Армія Венесуэлы заявіла, што падтрымлівае Мадуру


У афіцыйнай заяве Мінабароны Венесуэлы дзеянні апазіцыі названыя злачыннымі, яны пагражаюць свабодзе і суверэнітэту нацыі. Ваенныя запэўнілі, што падтрымліваюць Мадура і не падпарадкуюцца замежнікам, стварэнне паралельнага цэнтру ўлады вядзе да хаосу і анархіі ў грамадстве, гаворыцца ў афіцыйнай заяве Мінабароны Венесуэлы.

Аўтары заявы адзначаюць, што падобны сцэнар выкарыстоўваўся супернікамі рэжыму ў 2002 годзе (тады вайскоўцы далучыліся да апазіцыі і нават арыштавалі прэзідэнта краіны Уга Чавэса, аднак ужо праз два дні путч быў падаўлены), а за спіной апазіцыянераў стаяць улады ЗША. У заяве падкрэсліваецца, што ўлады шэрагу краін вядуць супраць Венесуэлы «беспрэцэдэнтную гібрыдную вайну», спрабуючы апраўдаць адкрытае ваеннае ўмяшанне.

«Мы прызнаем у якасці законнага прэзідэнта Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла і нашага галоўнакамандуючага, Нікаляса Мадура, які быў абраны пераважнай большасцю галасоў падчас свабодных усеагульных прамых і таемных выбарах, што прайшлі 20 траўня 2018 года», – адзначаецца ў заяве Мінабароны.

У ведамстве запэўнілі, што ўзброеныя сілы краіны захоўваюць вернасць традыцыям Сымона Балівара і ніколі не падтрымаюць самаабвешчанага, а не абранага народам Венесуэлы кіраўніка дзяржавы і не падпарадкуюцца дыктату замежнікаў.

«Мы не прымаем акты беззаконня, што выконваюцца замежнымі ўрадамі. Мы гарантуем грамадзянам мір і не дапусцім актаў вандалізму або тэрарызму з боку груп, якія прапагандуюць гвалт як перакручаны спосаб дасягнення сваіх мэтаў», – падкрэсліваецца ў дакуменце.

23 студзеня старшыня Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы і лідар апазіцыі Хуан Гуаідо абвясціў сябе выконваючым абавязкі кіраўніка дзяржавы і паабяцаў зрабіць усё магчымае для ліквідацыі ўзурпатара, якім ён назваў Нікаляса Мадура. Пасля гэтага ўлады ЗША, Канады, Грузіі, шэрагу краін Паўднёвай Амерыкі прызналі Гуаідо часовым прэзідэнтам Венесуэлы.

Сам Мадура 24 студзеня заявіў, што ўлады Венесуэлы не дапусцяць, каб якая-небудзь «імперыя» навязвала ім сваю волю.

«У Венесуэле пераможа воля народа. Мы пераможам!», – напісаў Мадура на сваёй старонцы ў сетцы Twitter.

СК, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў