Аршанскія ўлады ўсталююць шыльду памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў


Сваякі расстраляных у сталінскія часы атрымалі адказ з Аршанскага райвыканкаму на свой зварот. Улады паабяцалі цягам двух месяцаў усталяваць памятную шыльду на камяні ва ўрочышчы Кабылякі.

13 чэрвеня пяцёра сваякоў рэпрэсаваных і мясцовы даследчык гісторыі сталінскага тэрору Юрась Копцік патрапілі на прыём да старшыні Аршанскага райвыканкаму Аляксандра Пазняка. З дакументамі на руках, яны звярнуліся да кіраўніцтва гораду з просьбай вызначыць у Воршы памятнае месца для ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму.

Сваякі рэпрэсаваных каля будынку Аршанскага райвыканкаму

17 ліпеня аршанцы атрымалі адказ ад кіраўніцтва гораду, у якім ім паабяцалі цягам двух месяцаў усталяваць памятную шыльду на камяні ва ўрочышчы Кабылякі пад Воршай.

Ігар Станкевіч, сваяк чатырох расстраляных, лічыць такі адказ добрым крокам насустрач:

«Выканкам адказаў, што Аршанскі занальны і Віцебскі абласны архівы не маюць сведчанняў аб месцах расстрэлаў. Магчыма, так і ёсць. Але сведкаў, якія дакладна памятаюць пра месцы расстрэлаў знайсці можна. Некаторыя жывуць і па сённяшні дзень. Захаваліся і зафіксаваныя пісьмовыя сведчанні, якія ў свой час друкаваў у аршанскай раёнцы журналіст Юрка Копцік. Мы падалі копіі гэтых публікацый. Але, відаць, на іх не звярнулі ўвагі. Таксама мы падалі спіс 40 асобаў, расстраляных у Воршы, і папрасілі выканкам звярнуцца ў архіў КДБ па Віцебскай вобласці, каб атрымаць на іх матэрыялы. На жаль, з ліста не бачна, ці быў скіраваны такі запыт. Што да абяцання аднавіць некалі скрадзеную шыльду – гэта адназначна станоўчы адказ. Крок наперад. Ён дае ўсім нашчадкам расстраляных пэўную надзею. Надзею, што нарэшце з’явіцца месца, хай нават сімвалічнае, куды можна будзе прыйсці і памянуць сваіх бязвінна забітых продкаў».

Каб абмеркаваць тэкст будучай шыльды, Ларыса Арэшына, унучка расстралянага ў Воршы Івана Гіля, запісалася на чарговы прыём да старшыні Аршанскага райвыканкаму Аляксандра Пазняка.

«Вядома ж, улады мы не зменім. Гэта зразумела. Але для таго, што цяпер робіцца – гэта ўжо паўкроку наперад. Адчуваецца рух насустрач ад іх. І 25 ліпеня мяне зноў запісалі на прыём. Пры цяперашніх абставінах, гэта ўжо добра. Такая сітуацыя ў краіне, тыя ж Курапаты таму добры прыклад. Я вельмі рада, што паціху нешта мяняецца», – мяркуе жанчына.

Памятны валун на Кабыляцкай гары

Кабыляцкая гара – адно з месцаў сталінскіх рэпрэсіяў пад Воршай і другое афіцыйна прызнанае ў Беларусі (пасля Курапатаў). Яшчэ ў 1982 годзе падчас будаўніцтва чыгункі ва ўрочышчы былі знойдзены рэшткі 50 расстраляных. На пачатку 90-х мясцовыя ўлады ўсталявалі на месцы расстрэлаў памятны знак у выглядзе вялізнага гранітнага валуна з шыльдай.Памятную шыльду неаднаразова кралі, і цяпер ад яе засталіся толькі сляды на валуне. Адначасова з гэтым мясцовыя чыноўнікі паступова пачалі адмаўляцца ад месца расстрэлаў, у выніку чаго Кабыляцкая гара цяпер мае невыразны статус.
Згодна з ацэнкамі даследчыкаў, тут расстраляныя ад 300 да 5000 чалавек.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары