Арсен Авакаў пра вагнэраўцаў у Беларусі: «Гаворка ідзе пра нейкую аперацыю спецслужбаў»


Міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў паведаміў, што праваахоўныя органы Украіны перададуць беларускім калегам інфармацыю, якая пацвярджае злачынную дзейнасць баевікоў ПВК Вагнэра на тэрыторыі Украіны.

Паводле Авакава, «гэта вельмі небяспечная сітуацыя, калі 33 замежных найміта, якія пралівалі кроў і ажыццяўлялі ўзброеныя правакацыі ў Сірыі, Судане, Лівіі і на ўкраінскім Данбасе, ладзяць сваю базу ў 1,5 км ад рэзідэнцыі прэзідэнта краіны».

«Па інфармацыі нашых крыніцаў, афіцыйна выселіліся з гатэля і нібыта накіроўваючыся ў аэрапорт з мэтай пакінуць у краіну, вагнэраўцы размясціліся на адмысловай базе пад Менскам, недалёка ад рэзідэнцыі прэзідэнта Лукашэнкі. То бок, відавочна, гаворка ідзе пра нейкую аперацыі спецслужбаў, відавочна, Расейскай Федэрацыі», – цытуе Авакава прэс-служба МУС Украіны.

Міністр расцэньвае інфармацыю аб затрыманні вагнэраўцаў як небяспечны прэцэдэнт, які сведчыць пра намер замежнага ўмяшання ў справы незалежнай Беларусі.

«Звяртаюся да сяброўскага беларускага народу з заклікам з усёй сур’ёзнасцю паставіцца да гэтай правакацыі. Мы, украінцы, атрымалі занадта шмат гора і ахвяраў ад дзеянняў расейскіх правакатараў і тэрарыстаў, у тым ліку – наймітаў ПВК Вагнэра ва Украіне ў 2014 годзе…. Найміты забівалі, катавалі і калечылі абаронцаў Украіны, у тым ліку, пад Данецкам, у Славянску і Горлаўцы», – падкрэсліў Авакаў.

Hавiны
Пуцін склікаў Саўбез: Крэмль спадзяецца на вызваленне баевікоў ПВК Вагнэра у Беларусі
2020.07.31 15:50

Ён таксама адзначыў, што Нацыянальная паліцыя Украіна цяпер расследуе цэлы шэраг крымінальных справаў па ўказаных злачынстваў з удзелам, у тым ліку, затрыманых на тэрыторыі Беларусі наймітаў. Паводле міністра, Украіна зацікаўлена ў экстрадыцыі шэрагу затрыманых у Беларусі наймітаў.

«Нестабільнасць і справакаваная напружанасць у Беларусі намі расцэньваецца як сітуацыя, якая пагражае Украіне ў тым ліку. У нас таксама ўсё пачыналася з «зялёных чалавечкаў» і «іхтамнетаў», а потым прыйшлі атрады Гіркіна, Безлера і іншых, хто развязаў ва Украіне гібрыдную вайну, якая забрала дзясяткі тысяч жыццяў, што працягваецца больш за шэсць гадоў. Мы за незалежную, паспяховую Беларусь!» – падкрэсліў Авакаў.

Hавiны
Навошта вагнэраўцы прыехалі ў Беларусь? Асноўныя версіі гучнай справы
2020.07.30 14:19

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў