Армянскі палітолаг: На жаль, у нас ёсць тое, чаго няма ў Беларусі


Расея маніпулявала ў Арменіі некалькімі рычагамі, але рэвалюцыя ўдарыла па іх. Аднак застаўся галоўны. Як Ніколу Пашыньяну дзеяць у клубе дыктатараў, і як выглядае перспектыва беларуска-армянскіх дачыненняў. Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з Рубэнам Мэграб’янам – экспертам Армянскага інстытуту міжнародных адносінаў і бяспекі.

Больш за ўсё беларусаў цікавіць, што рэальна змянілася пасля рэвалюцыі. Якія самыя канкрэтныя змены вы можаце назваць?

Самыя вялікія змены – гэта, вядома, выкараненне карупцыі вярхоў, вызваленне бізнесу ад карупцыйных абавязкаў на найвышэйшым узроўні. Але пакуль казаць пра тое, што ёсць сістэмныя змены, часу не хапіла, таму што прайшло толькі пяць месяцаў. Але ва ўладзе ёсць палітычная воля, ёсць сацыяльная замова з боку грамадства, каб так было. Карупцыя зрабілася непрымальнаю ў грамадскай свядомасці.

Ці можна прымяніць досвед армянскай рэвалюцыі ў дачыненні Беларусі ў прынцыпе?

Кожная краіна – асобны выпадак. Досвед армянскай рэвалюцыі карысны для вывучэння, як і досвед кожнай іншай рэвалюцыі.

Але беларускі выпадак мае патрэбу ў тым, каб сфармаваць уласны досвед. І ці будзе гэта рэвалюцыя або не рэвалюцыя, вядома, будзе вырашаць народ Беларусі, калі палічыць неабходным.

Таму казаць пра наўпроставыя паралелі было б некарэктна з паліталагічнага пункту гледжання.

Якія адносіны могуць быць у Пашыньяна, дэмакратычнага народнага лідара, з Пуціным і Лукашэнкам? І як гэтыя асабістыя адносіны паўплываюць на развіццё беларуска-армянскіх і расейска-армянскіх адносінаў?

Вядома, у гэтым масіве аўтарытарызму, які з сябе ўяўляе ўся постсавецкая прастора, армянскі лідар сам па сабе ёсць нейкім выключэннем з правілаў. Сапраўды, гэта стварае цяжкасці. Сведчанне таму – тры сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, якія ўжо адбыліся, і шмат пытанняў з расейскага боку, што ж будзе. І шматразовых тлумачэнняў аднаго і таго ж у адной і той жа форме, як паказвае жыццё, недастаткова. Таму я думаю, што гэтыя сустрэчы з гэткай інтэнсіўнасцю будуць працягвацца. Гэта як конь і трапяткая лань. Гэта спроба сумясціць несумяшчальнае, таму што лідар лідарам, незалежна ад палітычнага паходжання, але дзяржаўная палітыка грунтуецца на межах магчымага. Таму трэба зыходзіць з рэаліяў.

Наколькі моцны цяпер уплыў Расеі на армянскую замежную палітыку, унутраную палітыку? Акурат пасля рэвалюцыі вы бачыце, што ён узмацняецца, памяншаецца, што з ім адбываецца?

У прынцыпе, гэтая рэвалюцыя нанесла адчувальны ўдар па тых рычагах, якімі Расея маніпулявала дагэтуль. Гэта, вядома, карупцыя, крымінал, дзейнасць па-над законам з боку расейскіх манаполіяў. І бачым, што справа ідзе да таго, што гэтаму прыходзіць канец. Але з іншага боку ўлічваючы тое, што прынята называць геапалітыкай, лідары армянскай рэвалюцыі абвесцілі, што геапалітычны разварот на парадку дня армянскай рэвалюцыі не стаіць. Таму ўсё, што робіцца, робіцца згодна выключна з унутраным парадкам дня.

Хоць мы бачым, што гэтыя размовы пакуль застаюцца несуцяшальнымі для Масквы. І Масква імкнецца не страціць свой уплыў у Арменіі. Але гэта вельмі дынамічны працэс. Каб гаварыць пра яго вынікі, спатрэбіцца час.

Якія рычагі Масква можа выкарыстаць, каб гэтага ўплыву не страціць і не згубіць кантролю над сітуацыяй?

