Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч раскрытыкаваў чыноўнікаў за дыскрымінацыю замежных святароў


Грамадзянін Польшчы, ксёндз Кшыштаф Пасвята нясе служэнне ў мястэчку Гатава пад Менскам, дзе цяпер будуецца новы касцёл. Да 30 красавіка ён мусіць пакінуць Беларусь па патрабаванню ўладаў. Вышэйшы іерарх Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі не хавае свайго абурэння.

Правілы дарожнага руху

Нагодаю, каб адмовіць ксяндзу Пасвяце ў візе сталі тры штрафы за перавышэнне хуткасці, атрыманыя цягам 12 месяцаў.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас Імшы на Дзень Усіх Святых у Менскай катэдры. Фота catholic.by.

«27 красавіка Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч правёў сустрэчу з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанідам Паўлавічам Гулякам, падчас якой вырашалася, ці зможа кс. Кшыштаф несці далейшую працу на Беларусі», – піша афіцыйны партал Беларускага Касцёла.

Перамовы скончыліся нічым.

Адныя больш роўныя, чым іншыя

Праблема тут больш шырокая і не датычыць толькі аднаго святара, адзначыў арцыбіскуп Менска-Магілёўскі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Сапраўды, пастанова Рады міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.01.2008 № 123 кажа, што замежніку, які запрошаны ў Рэспубліку Беларусь для рэлігійнай дзейнасці «можа быць скарочаны тэрмін дзеяння запрашэння», калі замежнік два разы ці болей парушаў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.

Дазвол на служэнне заўсёды выдаецца на пэўны тэрмін: тры месяцы, паўгода, год. Праз пэўны час трэба зноў падаваць паперы, каб атрымаць дазвол. І так з усімі замежнымі святарамі, якія працуюць у Беларусі.

Праўда, артыкул 30 Закону аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, прыняты ў Беларусі ў 2010 годзе, гаворыць, што замежнік можа не атрымаць візу ці можа страціць дазвол на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусі, калі мае ПЯЦЬ і больш адміністратыўных правапарушэнняў за год.

«Гаворка ідзе пра пяціразовае парушэнне, а не двух ці трохразовае. Выходзіць, замежнікаў дзеляць на два гатункі: просты чалавек і святар. Гэта сапраўдная дыскрымінацыя замежных святароў», – заявіў іерарх.

Дробная помста за незалежны голас?

Даволі доўга Каталіцкая Царква ў Беларусі пазбягала публічнай палемікі з уладамі, аднак у апошнія гады іерарх не першы раз уступае ў завочную дыскусію з дзяржаўнымі функцыянерамі ці звяртаецца да лідараў грамадскай думкі.

На Дзень Волі 25 сакавіка мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі адзначыць 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі малітвамі за Беларусь. «Беларусь жыве!», – усхвалявана ўсклікнуў іерарх падчас урачыстай Імшы ў гэты дзень.

Мінулай восенню мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў Кастрычніцкую рэвалюцыю ў Расеі, якая дагэтуль адзначаецца ў Беларусі 7 лістапада, «экзістэнцыяльнай катастрофай» і заклікаў імкнуцца да таго, каб зрабіць выходнымі Дзень Усіх Святых і Дзяды – 1 і 2 лістапада.

Мінулым летам арцыбіскуп Менска-Магілёўскі крытыкаваў дзеянні ўрадоўцаў і згадаў пра дыскрымінацыю Касцёла.

У гэтым кантэксце высылка замежнага святара ў сітуацыі, калі яна зусім не была абавязковай, выглядае як прыхаваная помста ўрадоўцаў.

Паляк, які служыць беларусам

Ксёндз Кшыштаф Пасвята пачаў стала працаваць у Беларусі ў 2012 годзе, дзякуючы яму ў Гатаве быў узведзены пастырскі цэнтр для дзяцей і моладзі з капліцай і араторыям, а цяпер ідзе будаўніцтва касцёла.

Будаўніцтва касцёла ў Гатаве. Фота catholic.by.

«Галава часта забітая клопатамі пра служэнне, пра парафію – і не заўсёды, націскаючы на педаль, бачыш, на якой хуткасці едзеш. Але калі парушыў, можна забраць аўтамабіль, забараніць ездзіць на нейкі перыяд, але навошта высылаць мяне з Беларусі, якую я так палюбіў?» – цытуе святара catholic.by.

Ксёндз Кшыштаф Пасвята. Фота catholic.by

«Так, я паляк, але святую Імшу я заўсёды цэлебрую па-беларуску. Я служу людзям і не разумею, чаму людзей трэба пазбаўляць душпастыра, які прыехаў сюды, каб служыць», – кажа кс. Кшыштаф.

Андрэй Бабініч, belsat.eu

Стужка навінаў