Аршанскія «Курапаты». Сваякі рэпрэсаваных патрабуюць праўды і памяці


13 чэрвеня сваякі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Воршы схадзілі на прыём да кіраўніцтва гораду. Ёсць спадзяванні, што сітуацыя з ушанаваннем памяці расстраляных у аршанскіх «Курапатах» нарэшце вырашыцца.

Са сваякамі рэпрэсаваных размаўляў старшыня Аршанскага райвыканкаму Аляксандр Пазняк. Рэакцыя чыноўніка прыемна здзівіла.

«Нас было шасцёра: пяць сваякоў расстраляных і Юрась Копцік – даследчык тэмы рэпрэсіяў у горадзе. Як не дзіўна, нас даволі добра сустрэлі, і па размове было бачна, што кіраўніцтва гораду зацікавілася нашай праблемай», – кажа Ігар Станкевіч, сваяк чатырох расстраляны ў сталінскія часы.

На сустрэчы актывісты распавялі пра тое, што хочуць, каб у Воршы зʼявіўся мемарыяльны знак у памяць аб рэпрэсаваных.

Раней з такой жа просьбай сваякі расстраляных звярталіся ў райвыканкам у пісьмовай форме, аднак тады намеснік старшыні Алег Смірноўскі паведаміў, што ва ўладаў няма звестак пра тое, дзе менавіта былі расстраляныя людзі.

«Вядома ж, нас гэта не спыніла. Таму сёння мы прынеслі чыноўнікам свае даведкі і выпіскі з актаў архіваў КДБ, што нашых сваякоў расстралялі менавіта ў Воршы. Усе гэтыя дакументы ў нас ёсць», – кажа Ігар Станкевіч.

У ваколіцах Воршы вядомыя некалькі месцаў сталінскіх расстрэлаў, якія прызналі яшчэ ў савецкія часы.

Мясцовы даследчык рэпрэсіяў у Воршы Юрась Копцік мяркуе, што некаторыя з іх знаходзяцца пад пагрозаю знішчэння.

«Мы не патрабуем ставіць помнікі паўсюль, бо пад Воршай вядома некалькі месцаў, дзе расстрэльвалі людзей у 30-я гады. Але колькасць ахвяраў ідзе на тысячы, і таму проста неабходна гэтыя месцы прызнаць, бо цяпер яны трапляюць пад забудову. Прынамсі, трэба вырашыць пытанне з лясным масівам на Магілёўскай – там запланавалі пабудаваць абʼязную дарогу. Праблема Курапатаў паўтараецца. Але пасля сённяшняй сустрэчы мне здалося, што ўлады гатовыя абмеркаваць гэтыя пытанні».

Ларыса Арэшына – яшчэ адна ўдзельніца візіту да чыноўнікаў – разлічвае на тое, што ўлады сапраўды ўшануюць памяць забітых.

«Я маю на руках два пасведчанні аб смерці свайго дзеда Івана Гіля: у адным гаворыцца, што ён памёр ад запалення ў 1942 годзе, паводле другога – ён быў расстраляны ў Воршы 1-га кастрычніка 1937 года. Мне пашанцавала, што ў свой час я змагла атрымаць афіцыйны адказ з КДБ, бо цяпер з гэтым чамусьці ўзнікаюць праблемы. Аднак крыўдна, што я ўжо доўгі час не магу дабіцца ад уладаў праўды, каб ушанаваць памяць свайго продка. Можа быць, што цяпер сітуацыя неяк зменіцца», – кажа жанчына.

Вынікам сённяшняй сустрэчы актывісты задаволеныя і спадзяюцца праз месяц пачуць станоўчы адказ ад чыноўнікаў. Мясцовыя ўлады ў сваю чаргу паабяцалі, што ў выпадку чаго знойдуць грошы на памятны знак. Але сваякі расстраляных гатовыя і самі яго аплаціць. Галоўнае, каб была палітычная воля кіраўніцтва Воршы.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Стужка навінаў