На жаль, у нас ёсць тое, чаго няма ў Беларусі. Гэта Карабахскі канфлікт, канфлікт з суседзямі. Прычым канфлікт, у полымя якога заўсёды залівала Расея. І гэта вельмі сурʼёзны рычаг. Скажам так, гэта цвік, на якім вісяць і Арменія, і Азербайджан. Натуральна, Расея будзе гэты свой цвік умацоўваць і гнуць яго ў патрэбны бок.

А якія перспектывы супрацы Арменіі з Беларуссю? І ў межах еўразійскай інтэграцыі, і двухбаковай?

Што такое ЕАЭС? Гэта звяз, дзе няма ні Еўропы, ні Азіі, ні эканомікі, ні саюзу, як казаў адзін вядомы палітолаг, мой блізкі сябар. Гэта, скажам так, клуб дыктатараў, які імкнецца ўтрымаць свае ўнутраныя пазіцыі, ужываючы такі пратэкцыянісцкі шлях. Што ёсць рэгрэсіўным.

Гэта шлях адгароджвання ад самых перспектыўных рынкаў, шлях застою, шлях, які вядзе да таго, што гэтыя субʼекты так званага саюзу варацца ва ўласным соку.

Адсутнічае тэхналагічнае развіццё, і гэта развіццё другой, трэцяй, пятай рукі. Я думаю, што ёсць вялікія перспектывы двухбаковай супрацы. А другое – гэта фармат Усходняга партнёрства, бо Беларусь – геаграфічны цэнтр Еўропы. У плане грамадства гэта сапраўды еўрапейская краіна, якая мае еўрапейскіх суседзяў. Латвія, Літва, Польшча, Украіна, якая ёсць лідарам і лакаматывам гэтага Усходняга партнёрства. Улічваючы такія гістарычна непазбежныя перспектывы Беларусі. Вядома, для двухбаковых адносінаў у нас ёсць такі вельмі трывалы падмурак. Але, я думаю, праз абʼектыўныя і субʼектыўныя прычыны гэты патэнцыял збольшага застаецца пакуль нерэалізаваным.

Арменія славіцца сваёй дыяспарай, рукі якой, здаецца, могуць дацягнуцца да любой кропкі свету. Як гэтая дыяспара ўплывае на палітычную сітуацыю ў самой Арменіі? Якое яе стаўленне да таго, што цяпер адбываецца ў краіне?

Наконт армянскай дыяспары ёсць шмат праўды, але і шмат міфаў. Гэта міф пра ўсёмагутнасць армянскай дыяспары і яшчэ пра тое, што армянская дыяспара – гэта адзінае цэлае. Гэта не так. Армянская дыяспара дысперсная і вельмі разнастайная. Таму што армянская абшчына ў Іране – гэта адно, а армянская абшчына ў Еўропе або ЗША – гэта зусім іншае. Нават у ЗША ёсць два пласты дыяспары: традыцыйная дыяспара, новая дыяспара – дыяспара, напрыклад, бакінскіх армянаў, якія дрэнна валодаюць армянскаю моваю. Яны ў гэтыя традыцыйныя дыяспары мала інтэграваныя.

Тым не менш, яны пачуваюцца армянамі і чапляюцца за сваю ідэнтычнасць. Там па-рознаму ўсё. Але іх, вядома, абʼядноўвае армянская ідэнтычнасць. Па-другое, іх абʼядноўвае любоў да Арменіі. Сентыментальная, вельмі эмацыйная, шмат у чым міфалагізаваная. І вядома тое, што ў сваёй пераважнай большасці, можна сказаць, дыяспара вітала гэтую рэвалюцыю. Таму што ўбачыла ў ёй шанец абнаўлення Арменіі, шанец узмацнення Арменіі.

Свабода ўсё ж такі прыцягвае людзей. Незалежна ад таго, дзе жыве армянін – у Бэйруце, Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе або Гон-Конгу. Незалежна ад гэтага працэсы пад лозунгамі свабоды, годнасці, барацьбы з карупцыяй і крыміналам, прычым гэтыя звесткі да дыяспары даходзілі і расчароўвалі яе. Гэта стала імпульсам да новага абуджэння любові і цікавасці да радзімы. Шмат хто прыязджае паглядзець, што і як. І, вядома, я надаю вельмі вялікае значэнне таму, што новы ўрад абвесціў ідэю рэпатрыяцыі стратэгічным прыярытэтам. Што праўда, у гэтым кірунку пакуль мала што паспелі зрабіць, але, я думаю, з часам мы ўбачым пэўныя практычныя зрухі ў гэтым кірунку.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзі таксама
Каментары