Армянскае рэха ў Беларусі

ВІДЭА

Эксперты распавялі, навошта Лукашэнка мог тэлефанаваць у Арменію.

Армянскія падзеі рэхам адбіліся ў Беларусі. А дакладней у традыцыйным пасланні Аляксандра Лукашэнкі народу і Нацыянальнаму сходу.

«Я абяцаў і ніколі не парушу сваю прысягу, чаго б мне гэтага не каштавала. Бо будзе, як у Арменіі», – заявіў Лукашэнка на наступны дзень пасля навіны аб адстаўцы армянскага прэм’ера Сэржа Саргсьяна.

Падчас самага кароткага ў гісторыі паслання Лукашэнка ўзагадаў пра Арменію тры разы, падзеі ў Ерэване бясспрэчна сталі лейтматывам выступу. Шмат хто чакаў, што менавіта падчас яго кіраўнік Беларусі абвесціць пра рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю краіны.

На меркаванне Аляксандра Фядуты (у 1994-м – аднаго з кіраўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта), існуе некалькі сцэнароў для змены мадэлі кіравання ў Беларусі. Адзін з іх – менавіта армянскі.

«Ён быў вельмі няўпэўнены, што гэта мае сэнс. І зараз ён убачыў, што сэнсу гэта не мае. І ён пра гэта сказаў. Я б не назваў гэта страхам. Пакуль яму баяцца няма чаго», – кажа Аляксандр Фядута.

Абвяшчэння рэферэндуму чакалі і эксперты ў Маскве. Але тут мяркуюць, што Лукашэнка не змяніў сваіх планаў і змены – гэта толькі пытанне часу.

«Канешне, сітуацыя ў Арменіі яго спалохала, але гэта не значыць, што ён адкладзе змены ў канфігурацыі ўлады ў рэспубліцы ў межах сваёй дынастыі. Наадварот, ён будзе спяшацца зрабіць гэта на час, калі ўвага Расеі будзе адцягнутая. Таму што, натуральна, калі ўзнікнуць такія змены ў Канстытуцыі, можна зусім забыць пра варыянты інтэграцыі з Расеяй. Таму што немагчыма інтэгравацца з манархіяй», – заяўляе палітычны аглядальнік Андрэй Суздальцаў.

Падчас паслання Лукашэнка заявіў, што гатовы перайсці ад прэзідэнта да іншых галінаў улады. Але гэта наўрад ці будзе манархія, мяркуе Ігар Тышкевіч, беларускі аналітык з Украінскага інстытуту будучыні.

«Па тым, як ён зараз сябе паводзіць, відавочна, што апошнія 2-3 гады ён спрабуе змяніць сваю ролю – з цара, які кантралюе ўсё, на арбітра. Гэта значыць, чалавек, які кантралюе толькі некаторыя працэсы і вырашае асноўныя спрэчкі», – лічыць Тышкевіч.

Пакуль жа замест развязання праблемаў, Лукашэнка падліў алею ў без таго складаныя адносіны з Расеяй. Падчас паслання ён абвінаваціў Маскву ў развязанні гандлёвых войнаў. І паставіў пад сумнеў інтэграцыю ў межах Еўразійскага эканамічнага саюзу.

«Такія выпады ўсялякага роду яны, канешне, будуць працягвацца. Расея наўрад ці будзе на гэта рэагаваць. Па-першае, яна трымае такую грэблівую пазіцыю. Звярніце ўвагу, што ўва ўсіх афіцыйных дакументах, якія скіраваныя да народу, гаворыцца пра тое, што ў Расеі хаўруснікаў няма. То бок гэта акурат выпад у бок Лукашэнкі і ў пэўнай ступені Казахстану, што хаўруснікаў няма. То бок гэта той статус, які яны цяпер заслужылі», – працягвае Андрэй Суздальцаў.

Тым не менш, мала хто сумняецца, што ЕАЭС мае вялікае значэнне для расейскага прэзідэнта. У саюз уваходзіць не толькі Беларусь і Казахстан. Але і Арменія.

Яшчэ адно істотнае аб’яднанне – Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы. І пра дапамогу ў межах гэтага хаўрусу магло весціся падчас тэлефоннай размовы паміж Лукашэнкам і прэзідэнтам Арменіі Армэнам Саркісянам у сераду.

«У 19-м стагоддзі быў «свяшчэнны саюз», ініцыяваны Мітэрніхам і Аляксандрам І». Ну вось гэта такі «свяшчэнны саюз» – давіць усе майданы, дзе яны будуць адбывацца. Ён патэлефанаваў, спытаўся ці нешта трэба? Хутчэй за ўсё пачуў, што не, разбіраемся самі. Ну і выдатна», – дадае Аляксандр Фядута.

Паводле прэсавай службы Лукашэнкі, афіцыйны Менск накіруе ў Арменію групу журналістаў для, «аб’ектыўнага асвятлення падзеяў». Бо калі змена ўлады ў гэтай краіне сапраўды адбудзецца і адбудзецца мірна, гэта забярэ ў Лукашэнкі адзін з асноўных аргументаў супраць вулічных пратэстаў – застрашванне Майданам.

Хоць пра вынік армянскіх хваляванняў казаць пакуль рана.

«Я пакуль што не ведаю ніводнай дзяржавы ў расейскай арбіце, якая змяняла палітычны вектар, рабілася дэмакратычнай дзяржавай. Ніводнай дэмакратычнай дзяржавы ў расейскай арбіце няма. Або арыентацыя на Расею, або дэмакратыя. Сыходзячы з гэтага, я прашу прабачэння, я не бачу падставаў для змены армянскай палітыкі», – заяўляе Ігар Тышкевіч.

Ці выйдзе Арменія па-за гэтую схему – пакажуць найбліжэйшыя месяцы. Як і тое, ці будзе ў Беларусі рэферэндум. З паслання Лукашэнкі вынікае, што самае галоўнае для яго цяпер – гэта стабільнасць. І нестабільная сітуацыя ў адной з краінаў АДКБ, імаверна, усё ж змусіла яго ў апошні момант змяніць тэкст свайго паслання.

Матэрыял Вольгі Жарнасек выйшаў у эфір 27 красавіка ў праграме «ПраСвет»

Таксама ў праграме:

  • Армянскі сцэнар – страшны для Лукашэнкі і Пуціна;
  • Што чакае новую Арменію? Інтэрв’ю з палітычным аглядальнікам Барысам Навасардзянам;
  • Лукашэнка не робіць рэферэндум. Ці вырашыла армянская рэвалюцыя?
  • Беларускія ўлады не ведаюць як разумець падзеі ў Ерэване. Інтэрв’ю з Уладам Вялічкам, генеральным дырэктарам міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь»;
  • Беларуская АЭС у Астраўцы. Чаму непатрэбная і што з гэтым рабіць?

Фота – Глеб Гараніч/Reuters/Forum

Глядзі таксама
Каментары