Арцыбіскуп Габар Пінтэр: «Я абмяркоўваў з Папам ягоны візіт у Беларусь»


Габар Пінтэр.
Фота: be.radiovaticana.va

У каментары Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Габар Пінтэр заўважыў, што адным з галоўных дасягненняў у адносінах Касцёлу і беларускай дзяржавы за апошнюю чвэрць стагоддзя з’яўляецца існаванне рэлігійнай свабоды.

«Канечне, я не хачу ідэалізаваць сітуацыю. Мы не павінны думаць, што ўсё дасканала. Але ў нас ёсць жаданне мець добрыя адносіны. І на самым высокім узроўні паміж Святым Пасадам і беларускай дзяржавай гэта адбываецца. Ёсць добрая воля з абодвух бакоў. Тым не менш, працуючы ўжо больш за год у Менску, я бачу наяўнасць пытанняў, якія яшчэ патрабуюць вырашэння, і мы працуем над гэтым. Жыццё, яно такое: мы заўсёды павінны вырашаць цяжкасці, але важна, што існуе добрая воля з абодвух бакоў і з ёй мы крочым наперад», – сказаў іерарх.

10 лістапада 2017 года арцыбіскуп Пінтэр быў прыняты на аўдыенцыі ў Ватыкане Пантыфікам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся розныя пытанні, у тым ліку магчымы візіт Папы ў Беларусь.

«Магу пацвердзіць, што гаворка ішла таксама і пра гэта. Мы шмат працуем, каб візіт адбыўся. Хачу папрасіць усіх радыёслухачоў маліцца ў гэтай інтэнцыі, бо сітуацыя яшчэ не зусім ідэальная, але мы спадзяемся, што хутка гэты момант наступіць. Усе гэтага жадаюць, мы ўсе гэтага жадаем», – дадаў Пінтэр.

11 лістапада 2017 года адзначаецца 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь.

ЮВ, belsat.eu, паводле be.radiovaticana.va

Стужка навінаў