменам. Праўда, вуліца нядоўга заставалася бяспечнай для мастацкіх выказванняў і раённых канцэртаў: ужо ў хуткім часе сілавыя структуры вымусілі нядзельныя маршы разысціся па ўсім горадзе, а Менгарвыканкам склаў спіс тэрыторыяў павышанай увагі адміністрацыяў, камунальнікаў і міліцыі.

Hавiны
«Мы пабудзем крыху бяздомнымі, але абавязкова вернемся». Як акторы драмтэатру ў Горадні сышлі ў падполле
2020.11.06 11:59

Ад’езд з краіны Святланы Алексіевіч

Як, на жаль, і шматлікіх іншых культурных дзеячаў. Нобелеўская лаўрэатка ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, і Святлану Алексіевіч неўзабаве выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі ў межах крымінальнай справы, якую завялі супраць Рады нібыта за заклік да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. Потым, калі пісьменніца засталася адзіным чальцом асноўнага складу КР у Беларусі ды на волі, невядомыя спрабавалі трапіць у ейную кватэру, а дыпламаты еўрапейскіх краінаў прыехалі яе падтрымаць. Нарэшце Святлана Алексіевіч з’ехала з краіны на лячэнне ў Нямеччыну і, як паведаміла пазней, не плануе вяртацца, пакуль Аляксандр Лукашэнка застаецца пры ўладзе.

Допыт Алексіевіч
Святлана Алексіевіч (праваруч) з адвакаткаю ля будынку Следчага камітэту перад допытам як удзельніцы Кардынацыйнае рады. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Belsat.eu

Адмена кінафестывалю «Лістапад»

Міністэрства культуры адмяніла фестываль за дзень да яго адкрыцця. Пра сваё рашэнне яно паведаміла ў афіцыйным тэлеграм-канале, а за паўгадзіны да гэтага – у накіраваным арганізатарам электронным лісце. Афіцыйнай прычынай назвалі эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, але, паколькі кінатэатры працягнулі працаваць, ёсць нагода меркаваць, што рэальная прычына была палітычнай.

Меркаванні
Фестываль «Лістапад» адмянілі, а паказы ў кінатэатрах – не. Як мінкульт плюе ў культуру
2020.11.06 22:36

Пратэст культуры і культура пратэсту

Грамадскія зрухі выявілі крэатыў беларусаў увогуле, а таксама дапамаглі намацаць глебу прафесійнаму мастацтву. Тое, наколькі актыўна культурныя дзеячы ўключыліся ў сучасныя працэсы, дае нагоду чакаць новага беларускага адраджэння. Беларускі супраціў праявіў сябе ў дызайне, жывапісе, тэатры, музыцы, кіно, паэзіі ды акцыянізме, прычым не толькі ў самой краіне, але і за мяжою. І не менш важна, што культура беларусаў увасобілася ў самім супраціве – у яго настойліва мірным характары і знятым абутку ля лавачкі.

Hавiны
Алег Хаменка: «Мы навучыліся паміраць за Беларусь, але забіваць за Беларусь не ўмеем і не збіраемся»
2020.09.19 13:37

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў